Кампанія “Зробім лепш!”: як палепшыць жыццё уласнымі сіламі

Источник материала:  
23.10.2013 13:49 — Новости Общества

22 кастрынічніка ў памяшканні “АРТ сядзібы” адбыўся круглы стол з каардынатарамі і актывістамі агульнанацыянальнай кампаніі “Зробім лепш!” пад эгідай Асамблеі НДА, трэцяя хваля якой стартавала ў Беларусі гэтым летам. Падчас сустрэчы былі і падведзеныя прамежкавыя вынікі дзейнасці кампаніі ў розных беларускіх гарадах, абмаляваная канцэпцыя, якой будзе трымацца ініцыятыва надалей, а таксама абмеркаваныя бягучыя праблемы, з якімі сутыкаюцца прадстаўнікі няўрадавых дэмакратычных арганізацый (НДА) Беларусі.


Палепшыць жыццё беларусаў хочуць 27 НДА

Кампанія “Зробім лепш!”: як палепшыць жыццё уласнымі сіламіКампанія “Зробім лепш!” для грамадскага няўрадавага сектару Беларусі няновая: першыя этапы праводзіліся ў 2002 і 2003 гадах. Калі раней удзельнічала няшмат арганізацый, то сёлета лепш спрабуюць зрабіць 27 грамадскіх ініцыятыў, якія працуюць ва ўсіх абласных цэнтрах краіны, а таксама ў шэрагу раённых, сярод якіх Орша, Маладэчна, Паставы, Новаполацк, Міоры і іншыя.

“Сёлета ў нас больш шырокі спектр акцый, чым у 2002 і 2003 гадах, — распавядае адзін з каардынатараў кампаніі Ілья Заронак. – Зараз кампанія пракацілася па ўсёй краіне ў новай якасці. Для нас істотна вярнуцца да ідэі, згодна з якой мы хочам аб’яднаць, салідарызаваць грамадзянскую супольнасць”.

Паводле Заронка, акцыю падтрымалі не толькі грамадскія ініцыятывы, але і проста актыўныя людзі, якія хочуць палепшыць умовы жыцця ў сваіх гарадах: “Калі мы сабраліся для распрацоўкі нашай агульнай канцэпцыі, нас было 15 чалавек, але напрыканцы да нас далучылася 27 кампаній, якія зараз працуюць па добраўпарадкаванні нашага з вамі жыцця. Я лічу, што гэта з’яўляецца індыкатарам поспеху”.

Разам з канцэпцыяй новага этапу кампаніі быў распрацаваны лагатып, а таксама прыдуманы персанаж Вож, які ў прывабнай жартоўнай форме распавядае пра паездкі і мерапрыемствы ў межах кампаніі. “Праз такі пазітыўны вобраз мы хацелі паказаць людзям, што няўрадавыя арганізацыі займаюцца добрымі і карыснымі справамі”, — тлумачыць Ілья Заронак.


Перадусім – рэальная дапамога людзям на месцах

Паводле Заронка, каардынатары кампаніі ставілі сацыяльную мэту – важна было не на словах, а на справах вырашаць праблемы людзей на месцах: добраўпарадкаваць тэрыторыю двароў, абараніць зялёную зону ад нелегальных парковак, парупіцца пра добрыя дзіцячыя пляцоўкі...

Пазней у рамках “Зробім лепш!” пачалі вырашацца і культурніцкія задачы. Былі даследаваныя гістарычныя мясціны і гарадскія помнікі, праведзеныя раскопкі ў Крэве, у Оршы людзі шукалі паганскія святыні, каб з іх зрабіць брэнд сваёй мясцовасці.

“Мяне вельмі цешыць, што людзі не абмежаваліся актыўнасцю ў інтэрнэце, а адарваліся ад манітораў і выйшлі на рэальную працу, зрабілі і робяць шмат карыснага. Гэта і было нашай мэтай”, — адзначыў Ілья Заронак.

Падзяліўся сваімі думкамі пра перспектыву акцыі і адзін з найбольш актыўных удзельнікаў кампаніі Вацлаў Арэшка: “Мы жывем у сацыяльна хворым грамадстве, дзе бракуе веры, не стае салідарнасці. Але ў гэтым хворым целе ёсць кавалак здаровай тканіны – гэта грамадзянскія супольнасці. Я лічу, што менавіта іх дзейнасць па паляпшэнні нашага з вамі жыцця і будзе шляхам, каб змяніць грамадства”. Арэшка дадаў, што “грамадскі сектар мае большы ўплыў, чым палітыка, бо мы працуем з людзьмі, а не ідэямі” і канстатуе, што кампанія развіваецца правільна. “Змены ёсць і менавіта мы павінны стаць тым, што не дазволіць, каб стала горш, чым ёсць зараз”, — канстатаваў Вацлаў Арэшка.


Крытычнае мапаванне ў Гомелі

Сярод цікавых акцый агульнанацыянальнай кампаніі “Зробім лепш!” каардынатары вылучаюць ініцытыву “Справаводства па-беларуску”, у межах якой было падрыхтавана і апублікавана 50 асноўных іскавых заяваў на беларускай мове. Падчас экспедыцыі Арт-Сядзібы маладыя журналісты вандравалі па Беларусі, у выніку чаго былі зробленыя цікавыя мультымедыйныя рэпартажы, а актывісты гомельскай ініцыятывы “Хопіць піць – трэба жыць!” дамагліся ад уладаў пляцоўкі для футбольнага поля. Выніковым яркім акордам трэцяга сезона кампаніі “Зробім лепш!” стаў першы “шчыры” музычны фэст, што адбыўся 15 кастрычніка ў мінскім клубе RE:PUBLIC.

Прадстаўнік гомельскай “Талакі” Яўген Меркіс распавёў пра стварэнне альтэрнатыўнай мапы Гомеля, у аснову якой лёг прынцып крытычнага мапавання. “Задумваючы мапу, якую да нас ніхто не рабіў, мы хацелі паказаць, што Гомель нічым не горшы за іншыя гарады, што гэта сучасны абласны цэнтр, у якім ёсць на што паглядзець і куды схадзіць”, — дзеліцца Яўген.

У выніку на альтэрнатыўную мапу было нанесена 75 аб’ектаў, падзеленых па наступных накірунках: гарадскія адметнасці, гарадская актыўнасць, фізічная актыўнасць, гістарычныя і гарадскія легенды, крытычнае, прапановы і мары. Асобна былі вылучаныя прамысловыя зоны, каб падкрэсліць іх вялікую колькасць у горадзе. Кірунак “крытычнае” склалі аб’екты, якім, на думку стваральнікаў мапы, не месца ў цэнтры горада – электрастанцыя, жаночая калонія. Таксама актывісты незадаволеныя тым, што ў гомельскім парку забаронена ездзіць на роварах, вырубаюцца каштаны, а рэліктаў савецкай эпохі, наадварот, у горадзе зашмат.

У радзел “прапановы і мары” быў вылучаны раён, у якім захавалася б драўляная забудова Гомеля, што актыўна знішчаецца, гомельскае метро, пра якое мараць гамельчукі, а таксама заапарк, якога не хапае некаторым гараджанам. Прэзентацыя мапы адбудзецца ў Гомелі, пасля яна будзе распаўсюджвацца ў папярвым варыянце ў беларускіх гарадах, мапа з’явіцца і ў інтэрнэце, паабяцаў Яўген Меркіс.


Супраца з камунальшчыкамі ў Брэсце

Актывістка з Брэста Тацяна распавяла аб акцыі “Двор, прыязны для дзяцей”, у выніку якой гараджане наладзілі камунікацыю з мясцовымі камунальнымі службамі, а жыхары ўсталявалі пясочніцы, агарадзілі зялёныя зоны ад аўтамабіляў, пафарбавалі лаўкі. “Мы ладзілі шмат цікавых акцый і конкурсаў, у якіх актыўна удзельнічалі дзеткі, яны нават дапамагалі добраўпарадкаваць дзіцячую пляцоўку”, — расказала актывістка. Паводле яе словаў, праблем з мясцовымі ўладамі не ўзнікла, камунальныя службы з радасцю адгукнуліся на прапанову зрабіць лепш і паспрыялі ў гэтым.

Працягам паспяховай акцыі ў Брэсце стане кансультаванне жыхароў па пытаннях плённай камунікацыі з уладамі. Берасцейцаў навучаць, як складаць скаргі і звароты, каб яны былі дзейснымі.

Актывісты агульнанацыянальнай кампаніі “Зробім лепш!” не збіраюцца спыняцца на дасягнутым, яны працягнуць паляпшаць жыццё беларусаў уласнымі сіламі.



Ася ПАПЛАЎСКАЯ
←Под небом Лондона

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика