Узлёт не дазваляецца, або Самалёт назаўсёды «прызямліўся» ў Бягомлі
Пачнем з таго неверагоднага факта, пра які напісана шмат кніг, расказваюць дакументальныя і мастацкія кінастужкі: Бягомль — адзіны (!) пасёлак на тэрыторыі рэспублікі, які не быў пад пятой нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Як вызваліла яго ў снежні 1942 года партызанская брыгада «Жалязняк», так і да поўнага выгнання акупантаў у 1944 годзе тут была савецкая ўлада. Партызаны ўтрымлівалі раён плошчай 2 тысячы квадратных кіламетраў з насельніцтвам у 40 тысяч чалавек.
Але асабліва важная ў стратэгічных адносінах была свабодная ад акупантаў зона ў тым, што тут дзейнічаў аэрадром, які абслугоўваў 23 партызанскія брыгады Мінскай, Вілейскай і Віцебскай абласцей. Адсюль у тыл адпраўляліся дзеці, параненыя байцы. З гэтага аэрадрома адлятала ў Маскву і легендарная Мазанік — пасля таго як знішчыла ў Мінску гаўляйтэра Кубэ. Тут прызямлілася і кіраўніцтва ЦК кампартыі Літвы на чале са Снечкусам. Сюды лётаў вядомы лётчык-выпрабавальнік Сяргей Анохін, які потым рыхтаваў касманаўтаў у Зоркавым (Звездном. — Аўт.)
Для фашыстаў партызанскі аэрадром у Бягомлі — як бяльмо на воку. Яны не раз кідалі вялікія сілы, каб захапіць яго і пасёлак.
Праводзілася некалькі карных аперацый. Асабліва жорсткія баі разгарнуліся з 20 мая па 21 чэрвеня 1943 года. У Кнізе Памяці пра гэта апавядаецца так: «Праводзілася (Аперацыя. — Аўт.) па ўказанні ўпаўнаважанага Гімлера па барацьбе з партызанамі на Усходзе обергрупенфюрэра СС, начальніка СС і паліцыі групы арміі «Цэнтр» Баха-Зелеўскага спецыяльнымі карнымі часцямі СС, жандармерыяй, ахоўнымі войскамі, паліцыяй пры падтрымцы рэгулярных войск з танкамі, артылерыяй, авіяцыяй. Усяго больш за 80 тысяч карнікаў. У раёне Домжарыцкіх і Паліцкіх балот гітлераўцы акружылі партызанскія брыгады «Жалязняк», «Дзядзькі Колі», імя Кірава. Раніцай 10 чэрвеня 1943 года асноўныя сілы брыгады «Жалязняк» прарвалі кальцо варожай блакады ва ўрочышчы Званюк паміж вёскамі Улессе і Ліпск. Дзве другія брыгады выйшлі з баямі з акружэння ў ноч 19 чэрвеня ў раёне вёсак Крайцы і Пастрэжжа. 21 чэрвеня нямецкае камандаванне, не дасягнуўшы галоўнай мэты — знішчэння партызан, спыніла аперацыю».
Жывы сведка падзей Уладзімір Герасімёнак, якому на той час было 8 год (ён цяпер — старшыня ветэранскай арганізацыі пасёлка) прыгадвае:
— Бягомль немцы бамбілі па-страшнаму: пускалі з самалётаў бляшаныя «футляры», начыненыя тэрмітнымі шарыкамі. Увесь Бягомль гарэў… У тых баях загінуў і мой хросны Васіль Гайдук. Ён сам узяўся прыкрываць з кулямётам адыход асноўных сіл брыгады.
Удзячныя нашчадкі назвалі ў гонар патрыётаў вуліцы Бягомля, якія прылягаюць сёння да тэрыторыі былога аэрадрома: імя Героя Савецкага Саюза камандзіра брыгады «Жалязняк» Івана Ціткова, імя Героя Савецкага Саюза камісара брыгады «Жалязняк» Сцяпана Манковіча, імя Леаніда Бірукова, начальніка штаба брыгады «Жалязняк». Аб подзвігу народных мсціўцаў расказвае музей, у якім сабрана звыш 17 тысяч экспанатаў.
Ну а самы каштоўны і незвычайны — самалёт! Некалькі год таму ён стаяў яшчэ на пляцоўцы за музеем. А калі Бягомль абнаўляўся, дзякуючы Дзяржаўнай праграме падтрымкі малых гарадоў, самалёт паставілі на ўездзе ў населены пункт.
Заслугоўвае ўвагі сама гісторыя з’яўлення тут самалёта. Цэлую эпапею яго дастаўкі ў Бягомль расказаў старшыня мясцовай ветэранскай арганізацыі Уладзімір Герасімёнак:
— Займаліся гэтым я асабіста і былы начальнік штаба брыгады «Жалязняк» Леанід Бірукоў. Спачатку звярнуліся ў Беларускую дзяржаўную акругу. Такога самалёта, прататыпа транспартнага «Дугласа», там не было. Знайшлі яго толькі ў Варкуце. Сваім ходам перагналі ў Лепель. Потым, каб даставіць да месца прызначэння, знялі крылы і далейшую аперацыю праводзілі на верталёце. Давялося ў Бягомлі спілаваць нават некаторыя вялікія дрэвы і зняць электрычныя правады.
Сёння самалёт Іл-14 — гэта помнік загінуўшым патрыётам, ветэранам, якія не скарыліся перад акупантамі, не пусцілі іх на свяшчэнную бягомльскую зямлю.
Уладзімір САУЛІЧ, «БН»
Фота Вячаслава ЧАРВІНЬСКАГА