Палон жыцця і абставін

Источник материала:  

Уласная і грамадская драма воіна-"афганца", хлопца з беларускай глыбінкі, — галоўная тэма новага рамана пісьменніка, які жыве ў Беларусі і піша на роднай яму курдскай мове.

Палон жыцця і абставінНовы раман празаіка і паэта Ганада Чарказяна "Горкі пах палыну", нядаўна надрукаваны ў часопісе "Нёман" і следам выдадзены асобнай кнігай, — пра лёс беларускага хлопца, які шмат гадоў правёў у Афганістане. У палоне, спярша — у маджахедаў, а пасля — у звычайных дэхкан, з якімі зрадніўся, якім стаў блізкім чалавекам. Глеб Беразавік, згодна з аўтарскай мастацкай фантазіяй, родам з вёскі Блонь, што размешчана непадалёку ад Мінска. На беразе маленькай рачулкі Цітаўка. Упрыгажэннем гэтых мясцін, галоўнай іх каштоўнасцю ў розныя часіны была і застаецца праваслаўная царква. Відаць, неаднойчы ў гэтым храме малілася і плакала горкімі слязьмі, думаючы пра свайго сыночка, пра сваю долю, маці Глеба. На шчасце, яна дачакалася вяртання сына, вяртання салдата з параненай душой.

...А там, у палоне, сярод афганскіх сялян беларускі хлопец прыняў іслам. Не адразу, а праз пакутныя развагі. Іначай, відаць, не выжыў бы. Завёў сям'ю. Што ў гэтых паводзінах выяўлялася — выключнае жаданне выжыць любой цаной ці нешта яшчэ?.. Ці, можа быць, учарашні салдат, аглядаючыся вакол, спрабаваў асэнсаваць рэчаіснасць, тыя няпростыя супярэчнасці, у якіх сышліся інтарэсы народаў і дзяржаў? Нават савецкія партыйныя дзеячы, абмяркоўваючы рашэнне аб уводзе войск у Афганістан, не былі адзінадушнымі. Чаго ж чакаць ад радавога салдата, якому стараліся спрасціць баявую задачу да мінімуму: глядзі наперад і страляй у ворага!..

У палоне, адчуўшы на сабе, на сваёй скуры ўсю складанасць "баявой задачы", Глеб, вядома ж, перадумаў пра многае. Паспрабаваў зазірнуць у душу простага афганскага селяніна, які часам быў вымушаны браць у рукі зброю.

...Хацелася б зрабіць кароткае адступленне ад галоўнай тэмы, ад рамана Ганада Чарказяна. Першыя аповесці пра "афганскую" вайну невыпадкова належаць афіцэрам — удзельнікам тых падзей. Афіцыйна — удзельнікам аказання інтэрнацыянальнай дапамогі... Радзей — салдатам, якія вярнуліся дадому і паспрабавалі адкрыць праўду. І ў беларускай літаратуры да "афганскай" тэмы дакрануліся многія аўтары. Свае раманы "Тайны Чорных гор" і "Сыны" прысвяціў далёкай і блізкай вайне Мікалай Чаргінец. Некалькі аповесцяў пра Афганістан напісаў Алег Буркін. Былі і апавяданні — Хведара Крываноса, Алеся Дзмітрыева. Сваю кнігу прапаршчык са Слоніма Іван Сяргейчык, які двойчы пабываў у "камандзіроўцы" на вайне, вызначыў як "афганскі дзённік" і назваў досыць проста і ясна — "Горкі пыл Гіндукуша". Ёсць у "дзённіку", што пісаўся амаль па свежых слядах падзей і выдадзеным у "Бібліятэцы часопіса "Маладосць" у 1991 годзе, і такія словы:

"...На КП з'явіліся першыя палонныя. Іх прывялі звязаных і прывязаных адзін да аднаго, ды так моцна, што ісці ўдвух яны не маглі і адзін павінен быў несці другога на плячах. Дужэйшы — слабейшага.

Кім я станаўлюся, калі чамусьці ў мяне да палоннага няма ніякага жалю, шкадавання? Нібы не я прыйшоў на іхнюю зямлю, а яны на маю. Позіркі іх калючыя, у іх гнеў і нянавісць. А як бы глядзеў на іх, калі б яны былі на маёй зямлі, забівалі нашых людзей, узялі ў палон мяне? Не ведаю. Чамусьці пераконваю сябе, што яны мае ворагі... І гэтага хопіць, нават замнога... І я стаю перад імі, як пераможца. Ва ўсялякім разе перамаглі іх... Мы дужэйшыя. Але ж ці зможам мы пераламаць іх дух, волю, прымусіць падпарадкавацца нам, жыць не па сваіх адвечных законах, а па нашых, чужых ім? Ці маем мы на гэта права?.." І далей: "Стала вядома, што гэтых двух душманаў узялі ў палон у паселішчы, непадалёк ад Рухі. Яны атручвалі ваду ў кярызах. Навошта яны гэта рабілі, тым больш у кішлаку, занятым рускімі дэсантнікамі. Праз дзень-другі ў яго абавязкова павінны вярнуцца жыхары. А можа, гэта рабілася дзеля таго, каб пасля сцвярджаць: маўляў, рускія атручваюць мірных жыхароў, старых, жанчын і дзяцей. У Афганістане вада — гэта золата. Ёй моляцца, як богу. Нездарма афганцы кажуць: " Вада — кроў хлебароба, зямля — яго душа. Зямля — казна, вада — золата. Кропля да кроплі — возера, няма кроплі — пустыня. Вадаём высах — кішлак загінуў..." Атрымліваецца, мы знішчылі агнём чалавечае жытло. Але жытло можна адбудаваць, галоўнае, каб толькі побач была вада. Мы атруцілі ваду ў цэлым кішлаку. Жыхары пакінулі яго. Кішлак загінуў. А там, каля сцен кішлака, засталіся магілы цэлых чалавечых родаў і плямёнаў. Людскі абавязак будзе накіроўваць да гэтых магіл мясцовых жыхароў да скону дзён... Але каго, калі тут вымірае жыццё і сірацее зямля?.. Попел і смерць — нямыя сведкі таго, што мы робім..."

Ганад Чарказян расказвае пра жыццё саміх афганцаў, пра лёс Глеба Беразавіка ў палоне ва ўчарашніх яго ворагаў з вышыні сённяшняга часу. Ужо шмат на што і сапраўды іншыя погляды. Але вось што, як мне падаецца, аб'ядноўвае "дзённік" Івана Сяргейчыка і раман "Горкі пах палыну", дык гэта ўсведамленне ўсёй шматпланавасці адносін савецкіх "шураві" і сапраўдных афганцаў — жыхароў краіны, у якой як след і не вызначыліся са сваім палітычным, сацыяльным выбарам. Раман Ганада Чарказяна — расповед, за межамі якога, здавалася б, засталося самае галоўнае — сама вайна. Але ўзіраючыся сёння ў інфармацыйныя хронікі аб азіяцкіх рэвалюцыях, разумееш, што вайна — гэта не толькі бясконцая страляніна, гэта яшчэ і сутыкненне свядомасцяў, думак, перажыванняў пра дзень сённяшні і пра нашу будучыню, будучыню чалавецтва. Так, не зусім звычайны выбар для яфрэйтара Глеба Беразавіка — прыняцце ісламу, каханне да афганскай дзяўчыны, стварэнне сям'і, простая сялянская праца з матыкай... А можа, наадварот, — і зусім звычайны, калі падыходзіць да прыняцця рашэнняў, улічваючы не толькі высокія матывы, але яшчэ і жыццёвыя абставіны?.. Дванаццаць гадоў пражыў Глеб у шлюбе з Дурханый, афганкай-прыгажуняй, спазнаў шчасце кахання, якое не кожнаму выпадае ў жыцці. І пасля, калі здарылася трагедыя, калі падчас разгулу прыроднай стыхіі загінула яго жонка, Глеб дзякуе Богу за тое, што шчасце ўсё ж было ў яго лёсе. Відаць, шчасце было такім, што ўсталявалася раўнавага — і ізноў дадалося трагедыйнасці, стратнасці, бядотнага і згрызотнага. "Але ўчарашняе шчасце не знікла — яно запоўніла мяне да краёў", — гаворыць сам сабе Глеб. Новыя перыпетыі дазволілі яму развітацца з Афганістанам. І праз нейкі час, атрымаўшы яшчэ долю выпрабаванняў, наш герой аказаўся на радзіме, у Беларусі. Пісьменнік не проста пераказвае падзеі, ён аднолькава рэльефна вымалёўвае знешнія і ўнутраныя праявы ў паводзінах сваіх герояў, найперш — Глеба Беразавіка. Галоўны стрыжань расповеду — гэта развагі пра час, што выпаў на долю пакалення, якое ў 1980-я дакранулася да "афганскага павароту" савецкай гісторыі.

Раман Ганада Чарказяна "Горкі пах палыну" (напісаны, як і большасць твораў Г. Чарказяна, на курдскай мове, пераклад выкананы маскоўскім празаікам Валерыем Ліпневічам) — некалькі нечаканы твор для сучаснай літаратуры Беларусі. Яшчэ і таму, што ў нас не так і шмат прозы пра сучаснасць. А "Афган" жа неаддзельны ад жыцця беларускага грамадства рознымі сваімі акалічнасцямі. Дарэчы, трохі статыстыкі, якая раней часта была на слыху: у 1979 годзе ў Афганістане загінула 86 савецкіх воінаў, у 1980-м — 1484, у 1981-м — 1298, у 1982-м — 1948, у 1983-м — 1446, у 1984-м — 2343, у 1985-м — 1868, у 1986-м — 1333, у 1987-м — 1215, у 1988-м — 759, у 1989-м — 53... Былі сярод іх, зразумела, і беларусы.

Максім Ладымераў

←Этот день в истории 6 апреля

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика