Зіма прыйдзе ў Беларусь ужо ў пачатку наступнага тыдня
Зімовае надвор’е прыйдзе ў Беларусь ужо ў пачатку наступнага тыдня, паведаміў БелТА начальнік службы гідраметэаралагічных прагнозаў Рэспубліканскага гідраметэацэнтра ДзмітрыРабаў.
“У пачатку наступнага тыдня разам з паўночнымі вятрамі ў Беларусь прыйдзе прыкметнае пахаладанне”, − адзначыў Дзмітры Рабаў.
Месцамі пройдзе кароткачасовы снег, на асобных участках дарог чакаецца галалёдзіца. Тэмпература паветра складзе ад мінус 4 да 2 градусаў цяпла, па поўначы чакаецца да мінус 7, у дзённыя гадзіны − ад мінус 3 да плюс 3 градусаў.
Згодна з папярэднім прагнозам, сярэднямесячныя тэмпературы снежня чакаюцца ў межах кліматычнай нормы, характэрнай для гэтага часу года. У цэлым па рэспубліцы тэмпература паветра будзе вар’іравацца ад мінус 2 градусаў па паўднёвым захадзе да 5 градусаў са знакам мінус па паўночным усходзе краіны.
“На большай частцы тэрыторыі краіны ляжа снежны покрыў,− дадаў Дзмітры Рабаў. − А да канца першага месяца зімы яго вышыня можа дасягнуць 4-10 см, прычым ад 18 да 22 дзён на працягу месяца будуць снежнымі”.
Колькасць ападкаў чакаецца ў межах сярэдніх шматгадовых значэнняў − ад 32 да44 мм. Да 15 дзён месяца будуць туманнымі, прыкладна на працягу 5 дзён чакаецца завіруха.
“Гэта папярэдні прагноз, які апраўдваецца на 70%”, − падкрэсліў Дзмітры Рабаў.
У Беларусі самы цёплы снежань назіраўся ў 2006 годзе, калі сярэднямесячная тэмпература паветра склала плюс 2,6 градуса. Самы халодны першы зімовы месяц быў зафіксаваны ў 1978 годзе: тады сярэдняя тэмпература паветра за месяц склала мінус 10 градусаў. Абсалютны тэмпературны максімум − плюс 14,5 градуса − быў адзначаны 5 снежня1961 г. ў Брэсце, абсалютны мінімум − мінус 38,6 градуса − 31 снежня 1978 года ў пасёлку Езярышча (Віцебская вобласць).
Паводле БелТА.
Фота ant.ua