Еўрапейкі, азіяткі і мулаткі-шакаладкі

Источник материала:  
Любоў Чарняўская збірае лялек Барбі. Зараз у яе калекцыі іх каля пяцідзесяці. Усе яны зроблены той самай амерыканскай фірмай, якая ў 1959 годзе першай пачала выпускаць лялек з такой назвай. Каб на свае вочы ўбачыць, як выглядае мара тысяч дзяўчынак, карэспандэнт «Р» завітала ў госці да калекцыянера.

Еўрапейкі, азіяткі і мулаткі-шакаладкі

На здымку: у калекцыі Любові Чарняўскай каля 50 лялек Барбі.

Дзесяць на адну


Мы праходзім у пакой, і сэрца раптам замірае: злева ад акна на трох паліцах стаяць лялькі. Углядаюся ў іх твары і быццам сама пераношуся ў дзяцінства — гадоў на 15 назад.
— У 90-я ўсе дзяўчынкі марылі пра Барбі. Вось толькі замест іх на рынку сустракаліся няякасныя падробкі. Напрыклад, у першай прыгажуні, падараванай мне бацькамі, адна рука была на тон цямнейшая за другую.
Прыблізна два гады таму Люба вырашыла праверыць: а ці можна зараз знайсці ў продажы Барбі 90-х. І адшукала.
— Праз Інтэрнэт купіла ў мінчанкі «Русалку». Дарэчы, аказалася, што гэта першая лялька з такой серыі ў гісторыі фірмы, — працягвае суразмоўца, паказваючы экспанат. — На жаль, арыгінальнага касцюма ў яе не было. Знайшла яго толькі праз два гады на амерыканскім аўкцыёне, а потым яшчэ два месяцы чакала пасылку.
Раптам сярод калекцыі заўважаю Барбі «Secret Hearts» — тую самую прыгажуню, якая некалі ўсміхалася з вокладкі альбома «Барбі». У свой час мы аддавалі ўсе кішэнныя грошы, каб хутчэй запоўніць яго наклейкамі.
— Некалі адна расійская фір¬ма разыгрывала такіх лялек, — успамінае гаспадыня. — Каб атрымаць Барбі, трэба было даслаць на пазначаны адрас ражкі ад упаковак з наклейкамі. І вы ўяўляеце, дзяўчынкі з майго двара выйгралі. За пасылкай на пошту хадзілі ўдзесяцярых. Цікава, што на вуліцу сяброўкі свой прыз не выносілі. Таму, калі мы забягалі да іх дадому, прасілі хоць хвіліначку патрымаць у руках сапраўдную Барбі.
Увагу прыцягваюць яшчэ дзве прыгажуні ў шыкоўных сукенках.
— Гэта «халідэйкі» — лялькі, якія вытворца пачынаючы з 1988 года і да гэтага часу выпускае раз у год перад Ражджаством і Новым годам. У мяне маюцца варыянты 1989-га і 1990 года, — кажа Люба. — Цікава, што ёсць людзі, якія збіраюць толькі «халідэек».
— І сярод вашых знаёмых? — пытаю.
— Не, толькі аднойчы на форуме сустрэла мужчыну з Расіі, які калекцыяніраваў «лялек свету» — гэта, напрыклад, Барбі ў выглядзе прынцэсы Індыі або расіянкі ў нацыянальным касцюме.
— Мужчына? — дзіўлюся.
— Такія цацкі збіраюць розныя людзі, і прадстаўнікоў моцнага полу сярод іх нямала. Большасць, канешне, дзяўчаты, але сустракаюцца і сталыя жанчыны, напрыклад тыя, каму за 50. У многіх калекцыях па 100—150 экспанатаў. Ёсць у мяне сяброўка, у кватэры якой лялькамі застаўлены цэлы пакой. Дарэчы, яна не калекцыянер, а проста купляе іх для маленькай дачкі.
Раптам бачу Кіру і Хрысці — азіяцкую і афра-амерыканскую сябровак Барбі.
— Першую з іх купіла праз паўгода пасля таго, як пачала збіраць лялек. Але чамусьці яна мне прыйшлася недаспадобы, і я яе збыла. А мінуў час, і зразумела: без яе калекцыя няпоўная. Пачала зноў шукаць. «Сустрэліся» мы выпадкова: прыйшла купляць чарговую ляльку, і прадавец прапанавала пагля¬дзець яе калекцыю. Усё ж тваё цябе знойдзе. А была Барбі, з якой мы не «ўжыліся». Пакуль яна стаяла ў кватэры, я адчувала сябе няўтульна.

Каму лялькі, каму запальнічкі

На верхняй паліцы заўважаю прыгажунь, падобных да рэальных дзяўчат.
— Гэта мадэлькі. Яны не рухаюцца і, у адрозненне ад Барбі, знешне вельмі падобныя да манекеншчыц, — тлумачыць суразмоўца. — А вось прататыпы зорак. У мяне ёсць Урсула Андрэс у вобразе дзяўчыны Бонда, Пенелопа Крус у ролі Анжалікі з «Піратаў Карыбскага мора. На дзіўных берагах». І яшчэ дзве Шакіры. Дарэчы, «клонаў» у гэтай зоркі цэлых восем відаў.
— А ёсць лялька, падобная да вас?
— Думаю, адказваць на гэтае пытанне не вельмі сціпла, — усміхаецца Люба. — Скажу толькі, што, калі ў доме з’явілася мадэлька з доўгімі чорнымі валасамі, мой сын Ванюша, убачыўшы яе, выдаў: «Лялька-мама».
— А як людзі рэагуюць на вашу калекцыю?
— Муж мяне падтрымаў, ды ён і сам збірае запальнічкі. Асабліва яму падабаюцца Барбі
90-х, бо для яго яны, як і для мяне, гісторыя. Некаторыя, калі прыходзяць у госці, пачынаюць фатаграфаваць лялек. Многія пытаюць: «А што ты з імі робіш?»
— А і сапраўды — што?
— Неяк гадоў у пяць, калі мы з бацькамі позна вярталіся з гасцей, у акне падвала я заўважыла, што на мяне глядзіць лялька. Не паверыце, але я пераканала тату ўзяць ліхтарык і дастаць яе. Яна была вельмі брудная і растрапаная, але ўжо праз некалькі гадзін ззяла як новая. Напэўна, з гэтага часу я і зразумела, што вельмі люблю такія цацкі. Да таго ж у жыцці я даволі сур’ёзны чалавек, з сур’¬ёзнай працай юрыста, таму часам, калі пасля работы стамлюся, пяць-сем хвілін пагляджу на лялек, і зноў аднекуль з’яўляюцца сілы. Хаця многія звязваюць захапленне лялькамі з адзінотай, гэта не мой выпадак. Я шчаслівая жонка і маці. Лялькі для мяне — цікавае хобі і настальгія па дзяцінстве. Мая калекцыя даказвае: мары здзяйсняюцца, і няважна, праз колькі гадоў.

Кацярына ПАНЦЯЛЕЕВА, «Р»

Фота аўтара
←Сапраўдная зіма не спяшаецца ў Беларусь: да Новага года яе не будзе

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика