Канікулы патрыётаў

Источник материала:  

Ёсць на беларускай зямлі месцы, якія абавязкова трэба наведаць разам з дзецьмі. Дзеля агульнай і асабістай памяці

Апошнім часам, калі гаворка заходзіць пра патрыятычнае выхаванне, нярэдка даводзіцца чуць аб неабходнасці ўвесці ў школьную праграму спіс памятных месцаў, якія на працягу навучання павінен наведаць кожны вучань. Прынамсі, гэтую слушную думку неаднойчы выказваў міністр адукацыі. Што ж, несумненна, ён мае рацыю. Але ёсць на нашай зямлі такія месцы, куды падлетку лепш трапіць упершыню не ў шумнай школьнай экскурсіі, а з роднымі людзьмі. Таму што там трэба не толькі глядзець і слухаць, але і адчуваць, і перажываць, і думаць. Шукаць і знаходзіць (не толькі дзецям — нярэдка нам самім, дарослым) такое патрэбнае адчуванне асабістай памяці і далучанасці да лёсу свайго народа і сваёй краіны.

Такіх месцаў у нашай краіне шмат. І ў гэтым спісе асобны, бадай, самы важны раздзел — мемарыялы, звязаныя з Вялікай Айчыннай. Канечне, пра іх мы чыталі ў кніжках і газетах, бачылі сюжэты па тэлебачанні. Але сапраўднае веданне, што гэта такое на самай справе, можна набыць, толькі пабыўшы там  асабіста.

Брэсцкая вобласць: Брэсцкая крэпасць

У Брэсцкую крэпасць лепш ехаць летам, у самую спёку. Тады можна хоць на адно каліва, на адну дзесяцітысячную частку ўявіць, як цяжка было ў пекле сорак першага абаронцам крэпасці. Калі зусім побач коціць сваю цёмную ваду Мухавец, да якога ад казематаў, дзе абараняліся нашы салдаты, усяго некалькі дзясяткаў метраў, а людзі гінуць ад смагі, таму што кожны сантыметр адлегласці да вады пад шчыльным абстрэлам фашыстаў. А ад Холмскіх варотаў, на якіх жывога месца няма ад куль і асколкаў снарадаў, пад гарачым сонцам, здаецца, дагэтуль патыхае дымам і порахам. У Брэсцкай крэпасці рана ці позна абавязкова задасі сабе пытанне:  а ці змог бы я вось так? Хоць гадзіну, хоць хвіліну, хоць імгненне (а крэпасць трымала абарону больш за месяц)? І ў пошуках адказу захочаш проста ўкленчыць ля мармуровых пліт, пад якімі пахаваны абаронцы сорак першага і на большасці з якіх надпіс у адно слова — “Невядомы”...

Віцебская вобласць: Ушацкі раён. Мемарыял “Прарыў”

“Партызанскія злучэнні Полацка-Лепельскай зоны пасля працяглых баёў з фашысцкімі карнікамі ў маі 1944 года ля вёсак Пліна і Паперына здзейснілі легендарны прарыў варожай блакады. Іх было 17 195 супраць 60 тысяч. Мужнасць народа перамагла. Смерць стала бессмяротнасцю”...  Гэтыя словы выбітыя на бронзавай рэльефнай пліце-карце са схемай абароны партызанаў у пачатку дарогі, якая вядзе да комплексу. Сам мемарыял — 11-метровая бетонная сцяна, якую разарваў чалавек з аўтаматам. Відовішча велічнае. Нездарма “Прарыў” у інтэрактыўным галасаванні праекта “НГ” “Сем цудаў Беларусі” з лёгкасцю трапіў у спіс фіналістаў.

Знаходзіцца мемарыял за сем кіламетраў на захад ад Ушачаў. Прыехаўшы адпачываць у тамтэйшыя маляўнічыя мясціны (на Лепельскія азёры, напрыклад), не абмінайце ўвагай гэты помнік чалавечай барацьбы і мужнасці, якія ва ўсе часы смерць ператвараюць у бессмяротнасць.

Гомельская вобласць: Жлобінскі раён. Мемарыял “Чырвоны Бераг”

Самы “мірны” па сваёй кампазіцыі мемарыял і, мабыць, ад гэтага самы вусцішны. Дагледжаны яблыневы сад. Таненькая постаць дзяўчынкі, якая цягне рукі да сонца. Белыя рады школьных парт у ім. Школьная дошка. На гэтым падабенства са звычайным школьным класам заканчваецца. Бо на дошцы — пісьмо 15-гадовай Каці Сусанінай, якое яна пісала з дзіцячага канцлагера ля вёскі Чырвоны Бераг у сакавіку 1943 года. “Дорогой папенька! Пишу тебе письмо с немецкой каторги. Когда ты будешь читать это письмо, меня в живых уже не будет. Моя просьба к тебе, отец, покарай немецких кровопиец. Это завещание твоей умирающей дочери...” Радкі, якія нельга чытаць без слёз. 1990 дзіцячых жыццяў абарвалася тут. Дзяцей зганялі з навакольных вёсак і выракалі іх на пакутніцкую смерць: у іх бралі кроў для нямецкіх шпіталяў. Нярэдка да апошняй кроплі...

Да Чырвонага Берага дабрацца нескладана: на тамтэйшай станцыі на хвіліну-другую спыняюцца нават цягнікі з Мінска на Адлер і на Мінеральныя Воды. Зрэшты, справа не ў адлегласці і маршруце. Было б жаданне.

Гродзенская вобласць: Гродна. Помнік пагранічнікам

Блукаючы вузкімі вуліцамі старой Гародні, любуючыся вясёлкавымі сценамі Каложы і даляглядам, які адкрываецца з гары ля Новага замка, не забудзьцеся спытацца ў месцічаў, дзе тут помнік пагранічнікам, і абавязкова схадзіце туды. Хаця б таму, што помнік сам па сабе ўнікальны: гэта адзіны ў краінах былога Саюза мемарыял такога маштабу, прысвечаны ахоўнікам граніцы. Грошы на яго ўзвядзенне збіралі талакой. Камандзір, палітрук і чырвонаармеец — тры бронзавыя фігуры сімвалізуюць байцоў-пагранічнікаў, якія першымі прынялі ўдар фашыстаў 22 чэрвеня 1941 года. Вакол — 15 пагранічных слупоў былых рэспублік СССР.

Магілёўская вобласць: Магілёўскі раён. Буйніцкае поле

Фашысцкая машына напачатку вайны пераможна кацілася на ўсход. І раптам вымушана была рэзка затармазіць: яе спынілі абаронцы Магілёва. Спякотным ліпенем 1941-га ля сцен беларускага горада яны, без перабольшвання, стаялі насмерць. Подзвіг абаронцаў Магілёва апісаў Канстанцін Сіманаў, які быў сведкам і ўдзельнікам тых драматычных падзей, у рамане “Жывыя і мёртвыя”. Пісьменнік быў настолькі ўражаны мужнасцю людзей, якія змагаліся з ім поруч, што пасля смерці завяшчаў развеяць над Буйніцкім полем свой прах.

Зараз на Буйніцкім полі — прыгожая капліца, пад якой у склепе хаваюць астанкі загінуўшых воінаў — іх тут знаходзяць дагэтуль. Шуміць маладымі дрэўцамі Алея абаронцаў, ляжыць ля капліцы празрыстым люстэркам Возера Слёз — сімвал слёз маці, што страцілі сваіх сыноў у той страшнай вайне.

Мемарыял знаходзіцца зусім блізка ад Магілёва — на 6-м кіламетры шашы Магілёў — Бабруйск.

Мінская вобласць: Любанскі раён. Востраў Зыслаў

Гэта цяпер да вострава Зыслаў, што ў Любанскім раёне на мяжы з Петрыкаўскім, можна даехаць на машыне. Ды ён і не востраў зусім — толькі назва засталася. А раней вакол былі непраходныя балоты, і Зыслаў падчас вайны быў сапраўдным востравам волі. У глыбокім фашысцкім тыле тут дзейнічала савецкая ўлада, выдаваліся савецкія газеты (“Звязда”, “Чырвоная змена”), садзіліся савецкія самалёты з Вялікай зямлі. Дзякуючы партызанам акупанты за ўсю вайну фактычна ні разу не ступілі на гэты кавалак зямлі — выпадак у гісторыі ўнікальны.

Цяпер на Зыславе  мемарыяльны комлекс: высокая стэла на месцы, дзе працаваў падпольны Мінскі абкам, помнік-прапелер там, дзе быў аэрадром і — сапраўдныя зямлянкі. Канечне, адноўленыя, але акурат такія, у якіх знаходзілі прытулак жыхары вострава волі.

Хатынь. Наш боль

У Хатыні хоць раз павінен пабыць кожны жыхар Беларусі. Гэта аксіёма, якая не патрабуе доказаў. Вёсачка ў 26 двароў, разам з людзьмі спаленая фашыстамі 70 гадоў таму, стала сімвалам нацыянальнай жалобы і нацыянальнай памяці. Аднойчы пабыўшы ў Хатыні, становішся іншым. У адносінах да той далёкай ужо вайны, да сваіх родных людзей, да ўласных памкненняў і ўчынкаў. Калі вы былі там — зразумееце, пра што я, калі не — знайдзіце дзень праехаць па шашы Мінск — Віцебск, павярнуўшы на 54-м кіламетры да лясной вёскі, якая пакліча вас з гушчару гукам сваіх бяссонных званоў.

Курган Славы. Наш гонар

А на Курган Славы, які ўзвышаецца ў Смалявіцкім раёне ля трасы з Мінска на Маскву, варта хоць аднойчы ўзысці, бо тут, на вышыні 35 метраў, нараджаецца пачуццё гонару. За людзей, якія выстаялі ў пекле той вайны, якія на гэтым месцы загналі летам 1944-га шматтысячнае нямецкае войска ў славуты “Мінскі кацёл” — чатыры штыкі, што вянчаюць насып, сімвалізуюць чатыры франты, якія вызвалялі Беларусь. За прыгажосць роднай зямлі — з вышыні кургана адкрываецца шыкоўны краявід. За краіну, якая зберагае памяць: калі насыпалі Курган, тысячы людзей з усёй Беларусі прывезлі па жмені зямлі са сваіх родных мясцін...

Лінія Сталіна. Наша сёння

Чаму наша сёння? Бо Лінія Сталіна — любімае месца адпачынку моладзі. Адпачынку з сэнсам — у гэты адноўленым грандыёзным абарончым ансамблі нярэдка ладзяцца рэканструкцыі падзей мінулай вайны з удзелам вайсковых клубаў. Тады тут усё па-сапраўднаму: адзенне, зброя, дэкарацыі. Нават не дэкарацыі —  сапраўдны ўмацаваны раён, з ДОТамі, акопамі, супрацьтанкавымі траншэямі, бліндажамі. У гэтым музеі пад адкрытым небам сабрана найбольш поўная экспазіцыя сапраўднай ваеннай тэхнікі, танкаў, самалётаў, рознай зброі... Дзеці, асабліва хлопцы, проста вішчаць ад захаплення. Ды і астатнім ёсць на што паглядзець.
Музей  пад адкрытым небам знаходзіцца ў Мінскім раёне ля вёскі Лашаны.

Да 70-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і 70-годдзя Вялікай Перамогі “Народная газета” распачынае новую акцыю “Помніць, каб жыць!”. З вашай дапамогай, нашы шаноўныя чытачы, разам з вамі ў кожным раёне нашай шматпакутнай Беларусі мы плануем прайсці шляхам ваеннага ліхалецця і народнага подзвігу, расказаць пра ветэранаў, пра абеліскі, помнікі, памятныя шыльды ў гонар вялікіх бітваў і баёў так званага мясцовага значэння, якія паспрыялі перамозе, каб яшчэ раз ушанаваць тых, хто аддаў сваё жыццё за Айчыну. У абласных і раённых цэнтрах, у пасёлках і вёсачках, на могілках і проста ў полі — амаль паўсюль стаяць маўклівыя сведкі Вялікай Айчыннай вайны, пра многія з якіх не ведае наша моладзь. Давайце разам узгадаем нашу гісторыю, раскажам пра яе жахлівыя і пераможныя дні і ночы, схілім галовы перад мужнасцю нашых продкаў. Давайце яшчэ раз выкажам словы глыбокай пашаны і ўдзячнасці нашым абаронцам, якім пашчасціла дажыць да гэтых дзён.

Мы павінны помніць! Каб жыць, каб упэўнена глядзець у будучыню і будаваць наша заўтра, каб нашы дзеці, унукі і праўнукі ганарыліся намі, каб яны любілі сваю цудоўную незалежную краіну, за якую аддаў жыццё кожны трэці беларус.

←Письмо и цветы для ветерана

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика