Як я... чысціў абутак

Источник материала:  

Выпрабавана на сабе

Карэспандэнт "Звязды" аднавіў даўно забытую прафесію

Вядома, журналісты шмат разоў "мянялі прафесію", каб на сваёй "скуры" адчуць усе нюансы працы, напрыклад, паштальёна, бібліятэкара, кандуктара і іншых "вузкіх" спецыялістаў. Але каб ператварыцца ў чысцільшчыка абутку... Такога я не памятаю.

У выхадны на вуліцу з... табурэтам

На віцебскіх вуліцах урэшце замацавалася па-сапраўднаму вясновае надвор'е. Таму вельмі захацелася ў адзін з першых насамрэч веснавых дзён зрабіць незвычайны рэпартаж. Вопыт мяняць "імідж" у мяне ўжо ёсць. Напрыклад, "Пушкіным" я быў — побач з помнікам славутаму паэту віншаваў новаспечаных сужэнцаў. Памятаю, перад гэтым ноч не спаў. І нездарма перажываў, бо і насамрэч мінакі на вуліцах і вадзіцелі адразу звярталі на мяне ўвагу. Нават тралейбус каля таго месца спыніўся, хаця да прыпынку было вельмі далёка.

Стварыць вобраз "чысцільшчыка абутку", у параўнанні з "Пушкіным", здавалася, было даволі проста. Але, як потым высветлілася, толькі на першы погляд. Шчотка, крэм для абутку... Шчотка ў мяне была толькі адна, таму купіў другую, бо трэба ж чысціць абедзвюма рукамі. Крэм... Дарэчы, а калі ў чалавека на нагах будзе абутак карычневага колеру? Тыя ж жанчыны могуць ісці ў белых ботах, напрыклад. Вырашыў спыніцца толькі на паслузе па чыстцы абутку чорнага колеру. Узяў з сабой маленькі табурэт. Падчас падрыхтоўкі да выхаду ў свет намаляваў два "рэкламныя" лісты з надпісамі: "Чышчу абутак" і "Чищу обувь".

І вось наваспечаны чысцільшчык ужо на вуліцы. Дайшоў да будынка ратушы, побач з якой пешаходная вуліца. У Віцебску, праўда, многія называюць гэтую вуліцу "ўмоўна пешаходная", бо, калі няма супрацоўнікаў ДАІ, ездзіць па ёй хто хоча.

Тут часта можна сустрэць мастакоў, якія прадаюць свае карціны, купіць сувеніры ў нацыянальным стылі. А я тут — "чысцільшчык", стаю і чакаю. Дарэчы, узгадаў, што ў мяне ўжо быў публічны вопыт чысткі абутку. Шмат гадоў таму ў Варшаве, на станцыі метрапалітэна, з вялікім задавальненнем пачысціў абутак прыгажуні з Украіны, маёй каляжанцы. Тая брунетка, як зараз памятаю, вельмі перажывала з-за таго, што па дарозе да станцыі метро выпадкова ступіла ў гразь, а як жа хадзіць прыгажуні ў такіх ботах? Я тады стаў на калена і дапамог ёй — пачысціў боцікі як мог. Памятаю, мінакі — жыхары польскай сталіцы — з вялікім інтарэсам назіралі за падзеяй. А калегі з Украіны высока ацанілі мой учынак.

Першы кліент: 30 расійскіх рублёў

Стаю ў чаканні кліентаў і ўспамінаю тую брунетку, а таксама жонку, якая мяне пастаянна "выхоўвае" за тое, што грошай мала, і ўсё раіць змяніць прафесію. Заўважаю, што мінакі пачынаюць звяртаць на мяне ўвагу.

А я заклікаю: "Абутак чышчу!", "Обувь чищу!"

Падышоў мужчына. Вельмі эмацыянальна адрэагаваў на мяне. Высветлілася, што ён прыехаў у Віцебск з Расіі — з Пскова, турыст.

— Вы насамрэч абутак чысціце або рамонтам абутку займаецеся і заказы прымаеце? У вас у Віцебску такім чынам абутак можна ў рамонт здаць?

— Чышчу, але не прымаю...

— Вой, а колькі гэта каштуе?

— А колькі не шкада?

— Ды няёмка неяк, каб вы мне боты чысцілі.

Пётр чамусьці пасаромеўся і не скарыстаўся маёй паслугай. Толькі папрасіў дазволу сфатаграфавацца са мной. А потым дастаў з кашалька манеты... Потым я падлічыў, што зарабіў прыблізна 8,5 тысячы беларускіх рублёў. Нядрэнна! Расіянін на развітанне папрасіў рэкламны "плакат" маіх паслуг на беларускай мове з маім аўтографам. Падарыў.

Потым падышла кампанія моладзі. Здзівіліся і пачалі мяне фатаграфаваць...

Хутка мной зацікавіўся чалавек у форме. Уважліва прачытаў тое, што было напісана на паперах. І ветліва параіў пакінуць "рабочую кропку", бо дазволу на аказанне паслугі па чыстцы абутку на вуліцах у мяне няма... Я вырашыў, што насамрэч трэба мяняць месца. Акрамя пешаходнай вуліцы, у Віцебску нямала людных месцаў.

Схадзіў на кірмаш, які ў той дзень праводзіўся каля канцэртнай залы "Віцебск". Пастаяў трохі там. Народ, які прыйшоў па пакупкі (а прадаваліся рыба, агародніна, салодкая прадукцыя мясцовага вытворцы і іншае) чамусьці не вельмі звяртаў на мяне ўвагу. Напэўна, людзі былі вельмі занятыя — прыцэньваліся ды нешта набывалі...

Віка была ў захапленні...

Можа, лепш чысціць абутак каля крамы, дзе прадаюць абутак? Лагічна! Па дарозе мне патэлефанаваў сябра. А паколькі ён жыў якраз па дарозе да абутковай крамы, я зайшоў да яго на некалькі хвілін.

Мой добры таварыш, калі я расказаў яму, чаму хаджу па горадзе з табурэтам, вельмі захацеў мне дапамагчы. Даў на неабмежаваны час складное крэсла, а таксама паперу, каб зрабіць новы "плакат" з рэкламай паслугі на беларускай мове.

Дайшоў паціху да скрыжавання праспекта Фрунзэ і вуліцы Люднікава (дарэчы, у Віцебску тутэйшыя называюць Люднікава і праспектам, і вуліцай). Стаў недалёка ад абутковай крамы, чакаю кліентаў.

Мужчына з дзяўчынай спыняюцца каля маёй "рабочай кропкі". Дзяўчына сціпла цікавіцца, ці насамрэч можна пачысціць абутак? Паколькі ён быў чорнага колеру, а гаспадыня — такая сімпатычная, дык чаму б і не! Я ж для гэтага сюды і прыйшоў. Па просьбе дзяўчыны, каб не вельмі перашкаджаць мінакам, перайшлі трохі бліжэй да жылых дамоў.

І пачаў я працаваць. Без вопыту атрымалася не адразу. Ды і боты жаночыя высокія. Ой... А яшчэ пачаў адчуваць, што спадарожнік дзяўчыны, якая потым назвалася Вікай, пачынае нервавацца. Можа, таму, што дзяўчына, не ўтойваючы радасці, прызналася, што мужчыны абутак ёй ніколі не чысцілі?

Чысціў я старанна, але, шчыра прызнаюся, за такі вынік іншаму не заплаціў бы.

— Колькі мы вам павінны? — спытаў мужчына.

— Ды ніколькі! — адказваю. І прызнаюся, што насамрэч працую ў газеце. І адчуваю, што падарожнік прыгажуні замяніў гнеў на міласць.

"Вельмі спецыфічная тэма"

Каго толькі ні пытаў пра тое, ці памятаюць яны час, калі хадзілі па вуліцы чысцільшчыкі абутку. Адны ўспомнілі, што чысцільшчыкі былі яшчэ напрыканцы 1960-х. "Не, зніклі ў 1950-я", — заверыла мяне знаёмая бабуля. Вось толькі ці назаўсёды? І хто ведае, мо насамрэч у старажытным Віцебску ўжо ў хуткім часе з'явяцца на вуліцах чысцільшчыкі абутку? І будзе добрай прыкметай нават проста дакрануцца да іх, як да камінара ў Рызе, а таксама ў Англіі, Даніі і іншых краінах. І новая "фішка" для турыстаў з'явіцца, і абутак жыхароў абласнога цэнтра стане больш чыстым...

Аляксандр ПУКШАНСКІ

←ЧАЭС не опасна, несмотря на рухнувшую крышу блока №4

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика