Самы прыгожы горад Беларусі – Глыбокае!
Канкурэнтамі на ганаровае званне Глыбокаму сёлета сталі такія гарады, як Шклоў і Ваўкавыск. Патрабаванні да «канкурсантаў» былі вельмі высокія. Браліся пад ўвагу не толькі знешні выгляд дамоў і вуліц, але іх асветленасць, аб’ём асфальтавага пакрыцця, стан жыллёвага фонду з улікам капітальнага і цякучага рамонту. Свае патрабаванні прад’явілі таксама міністэрствы аховы працы, будаўніцтва і архітэктуры, транспарту, унутраных спраў.
Старшыня райвыканкама Алег Морхат падзякаваў усім, хто дапамагаў Глыбоччыне перамагчы ў конкурсе і заўважыў:
— Пабудаваць — паўбяды. Утрымліваць і прымнажаць — вось наша галоўная задача!
А гэта значыць, што глыбачане сур’ёзна настроены ўтрымаць у сябе Пераходны вымпел. Тым больш што горад рыхтуецца адзначыць у 2014-м годзе сваё 600-годдзе.
Уладзімір САУЛІЧ, «БН»
НА ЗДЫМКАХ: міністр жыллёва-камунальнай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь Андрэй ШОРЭЦ (справа) уручае Пераходны вымпел старшыні Глыбоцкага райвыканкама Алегу МОРХАТУ; адна з вуліц Глыбокага.
Фота аўтара