Загад Вярхоўнага

Источник материала:  

Загад ВярхоўнагаАнатоль Сасноўскі са Смілавічаў узгадаў круіз па Чорным моры з Леанідам Iльічом Брэжневым

Немалую частку асабовага саставу Ваенна-Марскога флоту Савецкага Саюза складалі хлопцы з Беларусі, бо туды набіралі адукаваных, фізічна моцных. Камандаванне ведала: маракі — ураджэнцы Беларусі не падвядуць і ў будні, і ў экстрэмальных сітуацыях.

Калі ў ваенкамаце Анатолю прапанавалі пайсці на флот, ён без ваганняў згадзіўся, хаця служыць там трэба было тры гады, а ў арміі — два. Урэшце, які хлопец у тыя рамантычныя гады не марыў пакрасавацца ў марской форме!

Спакойны, ураўнаважаны Анатоль пасля прызыву ў 1970 годзе трапіў у вучэбную часць.

Калі ў вучэбцы праходзілі спартыўныя спаборніцтвы, курсант Анатоль Сасноўскі на дыстанцыі 6 кіламетраў атрымаў пераканаўчую перамогу. Потым заняў другое месца па падцягванні на перакладзіне. Трэцім практыкаваннем было падняцце над галавой скрынкі вагой 20 кілаграмаў. Адзін здаравяк падняў яе над галавой аж 250 разоў!

З нецярпеннем чакалі выступлення Анатоля Сасноўскага, які ішоў у лідарах. Падняўшы скрыню над галавой 190 разоў, Анатоль адчуў, што выдыхаецца. З апош-ніх сіл дацягнуў да 200 — паказаў трэці вынік. Па суме трох відаў спаборніц-тваў курсант Анатоль Сасноўскі заняў першае месца. Армейскага начальніка абурыў той факт, што перамог марак, бо ў той вучэбнай часці маракі складалі ўсяго дваццатую частку асабовага саставу. Але Сасноўскі адразу атрымаў лычку на пагоны, якой з матросаў да яго не ўдастойваўся ніхто.

Дарэмна высокі начальнік абураўся. У Смілавічах, адкуль прызвалі на флот Сасноўскага, заўсёды лічылася добрай традыцыяй моладзі займацца спортам. Браты Сасноўскія разам з Віктарам Абраменкам (у будучым — вядомым дзюдаістам і самбістам) зрабілі на беразе Волмы брусы і турнік, на якіх трэніраваліся.

Калі ў часць прыехаў высокапастаўлены афіцэр, каб адабраць лепшага з лепшых, начальнік школы парэкамендаваў Анатоля Сасноўскага.

Так смілавічанін аказаўся на караблі, які, так бы мовіць, абслу-гоўваў вышэйшых кіраўнікоў СССР і сацыялістычных краін.

Сустрэўшы новага кока, маракі вельмі здзівіліся: да гэтага часу яны ніколі не бачылі, каб на пагонах «салагі» красавалася лычка старшага матроса.

За час службы Анатоля Сасноўскага на іх караблі рабілі марскія прагулкі вядомыя ва ўсім свеце людзі: Аляксей Касыгін, старшыня Савета Міністраў СССР, Фідэль Кастра, генеральны сак-ратар Кубінскай кампартыі, прэзідэнт Кубы, Тодар Жыўкаў, сакратар ЦК Кампартыі Балгарыі. Нават прэзідэнт адной афрыканскай краіны Жан-Бедэль Бакаса, які (як пазней высветлілася) быў... людаедам.

Асабліва запомнілася Анатолю Сасноўскаму сустрэча з Леанідам Брэжневым у 1972 годзе.

Кіраўніку савецкай краіны вельмі спадабаліся боршч і макарона па-флоцку, і ён захацеў пазнаёміцца з мараком, які гатаваў тыя стравы.

Леанід Ільіч быў вельмі чуллівым чалавекам. Ён распытаў Анатоля пра службу, пра родныя Смілавічы, падзякаваў за выдатны абед. Наліў чарку каньяку і запрасіў марака выпіць.

Хлопец разгубіўся. Яго папярэдзіла на гэты конт начальства: ні ў якім разе спіртное не браць у рот. Кок глянуў на свайго камандзіра, а той таксама не ведаў, што рабіць, бо нельга было пакрыўдзіць самога Брэжнева, які быў вельмі сентыментальным.

І тут Анатоль, трымаючы чарку з армянскім каньяком, схітрыў:

— Гэта загад, таварыш Вярхоўны Галоўнакамандуючы?

Брэжнеў здзіўлена глядзеў на матроса. Потым здагадаўся, у чым справа.

— Так, загад, таварыш марак, — усміхнуўся Леанід Ільіч.

Хто ж можа адмяніць загад Вярхоўнага Галоўнакамандуючага?

На здымку: у цэнтры Леанiд БРЭЖНЕЎ, Анатоль САСНОЎСКI — другi справа ў другiм радзе.

←Труднопроходимые места

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика