Вёска — не толькі месца працы
Я — правінцыялка, усё жыццё сваё пражыла ў вёсцы. Гэта быў мой, як моладзь кажа, свядомы выбар, бо некалі пакахаў мяне гарадскі хлопец, перавёз у горад. Але ж я яго вельмі ўгаворвала вярнуцца. І перамагла... Паспрыяла, відаць, тое, што ён, маючы вышэйшую тэхнічную адукацыю, знайшоў сабе працу ў вёсцы. Тут нарадзіліся тры нашы дачушкі, але...
Вось ужо сем гадоў, як я жыву адна (муж памёр). Цяпер дзеці клічуць мяне ў горад. Але я па-ранейшаму ехаць не хачу, бо вёска — гэта маё: гэта зямля, гэта людзі, гэта санаторый у любы час года, гэта прыгажосць, якую трэба бачыць...
Мусіць, таму і баліць душа, бачачы, як старэе яна, памірае. Калі там 5-6 жывых хацінак — гэта хоць неяк ды можна зразумець. Але ж калі да сотні ды і болей, то трэба, думаю, нешта рабіць — ратаваць.
Вось у нас да мінулага года працавалі дзіцячы садок і школа. Праўда, вучылася там крыху больш за паўсотні дзяцей. Мала. Дык яе закрылі і вучняў цяпер возяць за 10 кіламетраў. А вёска пацішэла, быццам душу з яе вынялі.
Пасля бойкі, кажуць, няма сэнсу кулакамі махаць, але ж думаю: можа, трэба было далучыць дзіцячы садок да школы, бо такі будынак пустуе!
Ці вось "Дзіцячыя вёскі" ствараюць... І ствараюць пры гарадах, на асфальце. А чаму не ў такіх вось вёсках? Тым больш што тут і будаваць нічога не трэба: знойдуцца дабротныя будынкі (толькі прыстасуй!), знойдуцца кадры: настаўнікі без працы пазаставаліся. Паветра ў нас — кіслародны кактэйль (прычым — дармавы), прырода якая, людзі бліжэйшыя, свежае малачко... Дзеці раслі б на зямлі, шмат чаму змалку вучыліся. А там, можа, нехта ў вёсцы і асеў бы? Ці вярнуўся б пасля вучобы? Глядзіш — і хаты ажылі б! Бо народ жа карміць трэба.
Панацэю знайшлі — ухапіліся за СВК. А я дык, шчыра кажучы, не разумею, чым гэтыя кааператывы лепшыя за саўгасы? Толькі і клопатаў у іх, што пра надоі ды ўраджаі. А што для чалавека, для людзей?
На паперы, можа, нешта і робіцца, а на справе... У нас вось вёска вялікая, а лазні няма. Некалі была, добрая. І пральня была. А пачалася перабудова — закрыліся: без кантролю, без нагляду людзі сталі расцягваць, хто што мог... У выніку цяпер у каго мужчыны ў хаце, у таго і лазні — пабудавалі свае, персанальныя. Але ж і напаліць іх, і вады нагрэць трэба сілы... У некага яны ёсць, у некага — няма. А была б грамадская лазня — грошы заплаціў ды схадзіў памыўся...
Можа, памыляюся, але, як на мой погляд, аграгарадкі вёску не ўратуюць. Бо яна, вёска — гэта не толькі месца працы ды нейкія выгоды, але і лад жыцця, свой мікраклімат, свае традыцыі, звычкі, абрады. Не з нас яны пачаліся — складваліся вякамі. А каму перадаваць?
Трэба, на мой погляд, ратаваць вёску, ратаваць правінцыю. Бо яна была і будзе патрэбна.
Пакуль жа недзе ў кабінетах прымаюцца рашэнні. Кшталту: школа, пошта, крама... стратная! Трэба закрыць.
Але ж ёсць улада, ёсць дэпутаты. Думайце, чаму стратныя? Што выйграем, калі закрыем? Што прайграем? Прымайце нейкія рашэнні! Не можаце самі — падключайце людзей: чаму б не прыехаць у вёску таму ж дэпутату, чаму б не выслухаць прапановы ды не падняць праблему недзе вышэй? А то перад выбарамі каторыя пакажуцца — і няма іх. Дзе яны збіраюцца, што абмяркоўваюць? Сустрэнуцца, мусіць, у кабінеце старшыні сельскага Савета, пасядзяць, пагавораць — а зрухі якія?
Дык на каго нам, вяскоўцам, спадзявацца? Чаго чакаць у будучыні?
Ці ёсць адказы на гэтыя пытанні?
Лідзія ЛУК'ЯНАВА,
в. Швабы, Лагойскі раён.
Ад рэдакцыі. Сапраўды — балючая праблема... і актуальныя пытанні. Нехта ведае адказы? Мае прапановы?
На слушныя — газетнай плошчы не шкада. Пішыце!