Расплата не абмінула карнікаў

Источник материала:  

22 сакавіка стаў у Беларусі днём жалобы. Хатынь увайшла ў чорную кнігу трагедый гісторыі чалавецтва і вядома ўсяму свету. Але нават у нас у краіне мала хто ведае, што рэканструкцыя многіх раней невядомых абставін хатынскай трагедыі, выяўленне катаў Хатыні і ўстанаўленне ролі кожнага з іх у расправе з вяскоўцамі, а таксама заслужанае пакаранне карнікаў сталі магчымымі дзякуючы карпатлівай рабоце гродзенскіх следчых. Праз дзясяткі гадоў адплата насцігла семярых злачынцаў, якія, пераапрануўшыся ў авечую скуру, жылі сабе ў СССР.

У СССР да расследавання хатынскай трагедыі прыступілі толькі праз 30 гадоў. Чаму?

У канцы 60-х, праз чвэрць стагоддзя пасля заканчэння Другой сусветнай вайны, было ўзнята пытанне аб спыненні прыцягнення да крымінальнай адказнасці нацыстаў па сканчэнні тэрміну даўнасці. Прадстаўнік бундэстага ФРГ агучыў гэтыя настроі на генеральнай сесіі ААН. Міністр замежных спраў СССР Андрэй Грамыка, спаслаўшыся на Нюрнберг, заявіў тады, што фашысцкім злачынствам няма прабачэння. Сесія прыняла рашэнне: усім еўрапейскім дзяржавам падрыхтаваць афіцыйныя дакументы, якія пацвярджаюць злачынствы нацыстаў. Савецкі ўрад даручыў пракуратуры і Камітэту дзяржаўнай бяспекі заняцца выяўленнем канкрэтных фактаў масавага знішчэння мірнага насельніцтва.

  Так у 1972 г. упраўленне КДБ па Гродзенскай вобласці атрымала ад Юрыя Андропава асабліва важнае заданне — расследаваць злачынствы, учыненыя ў гады нямецка-фашысцкай акупацыі карнікамі 118-га паліцэйскага батальёна. Чаму менавіта гродзенскія следчыя атрымалі гэтае заданне? 118-ы батальён у снежні 1942—ліпені 1943 г. удзельнічаў у карных аперацыях супраць партызанаў і мірнага насельніцтва на тэрыторыі Мінскай вобласці, а ў ліпені 1943—ліпені 1944 г. — на тэрыторыі Гродзенскай вобласці.

Гродзенскія следчыя заселі ў беларускіх архівах, рабілі запыты ў архівы іншых рэспублік. Даследавалі матэрыялы Надзвычайных камісій па расследаванні злачынстваў гітлераўцаў. Вывучалі трафейныя дакументы на нямецкай мове. Аналізавалі крымінальныя і фільтрацыйныя справы на людзей, што служылі ў карных фарміраваннях гітлераўцаў. Дапытвалі былых паліцэйскіх 118-га батальёна, якія ўжо былі прыцягнуты да крымінальнай адказнасці. Апытвалі жыхароў населеных пунктаў, дзе дыслацыраваліся падраздзяленні гэтага батальёна.

***

У аператыўна-пошукавай групе працаваў следчы Яўген Мікалаевіч Далідовіч, ветэран Вялікай Айчыннай вайны (пазней, у 1990-я — 2000-я гады, ён працаваў выкладчыкам кафедры крымінальнага права, працэса і крыміналістыкі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, загадчыкам лабараторыі тэхніка-крыміналістычных сродкаў, намеснікам дэкана юрыдычнага факультэта. Цяпер — ганаровы член ветэранскай арганізацыі ўніверсітэта). Яўген Мікалаевіч не па фільмах ведае жорсткі твар вайны. Яго вёска Блашчытнікі (у Пухавіцкім раёне Мінскай вобласці) знаходзілася ў зоне партызанскага руху. Партызанам патрэбна была майстэрня па рамонце зброі, і ўзяцца за такую няпростую справу даручылі Мікалаю Далідовічу, бацьку Яўгена. Майстэрню ён уладкаваў на ўскраіне вёскі ў мураваным склепе. Пад покрывам ночы разам са сваімі сынамі, старэйшым Георгіем і малодшым Яўгенам, на конных павозках тайна звозіў туды кавальскі і слясарны інструмент з мясцовых машынна-трактарных станцый. Разам яны рамантавалі зброю, выраблялі выбуховыя прыстасаванні для рэйкавай вайны, падкоўвалі коней, акоўвалі сёдлы для кавалерыі.

Расплата не абмінула карнікаўЗ мая 1943 г. да канца вайны Яўген быў сувязным партызанскага атрада імя Шчорса 3-й Мінскай брыгады імя Будзённага. Бацьку ў ліпені 1944 г. з партызанскага атрада прызвалі на фронт, ён загінуў на тэрыторыі Польшчы. Імя Мікалая Далідовіча ўнесена ў спіс польскай кнігі "Памяць".

Пасля вайны Яўген сумяшчаў вучобу ў школе з працай у калгасе кавалём і памочнікам механіка па сельгастэхніцы. У хуткім часе яму прапанавалі працу архіварыуса ў аддзеле нямецкіх трафейных дакументаў Дзяржаўнага архіва Мінскай вобласці.

Архіварыусам Яўген працаваў у першай палове дня. У другой — вучыўся на вячэрнім патоку тэхнікума. Дакументаў у аддзел Яўгена паступала вельмі шмат, і разбірацца ў іх змесце часу не было. Тады ён і падумаць не мог, што пазней адзін з гэтых дакументаў (справаздача з данясеннем Плешчаніцкага куста (аддзела) жандармерыі Барысаўскаму акруговаму гебітскамісарыяту аб акцыях супраць партызанаў і мясцовага насельніцтва, праведзеных паліцыяй, гестапа, СД і жандармерыяй на тэрыторыі Плешчаніцкага і суседніх раёнаў у першай палове 1943 г.) дапаможа раскрыць адну са страшных таямніц беларускай гісторыі часоў апошняй вайны — даказаць факт спалення Хатыні 118-м украінскім паліцэйскім батальёнам.

У 1954—1957 гадах ён працаваў народным следчым у пракуратуры Плешчаніцкага раёна і старшым следчым Бягомльскай міжрайпракуратуры Мінскай вобласці, гэта значыць, у тых мясцінах, дзе трохі больш за дзесяцігоддзе да таго лютаваў 118-ы карны батальён. Неаднойчы з Плешчаніц хадзіў у Хатынь, бачыў зарослыя рэшткі папялішча, напаўразбураныя коміны пячэй, якія ўзвышаліся над бур'яном. Зноў-такі, малады следчы не мог тады прадбачыць, што яму выпадзе лёс вышукваць хатынскіх катаў і даказваць факты іх злачынстваў.

***

І вось у 1972—1973 гадах аператыўна-пошукавая група па намечаным плане пачала расследаванне справы хатынскіх карнікаў. Разам з маёрам, а потым падпалкоўнікам Я. М. Далідовічам працавалі старшыя следчыя па асабліва важных справах Упраўлення КДБ па Гродзенскай вобласці Віктар Філіпавіч Макарчыкаў і Фёдар Фадзеевіч Драздоў, які пазней быў выкладчыкам кафедры грамадзянскага права і працэса ГрДУ імя Янкі Купалы.

Спачатку здавалася, успамінае Я.М. Далідовіч, што іх следчая работа не магла мець судовай перспектывы. Шмат хто з паліцэйскіх, пацярпелых, сведкаў ужо памерлі. Тыя, хто засталіся ў жывых, наўрад ці маглі праз 25 з лішкам гадоў пасля вайны дакладна аднавіць у памяці падзеі мінулага, хай сабе і такія, што цяжка забыць. Аднак доўгая і старанная праца следчых дала вынік.

Следства рэканструявала па днях, а часам і па гадзінах гісторыю і шлях па Беларусі карнікаў 118-га паліцэйскага батальёна, вяхамі якога былі трупы і папялішчы. Устанавілі, што 118-ты батальён быў сфарміраваны нямецка-фашысцкімі акупантамі ў пачатку красавіка 1942 г. у Кіеве на базе 115-га ўкраінскага паліцэйскага батальёна і асобнай паліцэйскай роты, што дыслацыравалася ў г. Шпола Чаркаскай вобласці. Асабовы састаў 118-га батальёна фарміраваўся з добраахвотнікаў, у асноўным ураджэнцаў і жыхароў Букавіны і іншых заходніх абласцей Украіны, а таксама з ліку ваеннапалонных, што здрадзілі Радзіме, і значыліся па дакументах як асобы ўкраінскага паходжання. Усе яны прынялі прысягу на вернасць фашысцкай Германіі, атрымалі зброю і ваенную форму рыжага колеру з запасаў арміі буржуазнай Латвіі. Арганізатарам і камандзірам батальёна з'яўляўся нацыст, маёр ахоўнай паліцыі Эрых Кёрнер.

Расплата не абмінула карнікаў17 кастрычніка 1942 г. батальён разам з іншымі нямецкімі фарміраваннямі ўдзельнічаў у карнай аперацыі супраць савецкіх партызанаў у Мінінскім, Шчорсаўскім і Галаднянскім раёнах Чарнігаўскай вобласці, а ў канцы лістапада быў перадыслацыраваны ў Беларусь.

Гродзенскія следчыя раскрылі жахлівыя падрабязнасці дзейнасці 118-га батальёна, яго ўдзел у карных аперацыях "Котбус" на тэрыторыі Докшыцкага, Лагойскага і Барысаўскага раёнаў, "Герман" у Налібоцкай пушчы на тэрыторыі Навагрудскага, Іўеўскага і Карэліцкага, Стаўбцоўскага і Валожынскага раёнаў, "Вандсберг" у Ліпічанскай пушчы на тэрыторыі Мастоўскага, Ваўкавыскага, Слонімскага і Дзятлаўскага раёнаў.

Вось тады Я.М. Далідовіч і выйшаў на згаданае вышэй данясенне Плешчаніцкай жандармерыі Барысаўскаму гебітскамісарыяту аб сваёй дзейнасці за студзень—май 1943 г. Нямецкая мова, гатычны шрыфт. Але выразна чыталася: 22 сакавіка, Хатынь, 118-ты шуцманшафтбаталь. Так быў даказаны факт яго ўдзелу ў спаленні вёскі.

Адно за адным органамі дзяржбяспекі выяўляліся імёны ваенных злачынцаў, якія пазбеглі пакарання. Іх выкрывалі паказаннямі сведкаў, пратаколамі агляду месцаў масавага знішчэння людзей...

***

У 1973 г. на лаву падсудных селі пяцёра карнікаў са 118-га батальёна.

У ходзе следства высветлілася яшчэ адно імя ваеннага злачынцы — Мялешкі, які служыў у 118-м карным батальёне на камандных пасадах. Зноў узяліся за працу гродзенскія следчыя. У лістападзе—снежні 1986 г. ваенны трыбунал Беларусі разгледзеў справу па абвінавачванні здрадніка Мялешкі, і яшчэ адзін паліцай атрымаў заслужанае пакаранне.

Апошняй была ўстаноўлена асоба аднаго з галоўных катаў Хатыні — Рыгора Васюры. Былы афіцэр Чырвонай арміі, які добраахвотна перайшоў на службу да фашыстаў, займаў са снежня 1942 г. па ліпень 1944 г. пасаду начальніка штаба 118-га паліцэйскага батальёна. Менавіта Васюра разам з шэфам батальёна гітлераўскім афіцэрам Кёрнерам, разгарнуўшы ў ланцуг 300 карнікаў, кіраваў акружэннем Хатыні і расправай над яе жыхарамі. Гэта ён разам з Мялешкам даваў падпарадкаваным карнікам каманды знішчаць Хатынь і яе 149 жыхароў, з якіх палова (75) былі дзеці.

На лаве падсудных у 1986 г. сядзеў 70-гадовы стары. Пасля вайны Васюра трапіў у фільтрацыйны лагер. У 1952 г. за супрацоўніцтва з фашыстамі быў асуджаны трыбуналам Кіеўскай ваеннай акругі да 25 гадоў пазбаўлення волі. Праз 3 гады выйшаў на волю па амністыі. Сваю карную дзейнасць ён тады ўтаіў.

Вярнуўся дахаты, у Кіеўскую вобласць, працаваў аграномам, потым намеснікам дырэктара саўгаса. Рэгулярна атрымліваў граматы за вытворчыя поспехі, быў паважаны начальствам. Штогод мясцовыя піянеры... віншавалі "ветэрана" Вялікай Айчыннай вайны з Днём Перамогі! Кіеўскае інжынернае вучылішча запісала свайго даваеннага выпускніка ў ганаровыя курсанты. Ніхто і падумаць не мог, што ён быў адным з асноўных фігурантаў Хатынскай трагедыі — карнікам.

27 гадоў таму хатынскі кат панёс заслужанае пакаранне. Так хацелася б напісаць: апошні хатынскі кат. На жаль, не...

Адзін з іх, Уладзімір Катрук, і сёння жыве ў Канадзе, яму 91 год, ён разводзіць пчол. Летась яго вылічыў Цэнтр Сімона Візенталя, які займаецца вышукам па ўсім свеце нацысцкіх злачынцаў, якія засталіся ў жывых. Задача камандзіра ўзвода 118-га паліцэйскага батальёна Катрука падчас карнай акцыі ў Хатыні заключалася ў ліквідацыі вяскоўцаў, якія намагаліся ўцячы ад немінучай смерці. Разам з батальёнам ён у 1944 г. быў перакінуты ў Францыю. Адтуль у 1951 г. эмігрыраваў у Канаду, заявіўшы, што не мае дачынення да нацыстаў. У 1999 г. мясцовыя ўлады, даведаўшыся пра яго мінулае, пазбавілі былога калабарацыяніста канадскага грамадзянства. Аднак у 2010 г. федэральны апеляцыйны суд афіцыйна вярнуў яму грамадзянства. Сёння праваабаронцы з цэнтра Візенталя заклікаюць экстрадыраваць яго ў Еўропу, каб ён паўстаў перад судом... Раны вайны не загойваюцца...

Святлана МАРОЗАВА, доктар гістарычных навук, прафесар ГрДУ імя Я. Купалы.

Пры падрыхтоўцы артыкула былі выкарыстаны матэрыялы, прадастаўленыя палкоўнікам у адстаўцы Я. М. Далідовічам, за што аўтар выказвае яму вялікую падзяку.

←«Зайцы» попадут в камеру

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика