Зніжка за заказ па-беларуску

Источник материала:  

— Ці сапраўды вы прадастаўляеце зніжку тым кліентам, якія размаўляюць па-беларуску?

— Так, сапраўды, зніжка 10 %.

Так пачалася мая размова па тэлефоне, нумар якога пабачыла на адным з білбордаў у Гомелі. Фірма прапанавала выраб корпуснай мэблі. Паколькі мне сапраўды патрэбен пісьмовы стол, падумала: чаму не скарыстацца такой прывабнай прапановай?

Потым мы пазнаёміліся з менеджарам Віктарам Савічам, які, дарэчы, гэтую ідэю і прапанаваў сваім наймальнікам. Ён падрабязна і на роднай мове расказаў мне пра магчымасці іх фірмы.

Зніжка за заказ па-беларуску

— Мы робім усё тое, што робяць і іншыя, хто займаецца вытворчасцю корпуснай мэблі, але яшчэ і крыху больш. Бо ў нас ёсць каваныя вырабы, на якія таксама распаўсюджваецца "беларускамоўная" зніжка. Калі вы хочаце зрабіць заказ, мы выязджаем да вас, робім 3D-дызайн. Пасля гэтага, калі вас зацікавіла наша прапанова, распрацоўваем кошт з улікам зніжкі і падпісваем дагавор. Дарэчы, кошты вы самі можаце параўнаць — у нас танней за іншых. Тым больш мы даём гарантыю на сваю прадукцыю.

Зразумела, мне стала цікава, ці шмат кліентаў ужо "клюнулі" на магчымасць сэканоміць з дапамогай мовы за той месяц, колькі білборд са слоганам "На сваяках не зарабляем" усталяваны ў горадзе.

— Паўтара дзясятка заказаў са зніжкамі, — адказвае Віктар. — Людзі не заўсёды ўпэўнена размаўляюць па-беларуску, але ж яны імкнуцца гэта рабіць, хоць і збіваюцца. Часам пераходзяць на рускую мову, але ж усё роўна спрабуюць размаўляць па-беларуску. Калі мы з імі часцей сустракаемся, заўважаю, што ў іх лепш атрымліваецца — новыя словы ўводзяць у лексікон. Яшчэ 30 дагавароў знаходзяцца ў стадыі распрацоўкі — мы пакуль не ведаем, ці ўсе згодзяцца іх падпісаць. Важна, што заўсёды размова адбываецца з добрай усмешкай, з цудоўным настроем. І кліент заўсёды будзе памятаць пра тое, як ён замаўляў сваю мэблю менавіта па-беларуску.

У Гомелі тых, хто прапагандуе мову, няшмат. І таму вельмі прыемна, што з'явіліся і іншыя білборды, якія, напрыклад, з дапамогай малюнкаў перакладаюць некаторыя вельмі прыгожыя словы і растлумачваюць іх для ўсіх: агрэст — крыжовник, кавун — арбуз, ажына — ежевика...

— Гэта ж цікава — размаўляць па-беларуску, — разважае мой суразмоўца, які, аказваецца, адукацыю атрымліваў у Гомельскім дзяржаўным універсітэце па спецыяльнасці "руская мова і літаратура". — Сёння я цэлы дзень размаўляў па-руску і не адразу магу пераключыцца на беларускую. Але ж крыху пагутарыў — і гавару значна лепш. У мяне ёсць некалькі сяброў, якія размаўляюць па-беларуску. Людзям я заўсёды адказваю на той мове, на якой да мяне звяртаюцца. Каб падтрымліваць беларускамоўную "форму", чытаю беларускія творы: Караткевіча, Быкава.

Сузаснавальнік групы кампаній "Славія" Генадзь Кустаў, які даў "зялёнае святло" ўвасабленню ініцыятывы свайго падначаленага, расказаў, што сам вырас у вёсцы і ў дзяцінстве размаўляў на жыткавіцкай гаворцы:

— Я вырас у вёсцы Вязаў Лес, што ў Жыткавіцкім раёне. У мяне настальгія па свайму, па роднаму засталася. Таму так лягла на душу гэтая ідэя. І зараз вельмі люблю лес, паляванне, рыбалку і часта бываю ў тых населеных пунктах, дзе больш размаўляюць па-беларуску, чым па-руску. Такі білборд у Гомелі ў нас пакуль адзін. Але зараз разглядаем і іншыя варыянты, бо ў нашай кампаніі шмат розных напрамкаў, напрыклад, гандаль ювелірнымі вырабамі. Неўзабаве плануем адкрыць краму ў Мінску. Не выключана, што яе дызайн будзе распрацаваны менавіта ў беларускім стылі.

Ірына АСТАШКЕВІЧ. Фота аўтара.

←Проезд в общественном транспорте Минска подорожает 25 мая

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика