АЛЁ, Народ на провадзе
...Лепшага грыбніка, чым Яўгенавіч, у калектыве не было.
Вось і ў той панядзелак ён з захапленнем расказваў, як удала з'ездзіў у лес. Прысутныя толькі ахалі.
— Слухай, будзь сябрам, вазьмі мяне з сабой? — папрасіўся адзін. — Не паверыш — за ўсё жыццё толькі двойчы ў грыбах быў... Ды і тое безвынікова.
— Добра, — пашкадаваў яго калега. — Толькі з умовай — едзем на тваёй машыне, а бензін папалам. Па руках?
— Па руках.
У суботу а пятай гадзіне раніцы мужыкі ўжо былі ў лесе. Грыбнік Яўгенавіч ішоў першым, праз гушчар, падобна — да толькі яму вядомых мясцін. Калега яго прадзіраўся следам, але ж час ад часу ўмудраўся рабіць на дрэвах нейкія знакі.
— Ты гэта навошта? — запытаў Яўгенавіч.
— А раптам заблукаю, — патлумачыў той.
Хутка яны выйшлі на палянку, пасярод якой узвышаўся высокі пень — увесь проста зліты апенькамі. У Пятровіча ад гэтага відовішча нават сківіца адвісла.
— Ну, што рот разявіў? Рэж давай, — паблажліва дазволіў Яўгенавіч. — А я тым часам на іншыя "соткі" злётаю.
Вярнуўся ён недзе праз гадзіну, каб убачыць задаволены твар калегі (каля ног яго стаялі дзве вялізныя торбы з грыбамі) і чысцюткі пень. Яны ўдала з'ездзілі...
А недзе праз год зноў наступіла грыбная восень. І Яўгенавіч зноўку паехаў у лес — праверыць свае мясціны. Пачаў, як тады, са знаёмай палянкі. Выйшаў на яе і разгубіўся: усё як быццам знаёмае — тыя ж дрэвы, тая ж канаўка — пня няма. Няўжо заблукаў?
З паўгадзіны яшчэ круціўся па лесе, але тую, сваю паляну, свой пень так і не знайшоў. Здзіўлены, нават раззлаваны, пайшоў на іншыя месцы... І магчыма, забыўся б, калі б не... юбілей: Пятровіч запрасіў да сябе на лецішча.
Там, як высветлілася, у яго і добры цагляны дамок, і лазня, і нават капцільня свая! Госці былі ў захапленні. Толькі Яўгенавіч, бедны, стаяў як аслупянелы: на ўчастку каля плота "рос"... пень.
— Што, не пазнаеш? — запытаў з-за пляча гаспадар.
— Не... Вачам не веру.
— Ды той жа! Той самы, помніш — з апенькамі!.. Дык я што, брат, падумаў: навошта грошы траціць на паліва, навошта кожны раз ездзіць у лес — які ў гэтым сэнс? Прасцей жа там пень выкапаць, тут "пасадзіць"... Праўда, апенькі на ім не растуць, але ж гэта пакуль... Можа, паліць чым трэба? Што скажаш?
— Што дурань ты, Мікола, — уздыхнуў Яўгенавіч. — Ды яшчэ і "эканомны".
Віктар Варанец,
г. Гродна.
У Маскву...Калі ёсць гумар — павінна быць смешна, але бывае так далёка не заўсёды.
Вось у нашым горадзе доўгі час стаяла вайсковая часць. Служылі там хлопцы з усяго былога Саюза. У тым ліку грузіны, армяне, узбекі, кіргізы... Многія з іх слаба ведалі рускую мову. Што ўжо казаць пра гумар.
Адзін эпізод. Неяк да КПП (кантрольна-прапускнога пункта) пад'язджае машына...
А парадак там быў такі: перш чым запусціць яе на тэрыторыю часці альбо выпусціць за межы, дзяжурны пытаў, хто старшы, куды едуць, потым перадаваў гэту інфармацыю на камандны пункт, і калі там давалі дабро, вароты адчыняліся.
Дык выбягае, значыць, з каравулкі салдацік-узбек:
— Хто старшы? — пытаецца.
— Прапаршчык Салаўёў, — гучыць у адказ.
— Куды едзеце?
— У Маскву, па песні...
Узбек над пачутым, вядома ж, не думае — не разумее, што гэта жарт. Ён куляй ляціць у каравулку і ўсё, што пачуў, слова ў слова, перадае камандзірам. Потым (і гэтак жа хутка) вяртаецца назад да машыны, кажа:
— Таварыш прапаршчык, вас да тэлефона.
Той — ну што тут будзеш рабіць — вядома ж, зайшоў у памяшканне.
І хутка... вылецеў адтуль — раз'юшаны як той звер: атрымаў, відаць, па першае чысло!
Але ж вароты перад машынай ужо расчыніліся — "экіпаж" паехаў...
Ці прывёз ён песень, не ведаю.
Валянціна Гудачкова,
г. Жыткавічы.
Каму што, а галоднаму хлеб...Не сказаць, што гэта вёска малая: некалі яе закручаныя вуліцы поўніліся шматлікімі галасамі, віравала жыццё, была малочнатаварная ферма. А вось крамы сваёй не было, па пакупкі даводзілася ісці ў суседнія вёскі — у адну за два кіламетры, у другую — далей. Таму, ужо дайшоўшы, вяскоўцы не скупіліся: бралі і хлеба "на рубля", і іншых прадуктаў. А калі ў доме меўся курэц, то ў запас яшчэ і "Беламору" з "Прымай"...
Любіў пасмаліць і мясцовы механізатар Іван. Неяк пад вечар вярнуўся ён з працы, тое-сёе па гаспадарцы зрабіў, павячэраў. А як пасля гэтага ды без цыгарэты? Палапаў па правай кішэні, па левай... Усю апратку сваю ператрос. Як на тое ліха, ніводнай цыгарэткі! Галоўнае — яны былі б яшчэ, ды ўспомніў — напарнік яго без перастанку сёння "Прыму" "страляў", пакуль трактар правілі. Казаў, аддам... Ага, на святы Адам. А цяпер вось што рабіць?
Іван паглядзеў на гадзіннік. Заводзіць матацыкл ды ляцець у краму сэнсу не мела, не паспее — праз пяць хвілін зачыняецца...
З надзеяй і яшчэ раз абшарыў усе патаемныя месцы ў хаце — ні з чым выйшаў у двор. Там, зноў жа нядобрым словам успамінаючы напарніка, стаў узірацца, каб хоць нейкі недакурак знайсці...
"Працэс" гэты перапыніў Лявон:
— Здароў быў, Іване, — павітаўся з-за плоту. Размову завёў: — Іду гэта я па вуліцы — бачу, пасярод дарогі бычок ляжыць...
— "Беламор" ці "Прыма"? — не даўшы дагаварыць, выпаліў Іван.
Сусед нават міргаць перастаў: пад яго позіркам вочы Івана, якія толькі што загарэліся надзеяй, гэтак жа раптам патухлі...
А потым цішыню прарэзаў гучны мужчынскі рогат.
...Лявон, вядома ж, выручыў — не пакінуў суседа ў бядзе, даў яму закурыць.
А суседскі бычок і сапраўды адвязаўся, аж з іншай вуліцы прыцягнуўся на іхнюю і пасяродку лёг.
Іван, пакурыўшы, узяў яго за ланцуг і завёў куды трэба — акурат у двор гаспадара.
Ала АЛЬФЕР,
г. Беразіно.
Добрая работа?Неяк адзін наш вялікі начальнік папраўляў здароўе ў санаторыі на Балтыйскім моры. Расклад дня ў яго быў такі: да абеду лячэбныя працэдуры, пасля абеду — шпацыр. У тым ліку — па старажытнай Рызе, па крамах...
У адной з іх — і не хацеў бы, ды зачапіўся вокам — мэблевы гарнітур... З чырвонага дрэва. З шырозным ложкам, з прыгажэннай шафай... Сама тое для спальні...
Патэлефанаваў дадому — з жонкай параіўся, потым набраў нумар дырэктара бліжэйшай аўтабазы. Сказаў:
— Слухай, я тут мэблю сабе нагледзеў. Хачу ўзяць... Дык ты, будзь сябрам, падгані машыну...
Такія просьбы, вядома ж, не абмяркоўваюцца, яны выконваюцца — і ў той жа міг: паклаўшы слухаўку, дырэктар тут жа выклікаў аднаго з кіроўцаў. Спытаў:
— Слухай, ты ж у Прыбалтыцы быў? Быў... Дык зганяеш яшчэ раз — рухавік у рамонт завязеш. Ён, праўда, спраўны... Але гэта не важна. Важна — адтуль, з адной крамы — я во адрас напісаў — спальны гарнітур забраць... Памочніка вазьмі — на пагрузку. І глядзіце мне, каб акуратна там, як мае быць, каб як зрэнку вока...
Назаўтра ад варот прадпрыемства машына накіравалася ў Рыгу. А праз два дні вярнулася назад — разам з невялічкім рухавіком, які ляжаў там "для мэблі", і сапраўднай мэбляй.
Праўда, разгрузіць яе не было каму — выхадны, нядзеля. Але ж дырэктар аўтабазы, які па-ранейшаму "пытанне трымаў на кантролі", патэлефанаваў начальніку мясцовай міліцыі — што называецца, далей перадаў начальніцкае "будзь сябрам".
— Пра што размова?! — адразу ж згадзіўся той. — У мяне тут хлопцы па 15 сутак сядзяць, лынды б'юць... Без справы...
Ці трэба казаць: лёгенька, якасна яна, тая справа, зрабілася. Так што начальнік, прыехаўшы з санаторыя і ўбачыўшы вынік, адразу ж патэлефанаваў дырэктару аўтабазы і падзякаваў яму за дапамогу. Пацікавіўся заадно, ці аплацілі ж хлопцам за працу?
— Ну, вядома, — запэўніў дырэктар. — Усё як мае быць: і камандзіровачныя, і прэміяльныя!
— Вось гэта правільна, — пахваліў начальнік, — добрая работа і павінна добра аплачвацца.
Браніслаў Зубкоўскі,
г. Мар'іна Горка.
Рубрыку вядзе Валянціна Доўнар.