У Віцебску выберуць лепшага Дзеда Мароза
З панядзелка Віцебск "накрые" чарада навагодніх мерапрыемстваў. У гэты дзень у галоўнай канцэртнай зале горада пачнецца фестываль "Навагоднія фантазіі".
Адкрые яго выстава-кірмаш тавараў беларускіх вытворцаў. Да 8 снежня па зніжаных цэнах тут можна будзе набыць адзенне, абутак, сувеніры. Паралельна з гэтым 3 снежня ў КЗ "Віцебск" пройдзе форум "Стварэнне і развіццё бізнесу. Тэхналогія франчайзінгу".
- Праграма серады разлічана ў першую чаргу на маладых людзей - студэнтаў і пачынаючых прадпрымальнікаў, - расказвае Вольга Леўшына, намеснік дырэктара па нерухомасці Віцебскага абласнога цэнтра маркетынгу. - На працягу дня чатыры кампаніі прадставяць слухачам свае праекты. Акрамя таго, хлопцы і дзяўчаты змогуць бясплатна прыняць удзел у канферэнцыі "Новае пакаленне ў бізнесе", дзе ім раскажуць, як пачаць уласную справу.
А ў пятніцу ў горадзе з дзесяці кандыдатаў выберуць лепшага Дзеда Мароза - падчас аблаcнога конкурсу "Ёлка-фэст-2013" (пачатак у 13.00 у канцэртнай зале "Віцебск"). Завяршыць насычаны тыдзень конкурс "Міс Віцебск-2013", які пройдзе ў суботу 7 снежня.