Знак якасці
У Палацы культуры і спорту чыгуначнікаў было надзвычай шматлюдна. Гэта сведчыла пра павышаны інтарэс да падзеі, што мелася адбыцца. Мінская вобласць упершыню так маштабна і прадстаўніча прэзентавала ў сталіцы прадукцыю сваіх вытворцаў. Каля экспазіцыйных стэндаў з апошнімі штрыхамі падрыхтоўкі завіхаліся іх гаспадары — кожны імкнуўся, каб усё было бездакорна. І госці былі ў заўважным нецярпенні, вельмі хацелася нарэшце агледзець тое багацце, што прадставілі вытворцы.
Выставу нехарчовых спажывецкіх тавараў урачыста адкрылі прэм’ер-міністр Беларусі Міхаіл Мясніковіч і старшыня Мінскага аблвыканкама Барыс Батура (на здымку).
Як адзначыў кіраўнік беларускага ўрада, на жаль, многія нашы прадпрыемствы не вытрымліваюць канкурэнцыі з замежнымі, імпарт займае 35 % спажывецкага рынку. «Сапраўды, безгаспадарчасці яшчэ шмат. Трэба канстатаваць зняважлівыя адносіны да якасці асобных вытворцаў. Сітуацыю неабходна тэрмінова мяняць. Зараз урад працуе над тым, каб пашырыць вытворчасць тавараў, зрабіць сур’ёзныя захады ў накірунку іх якасці і наменклатуры. А вынік мы ўбачым, калі нашы спажыўцы сваім кашальком прагаласуюць за айчынныя тавары», — перакананы Міхаіл Мясніковіч.
Адной з галоўных задач гэтай выставы старшыня Мінаблвыканкама Барыс Батура лічыць магчымасць паказаць тое, што вырабляецца на Міншчыне, гандлёвым сеткам. Менавіта таму ў ліку запрошаных было шмат прадстаўнікоў гандлёвых арганізацый краіны розных форм уласнасці, у тым ліку аптовых баз, гандлёвых сетак і іншых структур, зацікаўленых ва ўзаемавыгадным супрацоўніцтве з таваравытворцамі сталічнага рэгіёна.
А ўбачыць там на самай справе было што. З непадробнай цікавасцю госці літаральна даследавалі модныя паліто, якасны трыкатаж і бялізну, абутак, скургалантарэю і парфюмерыю, зручную мэблю, вясёлыя дзіцячыя цацкі, сучасную оптыку і медыцынскую тэхніку, арыгінальныя вырабы з экалагічных матэрыялаў, шматлікія сувеніры, электратавары, музычныя інструменты і легкавыя аўтамабілі. Шырока была прадстаўлена бытавая хімія, лакафарбавыя вырабы, будматэрыялы і гэтак далей. Пералічыць усё проста немагчыма. Паказалі тавар тварам і вядомыя брэнды, і тыя вытворцы, чые назвы гучалі амаль што ўпершыню. Нельга не падкрэсліць, што многія рабілі для сябе адкрыцці, а слова «якасць» было на выставе адным з найбольш ужывальных. Яшчэ адна акалічнасць — не толькі дапытлівыя журналісты, але і практычна ўсе наведвальнікі вельмі дэталёва, нават прыдзірліва распытвалі вытворцаў менавіта пра якасныя характарыстыкі, завязваліся дыскусіі, чаму ў адных яны на вышыні, а ў другіх не вытрымліваюць ніякай крытыкі.
У час агляду выставы Міхаіл Мясніковіч адзначыў, што шмат добрых тавараў прадстаўляюць прыватнікі, кампаніі, дзе працуюць ад 50 да 200 чалавек. Па перакананні прэм’ер-міністра, менавіта яны надалей будуць фарміраваць стабільнасць эканомікі, і выканкамы на месцах павінны больш актыўна клапаціцца пра іх з’яўленне і развіццё. Такія кампаніі мабільныя, яны ў пошуку, могуць канкурыраваць, а добрыя амбіцыі і сучасны падыход да бізнесу стымулююць да таго, каб шукаць новыя арыгінальныя варыянты. Настаў час хутчэй разварушвацца ў гэтым накірунку, каб адбіць тую нішу, куды імкнецца, а дзе ўжо і заняў імпарт. Нельга абысці і яшчэ адну думку, якую агучыў намеснік старшыні Мінаблвыканкама Аляксандр Турчын: «Трэба выхоўваць пачуццё гонару за нашы прадпрыемствы і нашы тавары. Калі мы ўсе пачнём насіць кашулі «Эліз», бялізну «Марк Фармэль» і гэтак далей, то ў нас будзе ўсё добра».
Зараз на Міншчыне каля 36 % бюджэту напаўняецца за кошт малога і сярэдняга бізнесу, і яго ўдзельная вага пастаянна павялічваецца. Мяркуецца, што ў 2015 годзе яна складзе 50 %.