"Наша мама ідзе замуж..."
Што было, тое было: дзве калінкі ў Аўцюках сустрэліся — самотныя-самотныя. "Ну са мной, — кажа адна, — дык усё зразумела: пяць дачок і ніводнага зяця. А ты чаго нос павесіла?" "Дык у мяне ж таксама бяда: адна дачушка, але зяць... ужо пяты".
Думаеце, гэта анекдот? Не. Гэта, можна сказаць... эпіграф — да чарговага агляду конкурснай пошты. Бо ў ёй, як у доме Аблонскіх, змяшалася ўсё. У тым ліку і адказы — на самыя злабадзённыя пытанні. Кшталту: чаму так здараецца, што ніводнага зяця? І адкуль ён, ужо пяты? Ці справядліва гэта? Як не дапусціць такога становішча і г. д.
Вас цікавяць адказы? Тады, калі ласка, кіньце вочкам на верхні здымак і... чытайце.
Спадарыня Валянціна Гудачкова з Жыткавіч прызнае, што цяпер і сапраўды
Сітуацыя ліхая:
Добрых хлопцаў не хапае...
Выглядайма ж жаніхоў
З маладзенечкіх гадоў!
Што дзяўчаткі і робяць. Прычым (на думку спадара Віктара Трайкоўскага з Мінска) у правільным месцы!
Каб са шлюбам не спазніцца —
Каб у дзеўках не застацца,
Трэба змалку клапаціцца
І да ЗАГСа прымярацца.
Як гэта рабіць? Калі не адказ, то падказка (і добрая) — ад спадара Уладзіміра Яцкевіча з вёскі Слонімцы Пружанскага раёна:
Выбар хлопцаў не багаты,
Але ж ён пакуль што ёсць.
Дык чаго сядзець па хатах?
Лепей тут лавіць свой лёс.
(Вы ўсміхнуліся на слове пакуль? Не? Тады яшчэ раз кіньце вочкам на здымак...).
З гэтага ж канверта яшчэ адна парада:
У жыцці не ўсё так ладна:
Хлопцаў мала — факт дакладны.
Каб найлепшага ўрваць,
Трэба шмат іх перабраць.
Гэта значыць (калі мы правільна зразумелі), пахадзіць на спатканні, паліставацца — з адным, з другім, з трэцім... Але ж пры гэтым (як раіць спадар Міхаіл Дубовік з вёскі Арэшкавічы Бярэзінскага раёна) галаву не губляць:
Вецер дзьме на моры моцны,
Хвалі — аж калышуцца...
Ой, не верце, дзеўкі, хлопцам,
Пакуль не распішуцца!
Зрэшты, да гэтай парады прыслухаюцца, мусіць, нямногія. Бо не той цяпер час.
Цяпер (на думку спадара Анатоля Гарачова з вёскі Даўнары Іўеўскага раёна) дзеўкам больш уласціва іншае:
Гадкі бягуць, жыццё цячэ
Ад месяца да месяца...
І трэба замуж — найхутчэй!
Каб чым хутчэй... развесціся.
Ці не па гэтай прычыне (часу няма) падобныя замужжы ніяк не афармляюцца? Навошта "нейкі запіс, акт, калі сысціся можна й так?"...Да таго ж, як піша спадарыня Любоў Чыгрынава з вёскі Забалацце Вілейскага раёна:
Хлопцы ад ЗАГСа
Бягуць за вярсту...
Дзеўкам за шчасце
Прымераць фату!
А ўжо прыбрацца ва ўсё вясельнае... Ну згадзіцеся, проста цуд, якія шыюцца цяпер сукенкі! Якія выпускаюцца туфелькі, наймаюцца машыны, купляюцца кветкі... А ўжо якія ладзяцца банкеты і прапануюцца падарожжы... Праўду піша спадар Яцкевіч: "Хто не марыць пра такое, той, лічы, што і не жыве...".
А хто жыве, трэба разумець, марыць?! Калі не для сябе, дык для дачок (сваіх і чужых), для ўнучак... Паглядзеўшы на якіх (хоць на здымку), спадар Гарачоў піша:
Пра ўсіх судзіць я не бяруся,
Але найверагодней,
Што калі мамы замуж пусцяць,
То пойдуць хоць сягоння!
Хто б сумняваўся...
Пра тое ж радкі спадарыні Гудачковай:
...Маладзенечкіх — казалі —
Сілай замуж выдавалі.
Так было за даўнім часам.
Зараз — лёцьма...
І ўсім класам.
"Я, вядома ж, не ўхваляю тых, хто вельмі рана жэніцца і замуж ідзе, але і не асуджаю, бо ведаю, што ў адных такі шлюб завяршаецца хуткім разводам, у іншых — вельмі шчаслівым сямейным жыццём", — піша спадарыня Гудачкова. Яна ж узгадвае выпадак, калі ў сельсавет прыйшлі 16-гадовая дзяўчына і 20-гадовы хлопец, каб, па-першае, распісацца самім, а па-другое... зарэгістраваць першынца...
Відаць, якраз гэты ўспамін у якасці подпісу да здымка "прадыктаваў" Валянціне Апанасаўне радкі:
Гэта дзіва ці не дзіва,
Што сяброўка нарадзіла?
Вось — спрачаюцца паўдня,
Узгадняючы імя.
"А яшчэ помню, — чытаем у тым жа лісце, як у пачатку 80-х гадоў мінулага стагоддзя ўсім, хто першы раз уступаў у шлюб, выплачвалі па 70 рублёў кампенсацыі на заручальныя пярсцёнкі. Думаеце, сярод атрымальнікаў былі толькі маладыя? Не. Часам на рэгістрацыю прыходзілі сужэнцы, якія ўжо выгадавалі дзяцей і нават унукаў... А што? 70 рублёў на чалавека — гэта грошы былі. І тады нават вялікія".
Вось пра іх, пра грошы, вы мяркуеце, у конкурснай пошце радкоў няма, бо быць не павінна — тэма зусім не тая? Як бы не так! Спадарыня Чыгрынава, паглядзеўшы на здымак, піша:
Казалі, што класная замуж ідзе...
Ды нешта ж ля ЗАГСа нікога...
Нідзе...
Стаўка ў школе задужа малая —
Замуж настаўніц ніхто не хапае.
Але ж гэта, калі верыць спадарыні Дубік з Барысава, настаўніц звычайных, шараговых... А вось у тых, хто ўжо падняўся па кар'ернай лесвіцы (ці на іншую стаўку?), шанцаў больш:
Сёння ўрокі адмянілі,
Што бывае рэдка.
Збор ля школы аб'явілі —
Жэніцца... дырэктар.
А вучні, мусіць, толькі таго і чакалі — падтрымаць прыйшлі ў цяжкую хвіліну... А можа, баяцца, што без іх, без "сведак", ён возьме і перадумае — не пераступіць парог?
А зрэшты... Можа, гэта і не ЗАГС зусім:
Вось-вось запатрабуе час,
Каб школа... грошы зарабляла.
Дык пад майстэрню кожны клас!
І пад жаніцьбу ўсе тры залы!
З такой ідэяй, забягаючы наперад — цягніку ці часу — выступае спадарыня Святлана Іванец з вёскі Калачы Лагойскага раёна. Яна не тлумачыць, якія канкрэтна школьныя залы можна здаваць у арэнду. Але ж здагадацца, мусіць, не цяжка: спартыўную — пад танцы, сталовую — пад бяседу, актавую — пад рэгістрацыю шлюбаў.
Дзе нявестаў ды жаніхоў набрацца? Ведае гэта спадарыня Марыя Грышчанка з Дзяржынска:
Не відаць хлапцоў наўкола...
Час дамоў варочацца:
Дык мо кінуць тую школу,
Калі замуж хочацца?
І сапраўды, дадае спадар Гарачоў, які сэнс у яе хадзіць, калі "кніжкі ў сумцы, хлопцы ў думцы", альбо:
"Нос у ваксе — думкі ў ЗАГСе" —
Прымаўка здавён жыве:
Двойкі ў ранцы — з ім на танцы:
Кавалеры ў галаве.
Але ж пры гэтым
Не кажыце, што малыя,
Што, маўляў, не дараслі.
Дзеўкі ўсе мы баявыя
Раз да ЗАГСа ўжо прыйшлі.
Піша так спадар Яцкевіч. А вось чаго прыйшлі? Здагадка ад яго земляка спадара Нагулы з Івацэвіччыны:
— Павучыў бы нехта нас
Як зайсці ў гэты "клас"?
— Перш, чым вам сюды ісці,
Трэба трохі падрасці.
(Анекдоты — у тэму. Дачка — вось такая, "не падрослая", на трэці дзень пасля вяселля скардзіцца бацькам, што мужык яе грэчку есці не хоча. "А як ты яе варыла?" — цікавіцца маці. "Варыла?" — перапытвае ў яе маладзіца... А маладзён адзін прызнаўся, што яму яшчэ рана заводзіць дзяцей, што ён маральна не гатовы — у прыватнасці, купляючы кіндар-сюрпрыз, некаму яго аддаваць).
Значыць, трэба расці, сталець. Такое пажаданне і ў радках спадарыні Чыгрынавай. Ацаніце:
Збіраць цукеркі пазнавата,
Лавіць букеты — ранавата:
Яшчэ крышку, падчачуркі,
Пагуляйце ў лялькі-жмуркі.
А заадно — падумайце, чаго вы хочаце ў жыцці: якую прафесію атрымаць, як жыць і, вядома ж, з кім, паразважайце над дасціпным (ад спадара Валерыя Гаўрыша з Чавусаў):
Маці паслухаць —
Дык шчасце ў дыпломе,
Шчасце па бацьку —
Грошы у доме...
Вельмі ж цікава
Бабуля сказала:
Шчасце, як замуж выйдзеш удала.
І, дай Бог, за каханага чалавека, па-людску. У дзяўчатак (прынамсі, са здымка), як лічыць спадарыня Грышчанка, шанцы на гэта ёсць:
Паўсюль цяпер
"гражданский брак"...
У іх жа будзе ўсё не так:
Дарогу ў ЗАГС даўно ўжо знаюць —
Каханых стрэнуць — завітаюць!
А далей болей, гледзячы на здымак, лічыць спадар Гаўрыш:
Каб зрабіць якісь прарыў
У плане дэмаграфіі,
Тут вядуць факультатыў
Не па геаграфіі,
А...
Не падумаць, не сказаць:
Як ім дзетак планаваць!
І таму для дзяўчатак ці не самае галоўнае не паспяшацца і не нарабіць памылак у выбары спадарожніка жыцця і, адпаведна, бацькі...
Зрэшты, навошта пра гэта прозай, калі ёсць рыфмаваныя радкі — у спадара Васіля Масько з Мінска:
Не хвалюйцеся, дзяўчаткі,
Прыйдзе вашая пара:
Будуць шлюбныя пячаткі,
Закрычаць бацькі "Ура!"
А чаму б і не, замуж дачку аддаўшы — хоць першую (і апошнюю), хоць пятую... Дай Бог не ў пяты раз... І дай Бог — як людзі. А то цяпер (паводле спадара Гарачова) досыць часта назіраецца прыкрае (не пра гэтых дзяўчынак):
Ні пры чым тут ЗАГС і вэлюм,
Запіс, грамадзянскі акт...
Напачатку — шлюб ля плоту...
А вяселле будзе потым,
Што даўно ўжо не факт...
І ад чаго, як вынік —
Усе жанчыны цяпер недаверкі.
І на гэта маюць прычыны:
Мужыкоў адбірае гарэлка,
Забіраюць другія жанчыны...
Канстатуюць гэта сужэнцы Астроўскія з Мінска.
Вось на гэтым і завершым чарговы конкурсны агляд.
Засталося назваць прозвішчы тых, хто напісаў найлепшыя радкі да папярэдняга здымка. На ім, нагадаем, два па-зімоваму апранутыя мужчыны чынна праходзілі міма рэкламнага стэнда з прыгожа аголенай дзяўчынай. Дык вось. На думку вялікага чытацкага журы, найлепшыя каментары, найлепшыя подпісы да гэтага кадра зрабілі спадарыні Чыгрынава з Вілейшчыны і Васільева з Гомеля,спадары Гарачоў з Іўеўшчыны, Старых з Гомеля, Кісель з Мінска, Ляшкевіч са Століншчыны, Яскевіч з Пружаншчыны і сужэнцы Астроўскія... З чым, у прыватнасці, пагадзілася і журы маленькае рэдакцыйнае. Таму прыз у выглядзе падпіскі на дарагую сэрцам газету "Звязда" на трэці квартал застаецца ў сталіцы.
Вызначыла пераможцу і рэдакцыя "Вожыка". Ёю (а значыць, атрымальнікам часопіса ў маі) стала Любоў Чыгрынава.
Вам таксама хацелася б атрымліваць і чытаць беларускамоўныя выданні і пры гэтым не траціць свае грошы на падпіску? Тады...
Тады паспрабуйце патраціць свой час: гэта значыць, уважліва паглядзець на новы конкурсны здымак і прыдумаць да яго подпіс — дасціпны, кароткі (не больш за 8 радкоў), на беларускай мове.Толькі, калі ласка, не спяшайцеся яго (альбо іх, — колькасць варыянтаў не абмяжоўваецца) адразу ж, спехам адсылаць у рэдакцыю: хай крыху "адляжыцца", а вы ў гэты час (але не больш, чым тры тыдні) падумайце, перачытайце, пашукайце самыя дакладныя словы. У вас атрымаецца! Удачы!
Валянціна ДОЎНАР,
Фота Анатоля КЛЕШЧУКА.
Ад іх жа шчырыя прабачэнні тым, чые радкі не трапілі на старонкі газеты. У гэты раз. А ўжо ў наступны...
Р.S. Калі матэрыял быў падрыхтаваны да друку, пошта прынесла яшчэ адзін варыянт подпісу — ад Алы Тарасік з Мінска.
Наша мама
Ідзе замуж —
Другі раз,
Як водзіцца...
Дочкі мужа
Будуць нам
Сёстрамі
Прыходзіцца?
Вось што могуць абмяркоўваць дзяўчаткі — дзве, магчыма, маміны і тры — татавы... А вы кажаце, што ў ЗАГС ім рана.