Выстава трох абразоў

Источник материала:  

Помнікі праваслаўнай культуры са збораў буйнейшых музеяў Беларусі прадстаўлены ў сталіцы

Выстава трох абразоў адкрылася ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі. У экспазіцыі прадстаўлены іконы «Троица Ветхозаветная» XVIII стагоддзя з Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка, «Спас Вседержитель» (на здымку) XVIII стагоддзя са збору Нацыянальнага мастацкага музея, «Не рыдай Мене, Мати» сярэдзіны XIX стагоддзя з Гродзенскага дзяржаўнага музея гісторыі рэлігіі, перадае БЕЛТА.

— Музей, рыхтуючыся да святкавання 1025-годдзя Хрышчэння Русі, вырашыў стварыць сумесна з Міністэрствам сувязі і інфарматызацыі паштовы блок — канверт з трыма маркамі з выявамі лепшых ікон, якія выразна адлюстроўваюць майстэрства беларускіх іканапісцаў. Урачыстае гашэнне канверта з гэтымі маркамі прайшло пры ўдзеле Прэзідэнта Беларусі і Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла. Зараз у нашым музеі прадстаўлены арыгіналы абразоў, — распавёў журналістам генеральны дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Уладзімір Пракапцоў.

Абраз «Троица Ветхозаветная» — адзін з вядомых варыянтаў увасаблення ў іканапісе найважнейшага догмату хрысціянства аб траічнасці бажаства. Асновай для абраза паслужыў тэкст першай кнігі Бібліі, згодна з якім Гасподзь у выглядзе трох мужоў з’явіўся Аўрааму, і той загадаў жонцы Сары частаваць гасцей, а сам стаяў пад дрэвам. Адзін з гасцей прадказаў ужо немаладой Сары нараджэнне сына Ісаака. У іконе знайшлі адлюстраванне асаблівасці беларускага іканапісу XVIII стагоддзя. Яна гарманічна спалучае ў сабе іканапісную традыцыю з выдатным акадэмічным жывапісам, адрозніваецца выразнай кампазіцыяй, майстэрскім малюнкам і незвычайным для ікон тонкім празрыстым каларытам.

У абразе «Спас Вседержитель», які ставяць у шэраг лепшых твораў беларускай школы XVIII стагоддзя, прытрымліванне візантыйскіх узораў злучана з характэрнай для беларускага іканапісу XVII—XVIII стагоддзяў трактоўкай вобраза Збавіцеля.

Характэрнае для іканапісу як Расіі, так і Беларусі прытрымліванне ўзораў візантыйскага і старажытнарускага мастацтва даніканаўскага перыяду выяўляецца ў іконе «Не рыдай Мене, Мати». Згодна з іканаграфічнай схемай, вядомай у візантыйскім мастацтве з XIII стагоддзя, іканапісец уяўляе Хрыста ў труне. За спінай Хрыста — крыж. Злева (у адносінах да гледача) намалявана Маці Божая, якая аплаквае яго.

Беларускія музеі беражліва захоўваюць помнікі праваслаўнай культуры і знаёмяць з імі шырокага гледача. Як адзначыў Уладзімір Пракапцоў, выстава трох абразоў адкрывае цэлы цыкл мерапрыемстваў, прысвечаных юбілею Хрышчэння Русі. У прыватнасці, у верасні ў Нацыянальным мастацкім музеі адбудзецца вялікая міжнародная выстава праваслаўных ікон з Расіі, Украіны, Сербіі, Малдовы і іншых праваслаўных краін.

Экспазіцыю трох абразоў можна ўбачыць у Нацыянальным мастацкім музеі да 26 жніўня.

Фота: БЕЛТА

←Градусник планете!

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика