“Літва зрабіла ўсё магчымае для пачатку малога памежнага руху”

Падчас святкавання тыдня беларускай культуры ў Вільні прайшла канферэнцыя на тэму “Чаго чакаць Беларусі ад старшынства Літвы ў Еўрапейскім Саюзе?”
Сярод літоўскіх удзельнікаў былі віцэ-старшыня камітэта па міжнароднай палітыцы і еўрапейскіх справах літоўскага Сейма Эмануэліс Зінгерыс, віцэ-міністр замежных спраў Літвы Андрус Крывас, былы прэм’ер-міністр Літвы Андрыюс Кубілюс.
Усе ўдзельнікі аднагалосна адзначылі: літоўскі бок у час свайго старшынства будзе прыкладаць намаганні, каб прасунуць беларускую прысутнасць на еўрапейскай прасторы.
Адно з пытанняў, якое паднялі ўдзельнікі падчас мерапрыемства – візавы рэжым паміж Беларуссю і краінамі Шэнгенскай прасторы.
– Я быў адным з ініцыятараў увядзення і распрацоўкі малога памежнага руху з Беларуссю, – адзначыў Эмануэліс Зінгерыс. – Памежная тэрыторыя цяпер складае 50 кіламетраў з кожнага боку мяжы і ўключае такія буйныя гарады, як Вільня і Гродна. Нашы людзі павінны мець магчымасць проста паціснуць руку адно аднаму. Усе неабходныя дакументы Літва ўжо падпісала, цяпер яны ляжаць на стале беларускага кіраўніцтва. І калі грамадзянам Беларусі сапраўды патрэбны памежны рух, яны мусяць перш звяртацца да сваіх чыноўнікаў.
Літоўскі бок падкрэсліў, што вырашэнне і візавых пытанняў, і пытанняў малога памежнага руху павінна быць двухбаковым.
Яны параўналі яго з гульнёй у футбол: кожны з удзельнікаў павінен рабіць крок насустрач, каб ішла гульня. Цяпер “мяч” знаходзіцца на баку Беларусі, і Літва чакае беларускага кроку.
Дамовы аб малым памежным руху паміж дзвюма краінамі былі ратыфікаваныя толькі Літвой. З таго часу нічога не змянілася на практыцы: жыхары памежжа павінны атрымліваць візы, як іншыя грамадзяне. Беларускі бок не ратыфікаваў дамову. У сваю чаргу Літва накіравала ноту аб сваёй гатоўнасці да пачатку малога памежнага руху ў лютым мінулага года.
Як паведаміў 23 сакавіка прэс-сакратар Міністэрства замежных спраў Беларусі Андрэй Савіных, “пакуль вывучаецца вопыт, звязаны з рэалізацыяй дамовы аб малым памежным руху з Латвіяй”. Жыхары латвійска-беларускага памежжа ўжо год могуць наведваць адзін аднаго без візы. Ніякай канкрэтнай інфармацыі пра пачатак руху з Літвой пакуль няма.
Як зазначыў Эмануэліс Зінгерыс, віленская канферэнцыя мае вялікае значэнне для Літвы: сустрэча з прадстаўнікамі беларускай грамадскасці дапаможа літоўцам зразумець, чым яны могуць дапамагчы суседняму народу. Змест канферэнцыі будзе выкладзены ў адмысловай кніжцы, якую мяркуюць выдаць да саміта Усходняга Партнёрства, які пройдзе ў Літве 28 лістапада.
Аляксандра ПАРАХНЯ, Зоя ХРУЦКАЯ.
Фота Аляксандры ПАРАХНІ.