Высокае неба

Источник материала:  

Музей першага Героя Беларусі Уладзіміра Карвата ў Брэсце адзначае першую гадавіну са дня адкрыцця

Экскурсіі праводзяцца тут амаль штодзень. Асоба першага Героя Беларусі вабіць сюды не толькі вучняў з самой брэсцкай СШ № 8, якую скончыў Уладзімір Карват, але і іншых неабыякавых да лёсу славутага лётчыка. Аб тым, як стваралася экспазіцыя і што змянілася ў ёй за апошні год, карэспандэнту «Р» расказалі дызайнер Ігар ЦАРУК і кіраўнік школьнага музея Алена КІТЛЕНКА.

Паводле слоў Ігара, работа над канцэпцыяй музея пачалася яшчэ ў 2011 годзе. Каб увасобіць яе ў жыццё, спатрэбіўся прыкладна год. Адкрыццё адбылося 28 лістапада 2012 года — у дзень нараджэння Уладзіміра Карвата.

— Распрацоўкай будучай экспазіцыі мы займаліся ўдвух з маім аднагрупнікам Дзянісам Шпінком. Адразу хачу адзначыць, што работа над інтэр’ерам была вельмі карпатлівай. Ды й увогуле гэта быў першы наш праект, які мы самастойна стварылі і змаглі рэалізаваць праз гарадскі бюджэт, — гаворыць Ігар. — Перад намі стаяла задача перарабіць стары музей баявой славы на музей памяці Уладзіміра Карвата. Прычым не толькі абнавіць унутраныя памяшканні, але і прадумаць знешні выгляд будучага помніка перад уваходам у школу.

На жаль, ідэю са стварэннем манумента рэалізаваць не атрымалася, а вось інтэр’ер выйшаў дакладна такім, якім задумалі яго дызайнеры: з архіўнымі здымкамі першага Героя Беларусі на столі, макетам месца подзвігу і Зоркай Героя ў цэнтры экспазіцыі.

— Перад праектаваннем мы доўга кансультаваліся з дырэктарам абласнога краязнаўчага музея, — расказвае Ігар. — І дзякуючы ёй экспазіцыя, хочацца верыць, атрымалася вельмі складнай і цікавай.

Але галоўнай крыніцай натхнення, прызнаецца дызайнер, сталі дзве зусім іншыя рэчы. Па-першае, асабістыя сустрэчы з маці Уладзіміра Карвата Агрыпінай Дзмітрыеўнай. А па-другое, самі экспанаты, якія яна, жонка лётчыка Ніна Кірылаўна і сама школа перадалі музею. Цяпер у спецыяльных вітрынах можна ўбачыць дакументы і кнігі героя, яго гадзіннік, лётныя шлемы і форму. Ніна Кірылаўна аддала ў школьны музей і шынель Уладзіміра Карвата.

— Гледзячы на рэчы лётчыка, слухаючы расказы яго маці, мы ўсё больш глыбока пранікалі ў біяграфію героя. Дарэчы, партрэт Агрыпіны Дзмітрыеўны з’явіўся пасля адной з такіх сустрэч. Тады мы зрабілі яе здымак, і пазней з яго мастак напісаў карціну, — успамінае Ігар.

Гэты партрэт амаль у чалавечы рост займае адно з галоўных месцаў у экспазіцыі музея. Алена Кітленка расказвае, што менавіта тут на вачах экскурсантаў нярэдка з’яўляюцца слёзы…

— Паглядзіце, якім болем прасякнуты твар Агрыпіны Дзмітрыеўны, — гаворыць яна. — Ля партрэта маці Героя Беларусі разумееш, чаму ў крытычнай сітуацыі ён не змог паступіць інакш. Таму што ён праяўляў пяшчоту і любоў не толькі да роднай мамы. Уладзімір праяўляў такія пачуцці і да іншых людзей.

Заднік вітрыны з партрэтам Агрыпіны Дзмітрыеўны аформлены радкамі з віншавальнай паштоўкі. Яе Уладзімір Карват даслаў сваёй маці незадоўга да гераічнай гібелі.

— Дзе б ні знаходзіўся, як далёка б ні быў, Уладзімір Карват заўсёды памятаў пра сваю маму, а разам з паштоўкамі нярэдка перадаваў ёй кветкі, — гаворыць Алена Кітленка.

Ад партрэтаў маці і сына Карват экскурсанты пераходзяць да макета таго самага месца ў Баранавіцкім раёне, дзе разбіўся самалёт славутага лётчыка. За год яго пабачылі больш за 1100 чалавек — школьнікі, студэнты, спартсмены, журналісты, працаўнікі ідэалагічных аддзелаў і чыгуначнікі. Адсюль жа яны глядзяць фільм, прысвечаны першаму Герою Беларусі.

— І кожны раз да вітрыны с Зоркай Героя Беларусі, якой Уладзіміра Карвата ўзнагародзілі пасмяротна, наведвальнікі падыходзяць з разуменнем сутнасці гераізму, — тлумачыць кіраўнік музея. — Яго складана выказаць словамі, таму кожны выносіць з экскурсіі штосьці сваё…

Каб зрабіць экспазіцыю больш разнастайнай, яе пастаянна папаўняюць новымі экспанатамі. Не забываецца пра музей жонка Уладзіміра Карвата, наведвае яго і маці героя. Частыя госці тут і аднапалчане лётчыка. Былы дырэктар школы Валянціна Баленка і сёння робіць уклад у развіццё музея: яна добра памятае Уладзіміра Карвата школьнікам, і яе ўспаміны пастаянна папаўняюць экспазіцыю. Кнігі для музея перадае і кіраўнік Паста памяці № 1 Брэсцкай крэпасці Юрый Чкалаў.

Але галоўнае — музей натхняе саміх вучняў. Экскурсіі тут праводзяць менавіта школьнікі, а вынік іх — лепшыя сачыненні, ужо размешчаныя ў вітрынах.

Як калісьці неба і любоў да чалавека натхнілі Уладзіміра Карвата, так сёння яго подзвіг натхняе маладых людзей з усёй Беларусі.

←"От вокзала до парка все было выравнено с землей". Как освобождали Гомель

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика