За непісьменны прэс-рэліз Мінгарвыканкама пакаралі журналістку. Яе звольнілі з працы
У прэс-рэлізе ад 16 верасня 2013 года паведамлялася пра дзяцей, якія нарадзіліся ў Дзень горада з удзелам намесніка старшыні Мінгарвыканкама Ігара Карпенкі.
Верагодна, прэс-рэліз рассылаўся выключна ў выданні, заснаваныя Мінгарвыканкамам, але пазней ён ўсё ж трапіў у незалежную прэсу, дзе выклікаў шмат усмешак і жартаў.

Паводле ж вынікаў службовага разбіральніцтва пасля здарэння было вырашана пакараць не аўтараў рэлізу, а дзяўчыну, якая нібыта перадала яго незалежным журналістам. З 1 кастрычніка журналістка звольненая з УП "Агентство "Минск-Новости". Афіцыйная падстава звальнення - нібыта невыкананне ёй умоваў выпрабавальнага тэрміну.
Цікава, што ў самім Мінгарвыканкаме ў гутарцы з прэс-службай ГА "БАЖ" ўласную памылку прызналі, але абараняць журналістку ад звальнення катэгарычна адмовіліся, спасылаючыся на самастойнасць УП "Агентство "Минск-Новости".
Разам з тым, як стала вядома ГА "БАЖ", пасля выхаду прэс-рэліза ў свет праводзілася сапраўдная дэтэктыўная праверка, для ўдзелу ў якой адміністрацыя УП "Агентство "Минск-Новости" хацела запрасіць нават супрацоўнікаў Упраўлення па раскрыцці злачынстваў у сферы высокіх тэхналогій МУС Беларусі.
Загад аб звальненні журналісткі, якая з'яўляецца сябрам ГА "БАЖ", падпісаны асабіста генеральным дырэктарам УП "Агентство "Минск-Новости" Кацярынай Дубінскай.