Ява і сон рэвізора
Ява
З вярхоў у трэст наскочыў рэвізор,
Начальнік прывітаў яго лісліва,
Сказаў, як выстраліў ва ўпор:
— Халодненькага піва!
Не ўстояў госць перад спакусай,
Апаражніць фужэр не струсіў.
Прыгубілі затым па чарцы каньяку —
Начальніку паціснуў госць руку
І прыступіў да справы.
Ён млява:
— Сігнал прыехаў правяраць —
Усе задумалі вы дачы будаваць:
Галоўны інжынер, ты сам,
Па будаўніцтву нам,
І нам па кадрах, быту,
Загадчыкі бюро, аддзелаў быта,
Галоўная бухгалтар і дыспетчар,
Механік той, эканаміст —
Тут прозвішчаў аж цэлы ліст.
Начальніку крыць нечым:
За трэстаўскія сродкі дачы
Займелі ўсе яны няйначай.
— Паслухай, галубок, —
Звярнуўся ён да рэвізора, —
Адгрохаем табе дамок
На беразе ракі ці мора,
Дзе пажадаеш,
Ты дачы, ведаю, не маеш.
У рэвізора позірк пацяплеў, —
Вядома, дачы ён не меў...
Сон
Каньяк змарыў дашчэнту рэвізора,
Заснуў адразу ён
І бачыць сон,
Што не паддаўся на ўгаворы,
Як не прасілі ў трэсце,
Адмовіўся ад піва, каньяку,
На развітанне нават не падаў руку,
Як махляроў закончыў трэсці.
Адмовіўся ад абяцанай дачы,
Затое выявіў мільярдныя нястачы.
У акце на апошняй запісаў старонцы:
«Вярнуць дзяржаве да чырвонца».
Няхай бы рэвізораў сон
Стаў яснай явай пад закон.