Здаў і паехаў
У Мінску ў дзень адкрыцця мотасезона можна здаць экзамен на катэгорыю «А», не прыязджаючы ў ДАІ.
Здаць практычны экзамен вадзіцелям, якія маюць катэгорыю «В» і жадаюць адкрыць «А», Дзяржаўтаінспекцыя дасць магчымасць у час акцыі «Увага матацыкліст!», якая накіравана на прафілактыку дарожна-транспартнага траўматызму з удзелам двухколавага транспарту.
— Праверка навыкаў кіравання матацыклам пачнецца з 11.00 на пляцоўцы перад Лядовым палацам па вуліцы Прытыцкага, — гаворыць старшы інспектар па агітацыі і прапагандзе АДАІ Фрунзенскага раёна сталіцы Алёна Волчак. — Экзаменуемы, у якога абавязкова павінна быць мінская прапіска, напярэдадні павінен аплаціць 5 тыс. рублёў на рахунак УДАІ ГУУС Мінгарвыканкама.
У ходзе акцыі «Увага матацыкліст!» прадстаўнікі мотаклуба «Live to ride» сумесна з Дзяржаўтаінспекцыяй Фрунзенскага раёна Мінска раздадуць памяткі з інфармацыяй аб адміністрацыйнай адказнасці за парушэнне ПДР. Справа ў тым, што ў вясенне-летні перыяд колькасць аварый з удзелам матацыклістаў рэзка ўзрастае. Часцей за ўсё ўдзельнікамі такіх ДТЗ становяцца людзі ва ўзросце 16—23 гадоў, якія не маюць права на кіраванне матацыклам. Часта яны бяруць чужы матацыкл, які належыць знаёмым або сваякам, часам без дазволу.
Апоўдні сталiчныя байкеры паедуць ад Лядовага палаца праз праспект Пушкіна, вуліцы Арлоўскую, Сурганава і праспект Незалежнасці да Мемарыяльнага комплексу «Курган Славы».