У гонар слова друкаванага
Беларусь рыхтуецца да юбілейнага XX Дня беларускага пісьменства
Свята беларускага пісьменства па крупінках збірае лепшыя літаратурныя дасягненні кожнага рэгіёна Беларусі. Такое меркаванне на прэс-канферэнцыі выказала першы намеснік міністра інфармацыі Лілія Ананіч.
— Свята беларускага пісьменства па крупінках збірае лепшыя літаратурныя дасягненні кожнага рэгіёна Беларусі. У гэтым годзе мы ні ў якім разе не зніжаем колькасныя і якасныя паказчыкі нацыянальнага кнігавыдання. У мінулым годзе ў нас было больш за 11 тыс. назваў кніг і больш за 35 млн. тыражу, за першае паўгоддзе 2013-га — 5 тыс. 960 назваў кніг, а агульны тыраж перавысіў 15 млн. асобнікаў, — сказала першы намеснік міністра інфармацыі.
У Мінску таксама прадэманстравалі выданне «Баркулабаўскi летапiс» у двух тамах, прэзентацыя якога адбудзецца ў Быхаве ў час Дня беларускага пісьменства. Першы том уяўляе сабой факсімільнае выданне, другі — працу беларускіх вучоных. Тыраж факсімільнага выдання — 100 асобнікаў, навуковай кнігі — 1 тыс. асобнікаў. Летапіс выпушчаны выдавецтвам «Беларуская Энцыклапедыя імя П. Броўкі». У цяперашні час вядуцца перамовы з расійскім бокам аб павелічэнні тыражу факсімільнага выдання.
— Упершыню дэманструюцца грунтоўныя выданні ў двух тамах. Беларусы маюць права трымаць у бібліятэках выданне, якое адлюстроўвае цэлы перыяд жыцця нашай краіны, паказвае, наколькі магутныя карані беларускай дзяржаўнасці, беларускай мовы і культуры, — сказала Лілія Ананіч.
Уся Беларусь рыхтуецца да юбілейнага XX Дня беларускага пісьменства. У Мінску 28 жніўня пачалася рэспубліканская навукова-асветніцкая экспедыцыя «Дарога да святыняў», канчатковым пунктам якой стане Быхаў, дзе 31 жніўня — 1 верасня пройдуць урачыстасці.
Каля дзвюх тысяч удзельнікаў будзе задзейнічана ў творчай праграме, прысвечанай Дню беларускага пісьменства. Цэнтральнай падзеяй юбілейных святкаванняў стане адкрыццё манументальна-скульптурнай кампазіцыі «Баркулабаўскі летапіс». У аснову кампазіцыі пакладзены знакавыя элементы з гісторыі духоўнага і культурнага жыцця Быхаўскага краю: унікальны помнік беларускай пісьменнасці Баркулабаўскі летапіс, а таксама абраз Маці Божай Баркалабаўскай.
Усяго на падрыхтоўку да юбілейнага Дня беларускага пісьменства з бюджэту выдзелена каля Br 200 млрд. На добраўпарадкаванне горада таксама накіраваны фінансавыя сродкі прадпрыемстваў і арганізацый. Унеслі свой уклад (больш як Br 1 млрд.) і жыхары райцэнтра, прыняўшы ўдзел у суботніках.
Дзень беларускага пісьменства — нацыянальнае свята, якое адзначаецца з 1994 года і праводзіцца з мэтай прапаганды лепшых традыцый нацыянальнай культуры, друкаванага слова, духоўнасці беларускага народа. Сталіцамі фестывалю за дваццацігадовую гісторыю станавіліся 17 гарадоў. Сярод іх — Полацк, Тураў, Навагрудак, Нясвіж, Орша, Пінск, Заслаўе, Мсціслаў, Мір, Камянец, Паставы, Шклоў, Барысаў, Смаргонь, Хойнікі, Ганцавічы, Глыбокае.