Карагод сабраў сяброў. У Новасібірску
У Новасібірску прайшоў ХІ Міжнародны фестываль-конкурс беларускай музыкі "Карагод сяброў". Арганізатарам выступіў новасібірскі Беларускі культурна-асветніцкі цэнтр імя святой Еўфрасінні Полацкай (далей — БКАЦ) пры падтрымцы мэрыі Новасібірска і Мінгарвыканкама, кіраўніцтва раёнаў-пабрацімаў Заяльцоўскага і Першамайскага. Удзел у свяце беларускай музыкі, якое на гэты раз прымеркавалі да 120-годдзя Новасібірска і гадавіне пабрацімства Мінска і Новасібірска, прыняло больш як 500 (!) чалавек. Нашу краіну прадстаўляў ансамбль "Першацвет" Першамайскага раёна сталіцы. Беларускія цымбалісты, як прызналіся арганізатары фестывалю, самы дарагі падарунак сібіракам ад Беларусі! Дарэчы, статус міжнароднага конкурс набыў менавіта дзякуючы ўдзелу ў ім мінчан.
На працягу двух фестывальных дзён у глядацкай зале не было дзе яблыку ўпасці. Ніхто з наведнікаў не хаваў захаплення ад убачанага і пачутага, бо, сапраўды, кожны наступны канцэртны нумар не быў падобны на папярэдні! Прыемна здзівіла вялікая колькасць беларускай класічнай музыкі. Гучалі творы беларускага кампазітара Антона Абрамовіча, кантрдансы Фларыяна Міладоўскага, паланэзы Радзівілаў...
— Многія памылкова думаюць, што беларуская музыка — гэта выключна народныя песні і танцы, — усміхаецца член аргкамітэта фестывалю, намеснік дырэктара БКАЦ Людміла Шчаслівенка. — А вось і не! Гэта яшчэ і інструментальная музыка! Ды якая! Раяль, флейта, віяланчэль... Некалькі гадоў таму ў Новасібірскай дзіцячай школе мастацтваў мы арганізавалі творчую майстэрню па паглыбленым вывучэнні беларускай музычнай культуры. Развучваем з дзеткамі беларускія танцы, песні, забяспечваем нотамі, якія пасля кожнай паездкі чамаданамі прывозім з Беларусі. Таму не дзіўна, што выхаванцы гэтай школы бяруць самы актыўны ўдзел у нашым фестывалі.
Дапамагалі актывісты БКАЦ падбіраць рэпертуар і іншым творчым калектывам — удзельнікам фестывалю. Калі трэба, выязджалі на рэпетыцыі, перакладалі песні з рускай мовы на беларускую, падказвалі, як вымаўляць тое ці іншае слова. Па магчымасці, дапамагалі і беларускімі нацыянальнымі касцюмамі.
Трэба было чуць, як кранальна на чысцюткай беларускай мове спявала карэянка Ларыса Пак. У Ларысы за тыдзень да выступлення здарылася бяда: яна зламала руку... Дзяўчынка так моцна хацела выступіць, што нават траўма яе не спыніла! Выйшла на сцэну ў прыгожай накідачцы, якую спецыяльна з гэтай нагоды пашыла яе знаходлівая маці, — і другі год запар стала лаўрэатам.
Далучыліся да беларускага карагода і выхаванцы новасібірскага інтэрната для дзяцей-інвалідаў. Так, нікога не пакінула абыякавым выступленне Марка Дакучаева. Хлопчыка з анёльскім голасам, якія спяваў на беларускай мове, вынеслі на сцэну на руках. Тут жа на сцэне Марку перадалі падарунак — капялюш саламяны, пояс і беларускую сарочку — ад кіраўніка гурта "Дударыкі" Дзмітрыя Ровенскага (якога сібірскія беларусы з любоўю называюць "наш сябра Дзім Дзімыч").
Галоўнымі памочнікамі па сцэне былі курсанты-беларусы, што вучацца ў Новасібірску. Яны не толькі спявалі, але і дапамаглі праводзіць фестываль: выносілі і прыносілі крэслы, мікрафоны на сцэну, запрашалі калектывы і салістаў, размяшчалі ўдзельнікаў па грымёрках.
— Нялёгкая і напружаная іх работа забяспечыла гледачам адчуванне лёгкага, вясёлага і бесклапотнага беларускага свята, — кажа Людміла Шчаслівенка. — У Новасібірскім ваенным інстытуце навучаецца 56 курсантаў з Беларусі, выпускнікоў патрыятычных класаў і Мінскага сувораўскага вучылішча. Усе хлопцы як на падбор: спартыўныя, выхаваныя, граматныя. Гонар нацыі, адным словам.
Сярод лаўрэатаў конкурсу аказаўся і "Першацвет", які ў межах свята беларускай музыкі даў дабрачынныя канцэрты ў шматлікіх установах Новасібірска і Новасібірскай вобласці. Усюды беларускіх цымбалістаў сустракалі "на ўра". Апошнім жа глыбей за ўсё ў душу запала наведванне дзіцячага садка. "Калі маленькая дзяўчынка, бабуля якой родам з Беларусі, праспявала песню "Цік-так ходзікі, мне чатыры годзікі, чуб ільняны светларусы, тата з мамай — беларусы..." — мы не змаглі стрымаць слёз замілавання і радасці", — дзеліцца ўражаннямі кіраўнік беларускага ансамбля "Першацвет" Віктар Тульвінскі.
— Свята беларускай музыкі ледзьве змясцілася ў два дні. Столькі было ахвотных у ім удзельнічаць! — не ўтойвае захаплення Людміла Шчаслівенка. — Выступалі ж толькі тыя, хто прайшоў адборачныя туры. Колькасць заявак на фестываль яшчэ раз даказала, як шмат мы знайшлі верных сяброў за 12 гадоў дзейнасці цэнтра.
Фестываль жыве і шырыцца з кожным годам! І ўсё дзякуючы няўёмнай энергіі завадатараў карагода — актывістаў БКАЦ, сямейнай пары Лагуценка—Шчаслівенка. Суайчыннікі з Новасібірска Аляксандр Лагуценка і Людміла Шчаслівенка не на словах, а на справе любяць Беларусь, робяць усё, што ў іх сілах, каб пабрацімства паміж Сібір'ю і Беларуссю мацнела і шырылася. І няма сумненняў: пакуль такія людзі будуць гуртаваць вакол сябе этнічных беларусаў і зараджаць іх сваёй любоўю да ўсяго беларускага, беларуская культура і традыцыі будуць жыць далёка за геаграфічнымі межамі краіны!
Дарэчы, пра адлегласць... У дзень майго адлёту з гасціннага Новасібірска там з нецярпеннем чакалі канцэрта беларускіх "Песняроў". І зноў беларуская музыка загучыць за 5000 кіламетраў ад Беларусі!
Надзея ДРЫЛА,фота з архіва БКАЦ,
Мінск—Новасібірск—Мінск