Гасцінец пад ёлкай

Источник материала:  
Самастойна сабраны салодкі навагодні падарунак будзе больш танны, але, хутчэй за ўсё, не такі прыгожы

Невялічкі куфэрак з ласунками да Новага года — ужо звычайная для кожнага дзіцяці і дарослага справа. Знаёмы яшчэ з дзiцячых ранішнікаў, ён і сёння застаецца не толькі добрым дадаткам да падарунка, але і сам нярэдка служыць ім. Карэспандэнт «Р» вырашыў даведацца, ці не танней сабраць цукеркі самому замест пакупкі гатовага падарунка.

Гасцінец пад ёлкай


У беларускіх крамах і гіпермаркетах напярэдадні Каляд і Новага года шукаць салодкія гасцінцы нават не трэба. Часам здаецца, што большая частка вольнай плошчы гандлёвых аб’ектаў занята менавіта імі. Тым лепш для спажыўца: добра, калі ёсць з чаго выбраць і з чым параўнаць.

Можна сказаць, што сёлета кандытарскія фабрыкі Беларусі добра пастараліся: яны прапануюць пакупнікам больш за 40 варыянтаў салодкіх падарункаў. Фармат — не толькі звычайная скрыначка з кардону, але таксама металічныя куфэркі, мяккія цацкі і нават кнігі з малюнкамі ў фармаце 3D.

Зацятыя ласухі, вядома, аддадуць перавагу 2,5-кілаграмовым падарункам, ну а самым малым, бадай, добра пасуюць 400-грамовыя скрынкі.

Адрозніваюцца разнастайнасцю і самі наборы цукерак. Незалежна ад вагі святочнага гас-цінца вытворца стара¬ецца забяспечыць пакупнікоў належным асартыментам. У кожным куфэрку спажывец знойдзе і шакаладныя цукеркі, і шакаладныя пліткі, і ледзянцы, і батончыкі з вафлямі, і шмат што іншае.
Але не на карысць вытворцам ідзе тэндэнцыя, якая добра назіраецца ў перыяд падрыхтоўкі да ранішнікаў у дзіцячых садках і школах. Нярэдка эканомныя бацькі аддаюць перавагу самастойнаму фарміраванню навагодніх падарункаў. Тым больш што ўсё неабходнае можна набыць на вагу ў фірменных крамах тых самых кандытарскіх фабрык. Кажуць, нібыта так атрымліваецца танней.

Каб праверыць гэтае сцвярджэнне, былі абраны два падарункі вытворчасці адной з беларускіх кандытарскіх фабрык вагой 1 і 2 кіла¬грамы. Трэба аддаць належнае вытворцу: усе пералічаныя ў складзе цукеркі, шакаладкі і астатанія ласункі сапраўды можна без праблем набыць у фірменнай краме на вагу. Але фабрыка ніякім чынам не перашкаджае спажыўцам набыць менавіта гатовыя падарункі.

Зрэшты, разлік кошту ласункаў, прадстаўленых у кожным падарунку, паказаў: аналагічны набор цукерак, шакаладак і вафляў можна набыць на вагу ў два разы танней. Кошт 2-кілаграмовага падарунка складае каля 240 тысяч, а 1-кілаграмовага — 130 тысяч рублёў. Сабраны ж самастойна падарунак аблегчыць кашалёк пакупніка только на 120 і 60 тысяч рублёў адпаведна.

Перавага створаных уласнымі рукамі салодкіх падарункаў яшчэ і ў тым, што спажывец не абмежаваны ў выбары: камусьці больш падабаюцца шакаладныя цукеркі, камусьці — ле-дзянцы, а нехта ўвогуле не хоча частавацца вафлямі ці горкім шакаладам.

Што праўда, разам з набыццём цукерак на вагу страчваецца магчымасць набыць прыгожую скрыначку. Як відаць з разлікаў, упакоўка ў кошце падарунка займае не апошняе месца. Асабліва, калі гаворка ідзе не пра кардон, а пра металічную скрынку, а таксама пашытую на спецыяльным прадпрыемстве мяккую цацку ці малюнак у фармаце 3D. Безумоўна, бацькі пры наяўнасці творчых здольнасцей могуць самастойна і скрынку зрабіць, і цацку пашыць. Але і ў гэтым выпадку зэканоміць наўрад ці можна: патрабуюцца дадатковыя выдаткі на матэрыял і значны час, які напярэдадні свят так хочацца дарыць блізкім, асабліва дзецям.

Можа, самастойна сабраны салодкі падарунак і больш танны, але куды больш каштоўныя тыя хвіліны, якія дазваляе падарыць родным пакупка гатовых гасцінцаў. Бо хто адкажа, якіх грошай каштуе час сярод любімых. Ці не так?

Арцём КІР’ЯНАЎ, «Р»

←Защита детей от травматизма обходится недешево

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика