Сметнікі без санкцыі

Источник материала:  
НА УЗДЗЕНШЧЫНЕ — генеральная ўборка. Райцэнтр стане сталіцай абласных «Дажынак», і ў горадзе плануюцца значныя пераўтварэнні. У вёсках зараз працуе спецыяльна створаная брыгада з гарадскіх работнікаў: высякаецца кустоўе, спілоўваюцца аварыйныя дрэвы, прыбіраюцца могілкі. Мясцовыя жыхары таксама ўзяліся за граблі і пэндзлі. Вось толькі чыста бывае не там, дзе прыбіраюць, а там, дзе не смецяць. У чым карэспандэнт «БН» пераканалася, наведаўшы разам са спецыялістам абласнога Камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Міхаілам БУРШАМ Уздзенскі раён.

Відаць, Акуліна булкі пякла: усе вароты ў цесце. Так можна сказаць пра «фірменны почырк» будаўнікоў з Салігорска, якія працавалі на ўзвядзенні малочна-таварнага комплекса ў ААТ «Новае жыццё». Праўда, агароджы і варотаў на жывёлагадоўчым аб’екце яшчэ няма, як і добраўпарадкаванай тэрыторыі навокал. Падрадчыкі з’ехалі, пакінуўшы ўздоўж дарогі, прама на палетку побач з МТК, цэлы шлейф смецця. Пакуль вернуцца, будаўнічыя адыходы на ўзбочыне будуць не толькі псаваць навакольны пейзаж, а і забруджваць палі: упаковачная плёнка ветрам разносіцца ўсё далей. Хутчэй за ўсё падрадная арганізацыя атрымае квіток аб штрафе за парушэнне прыродаахоўнага заканадаўства.

Такія вось «рэшткі» прамысловай дзейнасці аказваюцца і на несанкцыянаваных звалках. Каб далёка не везці, адыходы скідваюць у лесе. Побач з вёскай Яршы адна з такіх. Яе спрабавалі ліквідаваць ды справу не давялі да канца.  Прама ў сметніку стаяць невялікая сушылка ААТ «Наднеман» і збітыя з дошак лавы для адпачынку і навес над імі. Гэта альтанка патанае ў кучы акуркаў, пластыкавых келіхаў ды бутэлек. І брудна, і брыдка. Брыдка найперш местачкоўцам: няўжо тут можна адпачываць?

У сталічнай вобласці аб’явілі вайну так званым міні-палігонам, што раней размяшчаліся бадай каля кожнай вёскі. На Уздзеншчыне правялі падворны абыход жыхароў, папярэдзілі праз СМІ, што ў раёне пераходзяць на цэнтралізаваны збор адыходаў: калі ласка, нясіце ўсе, што больш у гаспадарцы не спатрэбіцца, на спецыяльна абсталяваныя пляцоўкі з кантэйнерамі. ЖКГ з вяскоўцамі заключыла дагаворы на вываз смецця, за што, натуральна, патрабуе невялікую аплату. Заплаціць можна і на пошце, і ў банку. Праблема ў іншым. Для сельскіх жыхароў, прывыкшых скідваць хлам прама за агародамі, цяжка перайначыць гэты ўклад. І за камунальныя паслугі многія з іх не разлічваюцца. У ЖКГ змагаюцца з неплацельшчыкамі рознымі метадамі, у тым ліку і праз суд.

— На Міншчыне міні-палігоны практычна ліквідаваны. Землі, занятыя пад звалкамі, рэкультываваны і перададзены пад лесапасадкі. І цяпер, калі смецце зноў выкідваюць на ранейшае месца, прыбіраць яго даводзіцца новаму землекарыстальніку, — абазначае праблему Міхаіл Бурш.

Напярэдадні нашага прыезду маніторынг сельскагаспадарчых аб’ектаў і тэрыторый агульнага карыстання на прадмет навядзення там парадку правялі раённыя эколагі.

— На фермах, дзе давялося пабываць, раскіданы рэшткі саломы, якой укрывалі сянажныя траншэі, і няякасных кармоў. Шмат заўваг па мехдварах. Цяпер, калі трэба тэрмінова рамантавацца, знятыя дэталі і запчасткі валяюцца прама на тым месцы, дзе рабілі рамонт, — называе характэрныя недахопы начальнік раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Юрый Зубовіч. — Мы абавязкова абследуем іх пасля сяўбы. У гарачы час і сапраўды няма калі наводзіць парадак. Аднак там, дзе пастаянна яго падтрымліваюць, механізатары сабе такога не дазваляюць. Не ўсюды як след абсталяваны месцы для мыцця транспарту. Будаваліся мыйкі са зваротным водазабеспячэннем, але абсталяванне прыйшло ў нягоднасць, і вада са шкоднымі рэчывамі — тэхнічным маслам, нафтапрадуктамі — расцякаецца па тэрыторыі.

Шмат прэтэнзій у экалагічнай службы да старшыні Нёманскага сельсавета Генадзя Юрыса. Напрыклад, кантэйнеры каля могілак вёскі Касцяшы перапоўнены старымі вянкамі, кветкамі і мінулагодняй расліннасцю. Арганізаваць вываз смецця павінен сельсавет. Не абсталяваны месцы для адпачынку на беразе Немана каля Магільна, куды ў купальны сезон з’язджаюцца многа гараджан. Ды і ў вёсках яшчэ шмат работы па навядзенні парадку.

P. S. Абласным камітэтам і раённай інспекцыяй прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя прыняты меры па ўхіленні выяўленых парушэнняў і прыцягненні вінаватых да адказнасці.

Алена КЛІМОВІЧ, «БН»

Фота аўтара

←Спасибо деду за Победу!

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика