100 сартоў бэзу механізатара Яўгена Квача
З Яўгенам Браніслававічам павіталіся, як старыя знаёмыя, хаця апошні раз давялося быць у яго ўнікальным дэндрасадзе больш за дзясятак год таму назад. Шмат чаго памянялася: падраслі дрэвы, з’явіліся новыя плантацыі. Вось толькі гаспадар, здаецца, застаўся ўсё той жа: маладжавы, нягледзячы на пенсійны ўзрост, пругкі ў паходцы і па-ранейшаму ўлюбёны ў сваю справу.
— Затрымліваецца сёлета «чырвоная Масква», — пакратаў ён бурачковага колеру гронку на кусце. — Летась у такі час ва ўсю цвіла. Холадна…
— Яўген Браніслававіч, — імкнуся адразу зачапіцца за яго словы, — куды не кінеш вока, усюды ў вас бэз. І розны. Сартоў дзвесце будзе?!
— Ну, не, — смяецца садавод. — Гэта вы загнулі. Спецыяльна не лічыў, але пад сто дакладна расло.
— А чаму ў мінулым часе?
— Давялося некаторыя кусты выкарчаваць, бо старымі сталі. Дый усё роўна яшчэ хапае. Вось, — паказвае, — жоўты бэз, вось — махровы, а гэта — «флора белая». Гронкі па паўметра. Сарваў — і цэлы ахапак кветак!...
«Закідваю вуду», раз на тое пайшло, каб даведацца, як жа ўдалося яму сабраць на сваім агародзе бэз ці не з паловы планеты? І пачуў наступнае. Аказваецца, Яўген Квач у душы нейкім чынам калекцыянер. Зацікавіцца чым, не спыніш, пакуль не ўбачыць, што ўсе магчымасці вычарпаны. Так і з бэзам. Хваляваў ён яго з юнацтва. Адзін сорт, другі, трэці. «Перабраў» раён. Потым «ператрос» батанічныя сады Мінска, Вільнюса, Рыгі, многіх гарадоў Расіі. Каб адправіцца ў паездку, патрэбны былі час і грошы. І з тым, і другім было туга. У калгасе і ў выхадныя цяжка было вырвацца. Працавалі нават ноччу. Выбіраў пачатак вясны, калі была не такая пільніца. Прасіў падмену. «Адрываў» ад сям’і, жонкі і чатырох дачок зусім не лішнія рублі. А яшчэ рассылаў пісьмы па ўсім Саюзе з просьбай выслаць насенне.
Калі ж быць праўдзівым да канца, то трэба сказаць, што Яўген Квач — садавод-самародак, які працягвае справу Мічурына і свайго земляка Сікоры. Ён не столькі заводзіць, колькі выводзіць новыя сарты звычайных і пладовых дрэў. У яго былі цэлыя плантацыі яблынь, груш, якія ён прыстасоўваў да нашага клімату.
Апошняе захапленне Яўгена Квача — арэх фундук. На агародзе некалькі радоў гэтага арэшніку з прыгожым чырвоным лісцем. І сартоў ён паспеў завесці ажно 70. Прычым амаль палову вывеў сам. Не за гарамі і той час, калі, мажліва, дагоніць да «бэзавага» рэкорда.
— Чырвоналіставы арэх фундук у Беларусі разводжу я адзін, — з гонарам выдае ён. — Таму што накладна, калі размнажаць чаранкамі, то з дзесяці прыжываюцца толькі два. Які сёння гадавальнік пойдзе на такія страты?! Я выкарыстоўваю чаранкі ў крайнім выпадку. Іду пры рамнажэнні сорту другім шляхам: парастак ад куста, не адсякаючы, укладваю ў зямлю. За два гады ён пускае карані. Адлучаю тады ад куста і высаджваю. Прыжывальнасць — сто працэнтаў!
Можа ўзнікнуць пытанне, адкуль паявіўся ў далёкай вёсцы на Глыбоччыне такі незвычайна таленавіты чалавек? Яго бацькі, простыя калгаснікі, былі адсюль. Цягу да садаводства хлопчыку прывіў сусед-хутаранін, у якога ён і навучыўся прышчэпліваць дрэвы. Пасля службы ў арміі Яўген вывучыўся ў Ашмянах на трактарыста, бо гэта была тады рамантыка і «коней» на колах было яшчэ вельмі мала. Роўна трыццаць год вырошчваў хлеб у роднай гаспадарцы, аддаючы кожную вольную хвіліну свайму самаму любімаму «полю» — саду. Уздыхнуў вальней, калі пайшоў на пенсію. Менавіта за апошнія дваццаць год і ўдалося больш за ўсё зрабіць.
Самымі лепшымі дарадцамі і сябрамі па садаводству ў яго з’яўляюцца кнігі, якімі застаўлены цэлыя два стэлажы. Тут ёсць нават тоўсты чатырохтомнік Мічурына і поўная энцыклапедыя прыроды Беларусі.
Да садавода-любіцеля ў вёску Квачы прыязджаюць вучоныя з інстытутаў Беларусі і Расіі. Тут ёсць што пераняць, чаму павучыцца!
Уладзімір САУЛІЧ, «БН»
Фота аўтара