На Новы год “Белсат” пакажа іншапланетнае ўварванне
Пад Мінскам адбыліся здымкі навагодняга фільма-канцэрта для тэлеканала “Белсат”. Наперадзе мантаж святочнага шоў. Naviny.by паназіралі за здымкамі альтэрнатыўнага “блакітнага агеньчыка”.
Пастаноўка называецца “Бывай, Зямля!” (“Снежны завулак 14”). Аўтарам сцэнарыя, як і папярэдніх “Снежных завулкаў” з іншай каляндарнай нумарацыяй, выступіў музыка Лявон Вольскі. Прапісаў ён ролю і самому сабе, але сціпла, усяго толькі эпізадычную — музыкі ў дуэце з Паўлам Аракелянам.
Галоўныя дзейныя асобы фільма-канцэрта — вядомыя ў Беларусі артысты: Ганна Хітрык выконвае ролю спартоўкі, Павел Харланчук — дэтэктыва, Наста Шпакоўская — варажбіткі-медыума, у іншых ролях — Уладзімір Пятровіч (прадпрымальнік), Кацярына Аверкава (утрымальніца вар’етэ і казіно), Раман Падаляка (замежнік), Алена Крыванос (прыслуга).
Жанр у навагодняга шоў на “Белсаце” — асарці ад камедыі да містыкі-фантастыкі. Сюжэт? Іншапланетнае ўварванне, скрадзены адзін вялікі начальнік…
Цалкам сюжэта ні сцэнарыст Лявон Вольскі, ні рэжысёр Мацей Сабураў не раскрываюць. Не даў выніку і допыт акцёраў. Адно Ганна Хітрык сказала, што “Лявон як напіша, як напіша!..”.
Фільм-канцэрт “Бывай, Зямля!” (“Снежны завулак 14”) будзе паказаны святочным вечарам 31 снежня ў эфіры “Белсату” паралельна з online-трансляцыяй на сайце канала belsat.eu, а затым выкладзены на ім.
Фота Настассі Смірновай і Вольгі Кляшчук