«Я — даследчык»
Арыгінальныя праекты прадставяць юныя Кулібіны Міншчыны
IV абласны конкурс даследчых работ малодшых школьнікаў і III абласны фестываль даследчых работ дашкольнікаў «Я — даследчык» праходзяць гэтымі днямі ў Мінскім абласным інстытуце развіцця адукацыі.
Дарэчы, Міншчына — адзіны рэгіён, дзе такія мерапрыемствы праводзяцца на абласным узроўні. Ранняе выяўленне, падтрымка і развіццё інтэлектуальнага і творчага патэнцыялу дзяцей — канцэптуальны падыход у адукацыйнай сістэме вобласці. Менавіта таму даследчая работа з дашкалятамі і вучнямі малодшых класаў стала ўжо традыцыйнай. Для таго каб трапіць на конкурс і фестываль, работы юных даследчыкаў прайшлі адбор у сваіх установах адукацыі і на раённых узроўнях. Усяго пададзена 118 заявак: 86 — ад малодшых школьнікаў і 32 — ад выхаванцаў дзіцячых садкоў. Узрост удзельнікаў — ад 4 да 10 гадоў.
Сёлета арганізатары мерапрыемства пашырылі кола ўдзельнікаў і запрасілі дзяцей з Мінска і Латвіі. Па выніках усе юныя даследчыкі атрымаюць пасведчанні і памятныя медалі, а пераможцы — яшчэ і дыпломы і падарункі.