Прывітанне, Баку!
У Азербайджане пройдуць Дні культуры Рэспублікі Беларусь
Лепшыя ўзоры опернага, эстраднага, фота- і кінамастацтва, а таксама народнай творчасці прадэманструюць дзеячы мастацтва нашай краіны ў Азербайджанскай Рэспубліцы з 4-га па 7 чэрвеня. Як паведаміла «Р» прэс-сакратар Міністэрства культуры Юлія Віскуб, праграма мерапрыемстваў насычаная і разнастайная.
Урачыстае адкрыццё Дзён культуры адбудзецца ў Азербайджанскай дзяржаўнай філармоніі. У праграме гала-канцэрт — выступленні лепшых калектываў і выканаўцаў нашай краіны, сярод якіх Беларускі дзяржаўны ансамбль народнай музыкі «Свята», оперныя салісты – лаўрэат міжнародных конкурсаў Крыскенція Стасенка і дыпламант нацыянальнага конкурсу Міхаіл Пузанаў, лаўрэат міжнародных конкурсаў баяніст Уладзіслаў Плігаўка, вядомая эстрадная спявачка Гюнэш.
У галерэі «1969» горада Баку адкрыецца фотавыстава Беларускага тэлеграфнага агенцтва, прысвечаная жыццю і прыродзе нашай краіны. А ў кінацэнтры імя Нізамі азербайджанскія гледачы змогуць пазнаёміцца з беларускім кіно, будуць прадэманстраваны анімацыйныя фільмы і мастацкія — «Брэсцкая крэпасць» і «Украсці Бельмандо».
----------------------------------------
Дарэчы
Міністр культуры Рэспублікі Беларусь Барыс Святлоў прымае сёння ўдзел у II Сусветным форуме па міжкультурным дыялогу, які праходзіць у Баку. Абмеркаваць праблемы развіцця міжкультурных адносін у сталіцу Азербайджана сабраліся кіраўнікі міжнародных арганізацый, цяперашнія і былыя прэзідэнты шэрага краін, міністры больш за 100 дзяржаў свету. З беларускага боку ў склад дэлегацыі таксама ўвайшлі генеральны дырэктар Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Уладзімір Грыдзюшка і генеральны дырэктар Беларускай дзяржаўнай філармоніі Аляксандр Гарбар.