Як жывецца ў невялікім горадзе за мяжой?
Параўноўваем жыццё ў Маладзечне і польскім горадзе Новы Сонч.
Жыццё ў невялікім горадзе вельмі адрозніваецца ад сталічнага. Да таго ж і раённыя цэнтры часам вельмі не падобныя адзін да аднаго.
Часам узнікае пытанне: як жывуць людзі ў такіх жа невялікіх гарадах, але за мяжой?
За параўнаннямі не давялося ехаць далёка: горад Новы Сонч у суседняй Польшчы налічвае насельніцтва на дзесяць тысяч менш, чым Маладзечна. Між іншым, жыве ён у іншым рытме.
Новы Сонч знаходзіцца на поўдні Польшчы, недалёка ад мяжы са Славакіяй. Гэты рэгіён краіны называецца Малапольшчай. У горадзе жыве крыху больш за 85 тысяч чалавек, хаця па плошчы ён удвая большы за Маладзечна. Новы Сонч мае статус гарадскога павета. Найбуйнейшы горад побач – Кракаў.
Могілкі.
У Маладзечне можна пайсці на хакей,
у Новым Сончы – у рок-кавярню
Найбольш папулярныя месцы ў польскім горадзе, у якіх моладзь бавіць вольны час, знаходзяцца ў цэнтры. Да выбару ёсць некалькі начных клубаў, боўлінг ці більярд, шматлікія кавярні і рэстарацыі.
Як і ў Маладзечне, моладзь тут наракае на маленькі выбар месцаў адпачынку: ідучы ў пэўны клуб, хлопцы і дзяўчаты звычайна загадзя ведаюць, каго там сустрэнуць і якой будзе праграма.
Між іншым, Новы Сонч адрознівае вялікая колькасць разнастайных кавярняў. На свой густ можна выбраць месца са спакойнай атмасферай. Напрыклад, ёсць рэстарацыі, абстаўленыя ў вясковым стылі.
У якасці альтэрнатывы – шумная рок-кавярня, дзе збіраюцца аматары цяжкай музыкі і піва. Ёсць і такія рэстарацыі, у якія мясцовая моладзь не зазірае: кошты там непад’ёмныя для студэнтаў.
У летні сезон кожная кавярня выносіць свае столікі на вуліцу, і пустуюць яны вельмі рэдка. Сярэдні кошт кавы – 7 злотых (каля 19 тысяч рублёў), вячэры, якая складаецца з салаты і курыцы, – 15 злотых (каля 40 тысяч рублёў).
Касцёл.
У Новым Сончы ёсць два кінатэатры, у якіх можна глядзець кіно і ў звычайным, і ў 3D-фармаце. Кошт сеанса на 3D-фільм у абедзенны час – 10 злотых (27 тысяч рублёў).
Як і ў Маладзечне, у горадзе ёсць свая футбольная каманда. Клуб “Сандэцыя” ад 1910 года выступае на польскіх спаборніцтвах рознага ўзроўню.
Таксама ёсць і два басейны, якія маюць невялікія горкі. Назваць іх аквапаркам наўрад ці магчыма, але яны карыстаюцца папулярнасцю сярод дзяцей.
Няма ў Новым Сончы сваёй лядовай арэны: хакей у Польшчы слаба развіты.
Пры жаданні можна наведаць адкрытыя каткі, якія заліваюцца зімой.
Больш разнастайна, чым у Маладзечне, тут выглядаюць мясцовыя сродкі масавай інфармацыі. Напрыклад, усяго ў Новым Сончы і раёне налічваецца пяць газет, чатыры тэлевізійныя каналы і два інтэрнэт-парталы.
Іначай адчуваеш сябе ў грамадскім транспарце: за чатыры тыдні жыцця ў Новым Сончы ні разу не даводзілася заставацца на прыпынку і праводзіць вачыма перапоўнены аўтобус, у які не атрымалася зайсці. Ды і ехаць стоячы – не такі часты выпадак.
Усяго па горадзе і яго ваколіцах курсуюць аўтобусы 48-і маршрутаў. Усе яны абсталяваныя электроннымі кампосцерамі, якія пакідаць на білеце не толькі дзірачкі, але дату і час уваходу ў аўтобус.
Білеты можна купіць і на адну паездку, і на канкрэтны час (15 альбо 40 хвілін) з магчымасцю перасадкі.
Музей.
Знайсці працу ў родным горадзе не заўсёды проста
Насельніцтва гарадоў рэдка застаецца пастаянным. Асабліва мабільнай становіцца моладзь, якая шукае сваё месца ў грамадстве.
– У маім класе вучылася 27 чалавек, – кажа Уршуля Куліг, жыхарка Новага Сонча. – Цяпер у горадзе засталося пяцёра, іншыя раз’ехаліся. Палова па Польшчы, палова – па свеце. Аднакласнікі жывуць у Германіі, Англіі, Амерыцы, адна дзяўчына паехала працаваць у Расію. Моладзь збягае адсюль, бо не мае тут перспектыў.
Сама Уршуля працавала настаўніцай англійскай мовы два гады. Цяпер збіраецца ехаць у Кракаў ці Варшаву. Кажа, што дасягнула сваёй вяршыні ў Новым Сончы і адчувае, што ёй няма куды расці ў прафесійнай сферы. Яе планы можна назваць тыповымі для мясцовай моладзі.
Маладзечанцы таксама не заўсёды заседжваюцца дома. Многія вучацца і працуюць у Мінску, у іншых гарадах.
Але разам з тым Маладзечна адначасова прыцягвае моладзь: хлопцы і дзяўчаты з суседніх раёнаў едуць у мясцовыя ўстановы адукацыі. Дарослыя жыхары горада могуць знайсці працу на шматлікіх заводах і фабрыках.
Вёска.
У Новым Сончы спынілі дзейнасць амаль усе найбуйнейшыя вытворцы. Пасля ўваходу Польшчы ў Еўрапейскі Саюз прамысловыя прадпрыемствы пераехалі ў вялікія гарады. Многія людзі засталіся без працы, таму дарослае насельніцтва Новага Сонча часта наракае на Еўрапейскі Саюз.
Працоўныя месцы засталіся ў гандлёвых цэнтрах і крамах, школах і медыцынскіх установах. Тыя, каго такі выбар не задавальняе, едуць за межы горада.
Польская моладзь не хоча гадаваць авечак
Як і ў Беларусі, у Польшчы губляе сваю прывабнасць для моладзі вясковае жыццё. Нямногія з тых, хто выехаў на вучобу з вёскі ў горад, вяртаюцца назад.
Але вёскі ў ваколіцах Новага Сонча асаблівыя – яны знаходзяцца на гарыстай тэрыторыі. У самім горадзе пастаянна чуеш аповеды і анекдоты пра “гуралаў” – так тут называюць жыхароў гор.
Авечкі.
Гуральскія мужчыны славяцца рашучым і выбуховым характарам, а жанчыны – асаблівай працавітасцю. Акцэнт жыхароў гор не крыўляе толькі лянівы. У штодзённай размове часта можна пачуць выраз “як гавораць гурале…” і моцнае слаўцо ў дадатак.
Між тым, гуралаў становіцца ўсё менш. Невялікія горныя вёскі не прыцягваюць моладзь.
Знакамітыя вырабы з авечай шэрсці і авечыя сыры – нязменны сувенір з ваколіц Новага Сонча. Але ж праз пару дзясяткаў гадоў рэгіён рызыкуе застацца без іх.
На дзяржаўным узроўні падымаецца праблема захавання жывёлагадоўлі ў гарах.
Тых, хто будзе займацца фермерствам, плануюць фінансава падтрымліваць,
а таксама ўводзіць для іх дадатковыя скідкі.
Бліжэй да Татраў яшчэ можна сустрэць у гарах атары авечак разам з сабакамі-пастухамі. Але ўсё часцей зямлю ў гарах купляюць амерыканцы і засноўваюць тут свой бізнес.
Чым можна прыцягнуць турыстаў?
Новы Сонч складана назваць папулярным сярод турыстаў. Больш прыцягваюць наведнікаў суседнія рэгіёны: горны курорт у Закапанэ, Пенінскія горы і старажытная сталіца Польшчы – Кракаў. Тым не менш, тут ёсць на што паглядзець.
Замак.
У параўнанні з Маладзечнам Новы Сонч прыцягвае ўвагу вялікай колькасцю выставачных пляцовак. У горадзе налічваецца дзесяць галерэй, большасць з якіх прыватныя.
Да таго ж у Новым Сончы ёсць музей пад адкрытым небам. Ён дэманструе тыпы хат і гаспадарчых пабудоў, характэрных для ўсёй Польшчы. Тут можна знайсці прыклады і нямецкай, і палескай архітэктуры.
Як і ў Маладзечне, у Новага Сонча некалі быў свой замак. Пашанцавала яму крыху больш, чым нашаму: ад замка засталася адна сцяна і вежа. У горадзе доўга ішлі дыскусіі аб тым, што рабіць з рэшткамі: пакідаць такімі, як ёсць, ці адбудоўваць увесь замак?
У выніку сцяну з вежай закансервавалі і пакінулі ў тым выглядзе, у якім яны захаваліся.
Цяпер на вежы развіваецца польскі сцяг.
Тэрыторыю вакол замчышча зрабілі прывабнай для турыстаў: тут ёсць густы парк з мноствам лавак, невялікія кавярні, а перад самім замкам кожную вясну высаджваюць клумбу у выглядзе сонечнага гадзінніка.
У Новым Сончы ёсць адзін турыстычны цэнтр, дзе можна атрымаць неабходную інфармацыю пра горад і яго ваколіцы. У ім даюць бясплатныя карты і невялікія брашуры з анонсамі культурных і спартыўных падзей на бліжэйшы месяц. Таксама тут можна набыць сувеніры з сімволікай горада і ваяводства.
Такога невялікага цэнтра не хапае ў Маладзечне. Горад мае багатую гісторыю і цікавыя мясціны для наведвання, які могуць прыцягнуць турыстаў і з Беларусі, і з-за мяжы.
Аляксандра ПАРАХНЯ.
Фота Аляксандры ПАРАХНІ.