Унікальныя людзі — гэтыя... "рыжыкі"
Рыжавалосых людзей можна смела назваць унікальнымі, бо іх на планеце Зямля вельмі мала. Па некаторых звестках, максімум 6%, а ў іншых інфармацыйных крыніцах гаворыцца, што рыжавалосых удвая менш.
Пагадзіцеся, на вуліцы, у кавярні і гэтак далей вашы вочы чамусьці імкнуцца лепш разгледзець сустрэчнага рыжавалосага незнаёмца. А калі ў калектыве з'яўляецца руды супрацоўнік, апошняе міжволі згадваецца падчас абмеркавання персоны наваспечанага калегі.
Ёсць даследаванні пра тое, што больш за 1/3 зямлян маюць "рыжы ген" (па некаторых звестках — нават 40%). Значыць, калі бацькі не рыжыя, як і іх бацькі, дзяды, прадзеды і гэтак далей, у іх усё роўна можа нарадзіцца "дзіця сонца", бо ген, як кажуць, пальцам не выціснеш.
"Рыжы фестываль"?
Было б цікава даведацца, ці ёсць у нас у Беларусі вёска або гарадок, дзе колькасць рыжых параўнальна высокая? Без жартаў! Можна было б, улічваючы гэты факт, прыдумаць і арганізаваць там нешта крэатыўнае.
Вось у брацкай Расіі сёлета запланавалі правесці аж 10 "Рыжых фестываляў"!
Аказваецца, Іжэўск — расійская сталіца рыжых. Гэты горад невыпадкова быў выбраны для правядзення аднаго з самых незвычайных фестываляў у свеце, бо менавіта ўдмурты — самы рыжавалосы народ Расіі. А ва ўсім свеце лідар па колькасці рудых — Ірландыя, дзе, па некаторых падліках, кожны дзясяты жыхар — рыжы. Але пры гэтым іжэўскія энтузіясты ўпэўнены, што менавіта іх зямля — прарадзіма плямёнаў рыжых. Маўляў, быў такі народ — будзіны, пра які пісаў Герадот: "качавое племя людзей з блакітнымі вачыма і рыжымі валасамі". І племя ўпачатку жыло паміж вялікімі рэкамі Волга і Кама.
Падчас "рыжага" фестывалю ў Іжэўску на цэнтральнай плошчы праводзяць "Рыжы кірмаш", дзе ў ліку іншага можна купіць рыжыя парыкі, сродкі для фарбавання валасоў, працуе "Рыжы фотасалон" , арганізуецца музычны конкурс "Рыжая мелодыя" і "Рыжы тур- злёт" з удзелам выключна рыжавалосых сем'яў... А завяршаецца свята "спецыялізаваным" салютам пад назвай "Салют, рыжы!". Па традыцыі фэст праводзіцца ў пачатку восені. І зноў невыпадкова: шмат рыжага колеру, рыжае лісце і на кронах дрэў, і пад нагамі...
Цікава, што ўваход на фестываль бясплатны не толькі для рыжых.
Дарэчы, на Віцебшчыне сёлета задумалі правесці першы "Вішнёвы фестываль" па аналогіі з ужо існуючымі за мяжой. Ідэю "рыжага" фестывалю — дару. Рэалізуйце і запрашайце на свята! Упэўнены, што навіна аб планах правядзення ў Беларусі першага фестывалю рыжых стане добрай інфармацыйнай нагодай для СМІ. А пры добрай фантазіі, упэўнены, шмат фірмаў і прадпрыемстваў ахвотна дапамогуць правесці "сонечную акцыю".
Рыжыя Леанарда і Вівальдзі...
Вядомых рыжых таксама нямала. У Расіі да з'яўлення на палітычнай арэне Чубайса, прозвішча якога даўно ўжо стала "сінонімам" слова "руды", самай вядомай рыжай была Ала Барысаўна Пугачова. Дарэчы, Чубайс — родам з Беларусі.
У спісе вядомых рыжых — імператар Нерон, Іван Грозны, Джордж Вашынгтан, Галілей, Вівальдзі, Леанарда да Вінчы, Вінцэнт ван Гог, Фрыдрых Шылер, Марына Цвятаева, Сара Бернар і нават Хрыстафор Калумб...
У пачатку 1980-х амерыканец Стывен Дуглас стаў заснавальнікам Міжнароднага саюза рыжых. А спецыялізаваны часопіс Thе Rеdhаіrеd займаецца прапагандай значнага ўкладу ў развіццё цывілізацыі рыжавалосых людзей, піша на ўсе тэмы пра рыжых.
Між іншым, Пётр І сваім указам забараніў даваць дзяржаўныя пасады "Рыжым і касавокім, таму што Бог шэльму меціць!" А яшчэ на Русі гаварылі: "Рыжы ды чырвоны — чалавек небяспечны".
Рыжыя галоўныя героі кінафільмаў гарантуюць непазбежны поспех, калі, вядома, сцэнарый больш-менш цікавы. Рыжавалосая Ніколь Кідман, фільмы з удзелам якой вельмі касавыя, у дзяцінстве часта была аб'ектам для кпінаў. Зараз гэтая вельмі сексапільная "зорка", як вядома, стала бландзінкай. А памятаеце савецкі мультфільм з галоўным рыжым персанажам? І ў наш час глядзець гэты мульцік — задавальненне.
Пакуты і радасці рыжых
Да рыжых, быў час, ставіліся, мякка кажучы, не па-людску.
Напрыклад, у старажытныя часы ў Егіпце менавіта рыжых прыносілі ў ахвяру богу сонца. У часы сярэднявечча нялёгка жылося жанчыне з рыжым колерам валасоў: калі нешта не тое адбывалася ў мясцінах, дзе яна жыве, адразу крычалі, што рыжая ведзьма ва ўсім вінаватая.
А ў Персіі і рыжавалосым мужчынам даставалася, бо лічылі, што руды колер валасоў з'яўляецца пацверджаннем таго, што іх уладальнік "сябруе" з цёмнымі сіламі.
А потым "рыжыкам" стала жыць значна прасцей. Рыжавалосыя жанчыны, можна сказаць, "увайшлі ў моду". Прыгажуні спецыяльна фарбавалі валасы менавіта ў рыжы колер, каб заўсёды быць у цэнтры мужчынскай увагі.
Дарэчы, рудыя жанчыны павінны быць шчыра ўдзячнымі жывапісцу Рубенсу, які маляваў натуршчыц з рыжымі валасамі і яшчэ больш зрабіў папулярнымі "жанчын сонца" сярод мужчын. А ван Гог быў рыжым, што можна ўбачыць на славутым яго аўтапартрэце.
Ёсць даследаванні пра тое, што, аказваецца, сярод рыжых больш ляўшэй або людзей, якія аднолькава добра валодаюць і правай, і левай рукой.
Колер валасоў, вядома, не можа не ўплываць на характар і жыццё чалавека. Але рыжыя, як адзначалася вышэй, заўсёды ў цэнтры ўвагі. І гэта загартоўвае характар ды ўвогуле фарміруе моцную асобу, якая можа пастаяць за сябе.
Людзі з рыжымі валасамі параўнальна больш тэмпераментныя, часта наравістыя і непакорлівыя. І таму нярэдка самаўпэўненым, тэмпераментным і актыўным рыжавалосым людзям прыпісваюць негатыўныя якасці. Напрыклад, лічаць іх непастаяннымі ў стасунках з супрацьлеглым полам. Асабліва гэта тычыцца жанчын. Але такія меркаванні далёкія ад ісціны, бо нельга ж усіх рыжых адной меркай мераць...
Рыжы або не — якая розніца? Быў бы чалавекам добрым. А рыжы колер валасоў — гэта, пагадзіцеся, прыгожа, эксклюзіўна, натхняльна...
Аляксандр ПУКШАНСКІ