Штэкер, альбо Як дзед Аўхім асвойваў мабільнік
Інструктаж правёў Аляксей, Насцін муж:
— Калі трэба патэлефанаваць, можна набраць нумар.
— Як гэта? — здзівіўся Аўхім.
— А вось як. Націскаеш на верхнюю кнопку справа — з’яўляецца тэлефонная кніга. Спачатку наш нумар, потым — іншыя. А злева вось такая птушачка… — вучыў зяць.
Аўхім разглядаў тоўсценькую трубку ў скураным футляры. Уверсе злева тырчала кароткая антэна. “Як рожкі ў слімака”, — падумаў Аўхім, але не сказаў, каб Насця с Алёшкам не пакрыўдзіліся.
Грубаватым пальцам дзед асцярожна націснуў чырвоную кнопку — экран засвяціўся… Потым з’явілася прывітанне — апарацік вітаў гаспадара, яшчэ пазней — лічбы.
— Ну, трэба ж, усё ведае: і які сёння дзень, і колькі часу! — дзівіўся Аўхім.
— Потым мяне навучыш, — падала голас жонка Прося.
— Ага, цябе навучы! Будзеш потым па гадзіне балбатаць. А хто плаціць будзе?
— О, добра, што ўспомнілі, — ажывіўся Аляксей. — Аплата робіцца вось так…
Потым ён вучыў Аўхіма, як тэлефон уключаць на падзарадку:
— Вось гэтую “лапатачку” — у тэлефон. А штэкер — у разетку. Загарыцца чырвоная лямпачка. Калі перастане гарэць, значыць, мабільнік зарадзіўся. “Эсэмэскі” пасылаць потым навучу. Адразу ўсяго не запомніце…
З гэтага часу Аўхімава жыццё перайначылася. Што і дзе ён ні рабіў бы, у кішэні цялёпкаўся мабільнік. Але аднойчы дзеда чакала неспадзяваная прыгода. Выцягнуў Аўхім з шуфляды зарадную прыладу, паднёс да разеткі… Што за ліха? Замест штэпсельнай вілкі штэкера тырчалі дзве металічныя пласцінкі. У разеткі іх не ўсунеш.
Аўхім перавярнуў усе шуфляды, шафы, але прапажы не знайшоў. Давялося ісці да суседа.
Грышка зірнуў на штэкер і ўсміхнуўся:
— Пайшлі. Знойдзем твой штэкер: у лес не збег. У якую разетку ўключаў мабільнік?
— Не памятаю. Ці то ў зале, ці то ў кухні…
Сусед агледзеў усе разеткі.
— Вось твой штэкер, — у разетцы каля канапы тырчаў белы наканечнік з вілкаю. — Трымай і не губляй.
Узрадаваны Аўхім выцягнуў штэкер, уткнуў яго ў провад з пласцінамі, падключыў мабільнік. Той радасна заміргаў чырвоным святлом.
— Дзякуй, Грышка! Можа, таго… — Аўхім пстрыкнуў сябе па шыі.
— Ідзі гаспадарку даглядай, — буркатнула Прося.
— Добра, сусед, ідзі. Наступным разам… — гучна сказаў Аўхім, а Грышку шапнуў: — Я пазваню…
Хвілін праз пяць Аўхім дастаў прыхаваную ў дрывотні паўлітэрку і націснуў на мабільніку супраць слова “Грышка” зялёную кнопку:
— Сусед, чакаю!..
Мабільнік — цуд наукова-тэхнічнага прагрэсу — трэба было тэрмінова замачыць, а добрасуседскія стасункі — падзарадзіць. Ну, ці наадварот. Галоўнае, што дзед Аўхім асвоіў мабільнік…
Леанід ЛЕВАНОВІЧ