Садовыя домікі плануюць перавесці ў ранг жылля
На пытанні чытачоў газеты падчас "прамой лініі" адказвае старшыня Дзяржаўнага камітэта па маёмасці Георгій Кузняцоў.
— Адкажыце, калі ласка, што будзе з нашымі дачамі? Днямі чуў, што недзе ва ўрадавых структурах рыхтуецца рашэнне, па якім садовыя домікі можна будзе пераводзіць у ранг жылля. Ці праўда гэта? Калі гэта так, то калі і якім чынам падобнае будзе рабіцца?
Аляксандр Каруба, г. Мінск.
— Часткова вы маеце рацыю. Існуе парадак, калі мясцовыя органы ўлады могуць перавесці нежылы дом у ранг жылога. Потым магчыма змяніць мэтавае прызначэнне садовага зямельнага ўчастка пад зямельны масіў па абслугоўванні жылога дома. Гэта сапраўды так, але... У гэтым выпадку ў садаводчым таварыстве неабходна прывесці да ладу ўсе адпаведныя стандарты, неабходныя для якаснага функцыянавання сельскага населенага пункта.
— А хто павінен укараняць такія новыя стандарты?
— Гэтым павінны займацца мясцовыя ўлады. Неабходна ўдакладніць шырыню вуліц, стварыць капітальны водаправод, цывілізаваныя лініі электраперадач і гэтак далей. Далей існуе пытанне змены самога статусу такога садоўніцкага таварыства. На базе садоўніцкага таварыства трэба стварыць новы населены пункт або ўключыць гэтыя зямельныя ўчасткі ў склад бліжэйшага населенага пункта. Правядзенне такога мерапрыемства патрабуе даволі шмат часу і фінансавых сродкаў.
Існуе даручэнне гарвыканкамам паспрабаваць ажыццявіць такую "аперацыю" па пераводзе садовых таварыстваў у новы ранг. Нашаму камітэту зараз неабходна падрыхтаваць метадалогію (інструкцыю) па падобным пераводзе.
У межах горада Мінска існуе сёння садоўніцкае таварыства "Дражня". Там зараз каля 420 зямельных участкаў. У бліжэйшы час збіраюцца спрабаваць змяніць статус менавіта гэтага таварыства. У Мінскай вобласці існуе пасёлак Ждановічы, да якога магчыма далучыць бліжэйшыя садоўніцкія таварыствы. Гэта магчыма зрабіць, але спачатку неабходна атрымаць згоду на такое пераўтварэнне з боку ўсіх садаводаў.
— Паважаны Георгій Іванавіч, у мяне да вас такое пытанне. Мой брат у свой час атрымаў зямельны ўчастак у садоўніцкім таварыстве. Там пабудаваў летні домік. Аднак сам зямельны ўчастак ён так і не зарэгістраваў. Няўжо зараз яго могуць у брата канфіскаваць?
Іван Грынец, г. Мінск.
— Ніхто зямельны ўчастак у вашага брата адбіраць не будзе, калі ён там сапраўды займаецца садоўніцтвам, а ўчастак не пустуе. Але брату лепш аформіць такі ўчастак па законе. Зараз такі ўчастак пакуль нельга ні прадаць, ні нават падарыць. А яшчэ ў новага гаспадара могуць узнікнуць праблемы пры афармленні. Спадчыннікам вашага брата неабходна будзе афармляць такую нерухомасць праз суд. Цяпер зрабіць гэта будзе значна лягчэй.
— Калі трапіць у продаж другі том гістарычнага атласа Беларусі? Колькі ён будзе каштаваць?
Алесь Шыбіч, г. Бабруйск.
— Вялікі гістарычны атлас Беларусі ўяўляе сабой чатырохтомнае выданне, якое прысвечана гістарычнаму мінуламу і сучаснасці нашай краіны. Фаліянт дае шырокаму колу грамадскасці поўнае і навукова выверанае ўяўленне аб гісторыі Беларусі. Першы том атласа адлюстроўвае найбольш раннія перыяды нашай гісторыі — ад старажытных часоў да сярэдзіны ХVІ стагоддзя. Гэты том быў падрыхтаваны і надрукаваны ў 2009 годзе.
Другі том атласа цалкам прысвечаны часу існавання Рэчы Паспалітай і адлюстроўвае перыяд ад Люблінскай уніі 1569 года да трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай у 1795 годзе. Гэты том мае тры тэматычныя раздзелы. Першы з іх адлюстроўвае ваенна-палітычныя падзеі, другі — сацыяльна-эканамічнае развіццё, трэці — духоўнае жыццё, якое ўключае распаўсюджванне розных канфесій. Парадак, у якім размешчаны карты, прысвечаныя асобным канфесіям, адпавядае іх афіцыйнаму статусу ў Рэчы Паспалітай: каталіцкая царква, уніяцкая, праваслаўная, пратэстанцкая, рэлігіі галоўных этнічных меншасцяў. Як і ў першым томе, значную частку зместу другога дома атласа складае падборка рэпрадукцый старых картаў. Такія карты даюць магчымасць уявіць, якая інфармацыя аб беларускіх землях была агульнадаступнай адукаваным людзям у той час.
Другі том атласа стаў вынікам сумеснай творчай працы вядомых навукоўцаў Інстытута гісторыі НАН Беларусі, Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі, Беларускага навукова-даследчага цэнтра электроннай дакументацыі і іншых навуковых арганізацый.
Цяпер другі том Вялікага гістарычнага атласа Беларусі знаходзіцца на ўзгадненні ў Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. А выданне яго запланавана на другі квартал бягучага года. Кошт другога тома атласа будзе вызначаны пасля выпуску яго з друку.
Зараз пачалася праца па стварэнні аўтарскіх арыгіналаў картаў трэцяга тома атласа. Гэты том будзе прысвечаны перыяду знаходжання беларускіх земляў у складзе Расійскай імперыі, у тым ліку пачатку беларускага нацыянальнага руху.
— Ці створаны ў нашай краіне электронныя карты беларускіх земляў? Якім чынам такімі картамі можна будзе карыстацца?
Сяргей Лявошка, г. Мінск.
— У Дзяржаўным камітэце па маёмасці РБ на базе ўстановы "Дзяржаўны цэнтр картографа-геадэзічных матэрыялаў і звестак Беларусі" створаны дзяржаўны картаграфічны інтэрнэт-рэсурс mарs.bу. Гэты інтэрнэт-рэсурс сфарміраваны на аснове адкрытых для апублікавання электронных картаў тэрыторыі нашай краіны. Электронныя карты даступныя для бясплатнага прагляду і выкарыстання ў асабістых мэтах, за выключэннем зняцця копій, тыражавання і выкарыстання ў якасці асновы для стварэння картаграфічных твораў.
Для выкарыстання электронных картаў інтэрнэт-рэсурсу ў камерцыйных мэтах неабходна атрымаць дазвол на іх выкарыстанне ў Дзяржкаммаёмасці і заключыць ліцэнзійны дагавор з Дзяржкартгеацэнтрам. Дагавор заключаецца на падставе заявы па набыцці ў карыстанне электронных картаў, у тым ліку і ў электроннай форме. Тарыфы такіх паслуг па прадастаўленні электронных картаў вызначаюцца ў адпаведнасці з заканадаўствам Беларусі.
Сяргей КУРКАЧ.