Букет падатковых парушэнняў ІП
Цэлы букет парушэнняў выявілі ў Наваполацку супрацоўнікі падатковай інспекцыі пры правядзенні аператыўнай праверкі дзейнасці аднаго з індывідуальных прадпрымальнікаў горада.
У прыватнасці, у памяшканні крамы, дзе ажыццяўлялася рэалізацыя мэблі, міжпакаёвых дзвярэй, вокнаў ПВХ за наяўны разлік, не было ўстаноўлена касавае абсталяванне. У ходзе праверкі былі канфіскаваныя дагаворы, заключаныя з пакупнікамі, якія сведчаць аб прыняцці ад пакупнікоў наяўных грошай як у якасці перадаплаты, так і ў выглядзе чарговых плацяжоў за рэалізаваныя тавары. Агульная сума грошай, прынятых з парушэннем устаноўленага парадку іх прыёму, склала больш як 115 мільёнаў рублёў. У адпаведных уліковых дакументах прадпрымальніка гэтая сума не была адлюстравана.
Яшчэ адно парушэнне: у краме прадпрымальніка ажыццяўлялася рэалізацыя мэблі на агульную суму 159,6 мільёна рублёў без дакументаў, якія пацвярджаюць яе набыццё. Матэрыялы праверкі ў дачыненні да ІП накіраваны ў гаспадарчы суд Віцебскай вобласці.
Аляксандр ПУКШАНСКІ