Вясёлыя ўрокі, альбо Смех — не грэх
Калі я вучыўся ў другім класе, да нас прыйшоў новы вучань. Звалі яго Паўлікам. Прыкладна праз тыдзень на ўроку чытання настаўніца вырашыла праверыць ягоныя веды і выклікала з кніжкай да дошкі.
— Ты чытай, — сказала яна, — а вы ўсе слухайце ўважліва.
— Ты чытай, а вы ўсе слухайце ўважліва, — гледзячы ў падручнік, вымавіў Паўлік.
Настаўніца здзіўлена паглядзела на яго і спытала: «Што ты там гародзіш?»
«Што ты там гародзіш?» — «прачытаў» Паўлік.
Зінаіда Антонаўна як стаяла, так і села ад смеху, а за ёй грымнуў і ўвесь клас, бо мы чытаць ужо ўмелі, а ў той пачатковай школе, дзе раней вучыўся Паўлік, як высветлілася пазней, чытаць вучылі па метадзе «паўтарай за мной».
А пра якія метады навучання можна наогул весці размову, калі ў першыя пасляваенныя гады большасць настаўнікаў у сельскіх школах не мела педагагічнай адукацыі. Як умелі, так і вучылі, і што самі ведалі, таму і вучылі.
У трэцім класе, напрыклад, да нейкага канцэрта мы развучвалі вось такую песню:
Ванька, мілы, ты ж на мне
Абяцаў жаніцца,
А сягодня не прыйшоў:
Паехаў за граніцу.
І хоць стаўшы дарослым не раз з усмешкай успамінаў гэтую «дзіцячую» песню, ніякай віны настаўніцы не бачу, бо праклятая вайна не дала магчымасці маладой дзяўчыне ўзняцца над дамарослай «лірыкай».
...Урок геаграфіі ў 9-м класе.
Адна з маіх аднакласніц толькі што адказала дамашняе заданне, і настаўнік пачаў «ганяць» яе па сталіцах розных краін свету. Гэта быў яго любімы канёк — «паганяць» нас па сталіцах.
— Сталіца Швецыі?
— Стакгольм.
— Сталіца Польшчы?
— Варшава.
— Сталіца Турцыі?
— Анкара.
— Сталіца Італіі?
Вучаніца маўчыць.
Настаўнік:
— Сталіца Італіі?
Вучаніца маўчыць. І тут яе сяброўка з першай парты спяшаецца на выручку і шэпча:
— Кажы — Рым.
Тая:
— Сталіца Італіі — Кажырым!
Клас разам з настаўнікам узрываецца ад рогату.
А вось калі на ўроку гісторыі адна з вучаніц сказала, што актыўны ўдзел у міжнародным рабочым руху прымала дачка Маркса — Энгельса Элеанора Эвелінг, адразу ніхто не засмяяўся, нават настаўнік.
І толькі пад канец урока да настаўніка, як кажуць, дайшло, і ён вырашыў удакладніць, хто ўсё ж быў бацькам Элеаноры. Ну тады ўжо некалькі апошніх хвілін урока пасмяяліся ўсе разам.
А яшчэ мяне некалькі разоў выганялі з урокаў, таму што я не мог устрымацца ад смеху, назіраючы за вушамі вучня, які сядзеў перада мной.
Справа ў тым, што ў гэтага хлопца была рэдкая здольнасць шавяліць вушамі. І пачынаў ён гэты «цырк» тады, калі настаўнікі тлумачылі новы матэрыял. У класе — цішыня, усе слухаюць настаўніка, гэты цыркач — таксама.
І вось раптам ягоныя вушы пачынаюць рухацца то ўверх-уніз, то па чарзе адно вуха ўверх, а другое — уніз.
Я і язык кусаў, і вусны, каб як-небудзь стрымаць смех, але — дарэмна, і мяне ў чарговы раз выганялі з урока, пры гэтым настаўнікі лічылі, што смяюся я без прычыны.
А я ж не мог назваць сапраўдную прычыну, бо ў нашым юнацкім асяроддзі гэта лічылася амаральным.
А смех — гэта ж не грэх.