"ЗАХАД-2013" ЯК МАГЧЫМАСЦЬ пераЗАГРУЗКІ
Як толькі стала вядома аб правядзенні буйных сумесных расійска-беларускіх вайсковых вучэнняў стратэгічнага ўзроўню "Захад-2013", рэакцыя афіцыйных асоб, экспертаў і журналістаў суседніх краін-членаў НАТА (перш за ўсё Літвы і Польшчы) не прымусіла сябе чакаць: згодна з іх меркаваннямі, сцэнарый гэтых вучэнняў прадугледжвае нападзенне на Польшчу і Літву.
На гэтыя абвінавачванні ваенна-палітычнае кіраўніцтва Беларусі і Расіі заявіла, што вучэнні не нясуць пагрозы бяспекі суседнім дзяржавам і накіраваны на наладжванне ўзаемадзеяння і павышэнне баяздольнасці саюзнай групоўкі войскаў. Але гэта не супакоіла заходніх аналітыкаў. На іх погляд, сцэнарый вучэнняў "Захад-2013" падобны на сцэнарый буйных ваенных вучэнняў "Захад-2009", якія былі афіцыйна названы абароннымі і накіраванымі на падтрымку стратэгічнай стабільнасці ў рэгіёне. Але, як тады сцвярджалі ў Міністэрстве абароны Літвы, легенда вучэнняў, акрамя ўварвання сухапутных сіл саюзнікаў на тэрыторыю балтыйскіх краін, прадугледжвала і прэвентыўны ядзерны ўдар па Варшаве.
Таму занепакоенасць Літвы, Польшчы і Латвіі, выкліканая "Захадам-2013" зразумелая. Цікава, што гэтую занепакоенасць зусім не падзяляе ваенна-палітычнае кіраўніцтва НАТА. Так, генеральны сакратар НАТА Андэрс Фог Расмусен заявіў 2 лютага ў Вільні наконт вучэнняў "Захад-2013", што Альянс не разглядае Расію як пагрозу. Дарэчы папярэднія вучэнні "Захад-2009", згодна з ацэнкамі натаўскіх аналітыкаў, якія былі апублікаваныя ў WіkіLеаks, прадэманстравалі абмежаваныя магчымасці вядзення баявых дзеянняў расійскай арміяй з-за нізкага ўзроўню тэхнічнай мадэрнізацыі і каардынацыі войскамі. Гэта дало падставу натаўскім аналітыкам казаць пра расійскую армію як пра "калос на гліняных нагах".
Між іншым, у новай Стратэгічнай канцэпцыі НАТА, якая была прынята на Лісабонскім саміце ў 2010 годзе, Расія нават не фігуруе як патэнцыйная крыніца пагроз для Альянсу. Больш за тое, адзін з галоўных вынікаў Лісабонскага саміту: бяспекі Расіі і НАТА ўзаемазвязаныя. Расія і НАТА дамовіліся працаваць у кірунку дасягнення сапраўды стратэгічнага і мадэрнізаванага партнёрства, заснаванага на прынцыпах узаемнага даверу, транспарэнтнасці і прадказальнасці, з мэтай спрыяць стварэнню агульнай прасторы міру, бяспекі і стабільнасці ў еўраатлантычным рэгіёне.
У гэтым кантэксце ваенныя вучэнні "Захад-2013" выглядаюць, хутчэй, як перажытак мыслення, заснаванага на парадыгме "халоднай вайны". Сёння аналітыкі лічаць зусім малаверагодным ваенны канфлікт паміж Расіяй і НАТА. У якасці патэнцыйнага сцэнарыя ваеннага канфлікту разглядаецца ракетна-ядзерны ўдар, што цяпер ва ўмовах "перазагрузкі" адносін паміж Расіяй і Захадам гучыць, хутчэй, як фантастыка.
Між тым, зараз існуе шэраг агульных выклікаў для бяспекі як Беларусі і Расіі, так і для краін НАТА. Перш за ўсё, гэта так званыя нетрадыцыйныя, або "новыя" пагрозы бяспекі, да якіх звычайна адносяць наркатрафік і наркагандаль, тэрарызм, кібер- злачыннасць, пагрозы энергабяспекі, пагрозы эканамічнай бяспекі, надзвычайныя сітуацыі і гуманітарныя крызісы, экалагічныя выклікі, транснацыянальную злачыннасць, карупцыю, незаконную міграцыю, марское пірацтва і гэтак далей. З-за транснацыянальнага свайго характару ўсе гэтыя пагрозы, як правіла, патрабуюць агульнага, шырокага і комплекснага адказу ад тых краін, якія сутыкаюцца з імі, нягледзячы на сваю прыналежнасць да пэўнага ваенна-палітычнага блока.
З ліку транснацыянальных і агульнаеўразійскіх пагроз Беларусь сутыкаецца з наркатрафікам і наркагандлем, распаўсюджаннем тэрарызму, энергетычнай небяспекай, незаконнай міграцыяй, пагрозай для транзіту, кіберзлачыннасцю і інш.
Процідзеянне гэтаму спісу пагроз і магло быць пакладзена ў аснову сцэнарыя будучых вучэнняў "Захад-2013" замест таго, каб бударажыць нашых заходніх суседзяў і тым самым абвастраць ваенна-палітычную сітуацыю ў рэгіёне. Больш за тое, з-за агульнасці гэтых пагроз як для Беларусі, Расіі, так і для краін НАТА, да ўдзелу ў гэтых вучэннях можна было б запрасіць і суседнія краіны. І гэта датычыцца не толькі Польшчы і Літвы, а ў тым ліку і Украіны, якая не з'яўляецца членам ні НАТА, ні АДКБ.
Як заявіў генеральны сакратар АДКБ Мікалай Бардзюжа, падводзячы вынікі свайго нядаўняга візіту ў Брусель, НАТА ігнаруе ўсе спробы АДКБ пачаць дыялог па агульных выкліках бяспекі, у тым ліку і па так званых новых, нетрадыцыйных. Гэта звязана не толькі з тым, што сярод краін НАТА адсутнічае адзіная пазіцыя ў дачыненні да АДКБ, але і з тым, што НАТА аддае перавагу працы непасрэдна з краінамі рэгіёна праз свае праграмы тыпу "Партнёрства дзеля міру".
Відаць, настаў час для распрацоўкі падобнай праграмы і з боку АДКБ у дачыненні не толькі да краін НАТА, але да такіх дзяржаў, якія не ўваходзяць у гэты блок (напрыклад, Украіна ці Азербайджан). І вучэнні "Захад" маглі б пераўтварыцца ў такую пляцоўку для гібкага ("сеткавага") узаемадзеяння паміж членамі АДКБ, НАТА і іншымі краінамі.
Так, у 2014 годзе НАТА плануе пачаць вывад войскаў з Афганістана. Значная частка натаўскай тэхнікі і войскаў будзе вывозіцца праз так званую Паўночную размеркавальную сетку маршрутаў, якія пралягаюць праз Цэнтральную Азію, Расію, Азербайджан, Беларусь, Прыбалтыку і іншыя краіны. Таму цалкам мэтазгодным было б уключэнне ў сцэнарый вучэнняў "Захад-2013" элемента, накіраванага на выпрацоўку суладнага ўзаемадзеяння паміж удзельнікамі Паўночнай размеркавальнай сеткі падчас тэставага вываду натаўскіх войскаў з Афганістана.
Такі крок павысіў бы міжнародны аўтарытэт як Беларусі, так і АДКБ у цэлым (бо значная частка краін — удзельніц Паўночнай размеркавальнай сеткі з'яўляецца членамі АДКБ). Але для гэтага спачатку трэба пераасэнсаваць парадыгму бяспекі, на падставе якой Беларусь і яе саюзнікі фармулююць сваю ваенную палітыку.
Арсеній Сівіцкі, палітычны аглядальнік "Звязды", кіраўнік Цэнтра стратэгічных і знешнепалітычных даследаванняў.