Дзве сярэбраныя шаблі і тры залатыя манеты
Цікава паглядзець на герб горада, кожны з элементаў якога мае канкрэтны гістарычны сэнс. Залатыя манеты сведчаць пра ажыўлены гандаль. Крапасная сцяна сімвалізуе старажытныя гарадскія ўмацаванні, якія неаднаразова ратавалі жыхароў ад захопнікаў, а скрыжаваныя шаблі — пра мужнасць тутэйшых людзей, якія давалі адпор заваёўнікам і прыгнятальнікам.
Ёсць дакладныя гістарычныя факты, што глыбачане актыўна ўдзельнічалі ў паўстаннях Тадэвуша Касцюшкі і Кастуся Каліноўскага. У вайну 1812 года з Напалеонам мясцовыя хлебапёкі ў цеста дамяшалі нягашаную вапну, ад чагу вымер амаль увесь французскі гарнізон.
Асабліва яркую старонку ў сваю гісторыю жыхары Глыбокага і раёна ўпісалі ў гады Вялікай Айчыннай. У горадзе дзейнічалі падпольная група пад кіраўніцтвам Юрыя Сабалеўскага і падпольны райкам камсамола. Падпольшчыкі распаўсюджвалі сярод насельніцтва лістоўкі, выдавалі газету «За свабоднае жыццё», здабывалі разведданыя пра фашыстаў і рух варожых эшалонаў па чыгунцы Полацк — Маладзечна. Патрыёты станцыі Падсвілля выкарыстоўвалі «вугальныя міны». Толькі вясной 1944 года на іх узарвалася 3 паравозы. Пасля налёту партызан чыгунка Крулеўшчына — Глыбокае — Варапаева наогул была поўнасцю выведзена са строю. У Галубіцкай пушчы і яе наваколлях граміў ворага партызанскі атрад «Кастрычнік». Выключную смеласць і адданасць Радзіме праявілі ў баях з ворагам народныя мсціўцы Васіль Тамашэвіч, Пётр Кампан, Феня Кузняцова, Клава Шакаладава, Міхаіл Ігнацкі, а таксама юныя мсціўцы Жэня Кухарэнка, Ваня Слабука, Вася Мармышоў і іншыя.
Пры ўездзе ў Глыбокае з боку Полацка, Рыгі, Мінска і Вільнюса бачны на высокіх пастаментах герб і дата нараджэння горада: 1414. Райцэнтр, такі старажытны і такі малады, атрымаў асаблівы росквіт у апошняе дзесяцігоддзе, пры незалежнай Беларусі.
Уладзімір САУЛІЧ, «БН»
НА ЗДЫМКУ: герб Глыбокага.
Фота аўтара