ФАКТЫ

Источник материала:  
Дастаўлялі цяжарных, забяспечвалі гарачым харчаваннем

У пятніцу ў 18.45 у Маскоўскім раёне сталіцы абрынуўся навес крытай аўтастаянкі плошчай тысячу квадратных метраў, разлічанай на 82 машына-месцы, размешчанай на ўнутрыдваравой тэрыторыі атэля "Мінск" па праспекце Незалежнасці, 11.

У выніку былі пашкоджаны 22 аўтамабілі, а таксама быў дэфармаваны ўчастак газавага трубаправода, які сілкаваў газавую кацельню атэля. Парушэння падачы цеплазабеспячэння не было. Пацярпелых — таксама.

Брыгадай экстраннай медыцынскай дапамогі Мінскага гарнізона МНС з мікрараёна "Сокал" у пятаю гарадскую клінічную бальніцу для прыняцця экстранных родаў былі дастаўлены дзве цяжарныя жанчыны (з тэрмінамі цяжарнасці 38 і 37 тыдняў), а таксама дастаўлена сям'я з нованароджаным дзіцем (4 дні) у дзіцячы хірургічны цэнтр.

Для прыёму кіроўцаў і пасажыраў, якія аказаліся ў заторах на тэрыторыі Фрунзенскага раёна, быў арганізаваны пункт прыёму на базе СШ №42 па вуліцы Нёманскай, у тым ліку вырашана пытанне з забеспячэннем гарачым харчаваннем у адкрытым акцыянерным таварыстве "Азарэнне".

У Заводскім раёне была арганізавана дастаўка гарачага харчавання ў раён затору на 14-м кіламетры Магілёўскай шашы. Былі разгорнуты пункты часовага прыёму насельніцтва на базе дзіцячых дашкольных устаноў №530 і №166, сярэдніх школ №186 і №210. У Цэнтральным раёне для размяшчэння грамадзян з забеспячэннем гарачым харчаваннем былі разгорнуты пункты часовага прыёму насельніцтва на базе гасцінічнага комплексу "Юбілейны" (да 55 чалавек), гасцініцы "Планета" (да 50 чалавек), гасцініцы "Вікторыя" (да 50 чалавек), атэля "Еўропа" (да 100 чалавек). У Першамайскім раёне ва ўзаемадзеянні са 120-й брыгадай Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь і аддзелам гандлю адміністрацыі Першамайскага раёна была арганізавана дастаўка гарачага харчавання ў раён затору ў кірунку Кургана Славы.

Цягнікі ходзяць па раскладзе На Беларускай чыгунцы забяспечана бяспека руху.

З 8.00 16 сакавіка пазней раскладу прайшлі два міжнародныя цягнікі (на 8 хвілін), шэсць цягнікоў рэгіянальных ліній (ад 9 да 55 хвілін) і пяць цягнікоў гарадскіх ліній (ад 6 да 22 хвілін). На 13.00 таго ж дня рух цягнікоў быў адноўлены згодна з раскладам. Затрымкі ў руху адбыліся выключна з-за тэхналогіі ручной ачысткі асобных стрэлачных пераводаў ад снегу, паведамілі ў прэс-цэнтры Мінтранса.

Дарогі: Заторы былі ліквідаваныя да ранку нядзелі

Па звестках на 8.00 18 сакавіка праезная частка рэспубліканскіх дарог была практычна цалкам ачышчаная ад снегу па ўсёй тэрыторыі краіны, паведамілі ў прэс-службе Мінтранса. Намаганні дарожных службаў былі сканцэнтраваны на ачыстцы ўзбочын, аўтобусных прыпынкаў, пешаходных дарожак, пляцовак адпачынку.

Цыклон "Хаўер", які прайшоўся над тэрыторыяй краіны 15-16 сакавіка, істотна абцяжарыў дарожныя ўмовы. Найбольш складаная абстаноўка назіралася ў межах Мінскай, Магілёўскай і Брэсцкай абласцей. Тут з-за дарожна-транспартных здарэнняў і перакідання снегу былі зафіксаваны заторы і перарывы ў руху. На рэспубліканскіх дарогах яны былі ліквідаваны да ранку 17 сакавіка. У "пікавыя" часы на рэспубліканскай сетцы дарог было задзейнічана каля 1,2 тысячы адзінак спецыялізаванай тэхнікі. Акрамя ўласнага парка снегаачышчальнікаў і пескасолеразмеркавальнікаў для ачысткі пакрыцця прыцягвалася тэхніка старонніх арганізацый. Усяго за выхадныя дні для апрацоўкі пакрыццяў рэспубліканскіх дарог было зрасходавана каля 20 тысяч тон супрацьгалалёдных матэрыялаў.

Дэпартамент "Белаўтадар" звяртаецца да карыстальнікаў дарог з просьбай быць гранічна ўважлівымі і асцярожнымі, выбіраць хуткасны рэжым, адэкватны дарожным умовам. У выпадку прэтэнзій да іх грамадзянам рэкамендавана звяртацца на тэлефон 125 — адзіны нумар дарожных дыспетчарскіх службаў арганізацый дэпартамента "Белаўтадар".

Сяргей РАСОЛЬКА.

А Гомельшчыну залівала...

Месячная норма ападкаў (каля 25 мм) у выглядзе мокрага снегу з дажджом за мінулы чацвер выпала ў Брагіне і Хойніках. Увогуле на тэрыторыі Гомельшчыны адзначаліся моцныя дажджы — у сярэднім па рэгіёне за адны суткі выпала ад 13 да 23 мм ападкаў.

Па інфармацыі Гомельскага абласнога ўпраўлення МНС, з 14 па 17 сакавіка на тэрыторыі вобласці былі зафіксаваны факты парушэння ўмоў жыццядзейнасці людзей у Гомелі і 13 раёнах вобласці. Дажджавымі водамі былі падтоплены 21 падворак, 2 сутарэнні ў шматкватэрных жылых дамах і 8 — у прыватных, 3 участкі дарог. Моцны цыклон абясточыў 52 населеныя пункты, 121 трансфарматарную падстанцыю, 20 малочных фермаў, 2 школы, 2 кацельні. Супрацоўнікі МНС, ЖКГ і іншых службаў аператыўна ліквідавалі ўсе наступствы стыхіі. Па інфармацыі ДАІ, на аўтадарогах Гомельскай вобласці дарожна-транспартных здарэнняў, масавых затораў і перабояў у руху транспартных сродкаў не зарэгістравана.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.

Не даехаў хлеб, спазніліся газеты

На Брэстчыне злосны "Хаўер" бушаваў з меншай сілай, чым у іншых рэгіёнах рэспублікі. Але і тут ён паспеў паказаць свой нораў. Некалькі гадзін была перакрыта траса М1 на выездзе з абласнога цэнтра. На такую вымушаную меру супрацоўнікі ДАІ пайшлі з-за таго, што бачнасць на дарозе складала ўсяго некалькі метраў, пачалі паступаць першыя сігналы аб аварыях. На памянёнай галоўнай транспартнай артэрыі краіны ўтварыўся затор пад Баранавічамі, там часова спынілі рух. Па гэтай жа прычыне ўпершыню за некалькі апошніх дзесяцігоддзяў суботнія рэспубліканскія газеты брэсцкія чытачы атрымалі ў панядзелак.

Непагадзь парушыла планы многіх. Напрыклад, брэсцкая дэлегацыя не трапіла ў Мінск на конкурс "Жанчына года — 2012". У школах вобласці не адмянілі суботнія заняткі і факультатывы, на што многія бацькі наракалі. Дзе-нідзе дзецям няпроста было дабрацца да школы з-за снежных заносаў. А вось у нядзелю ў абласным цэнтры гулялі "Масленіцу" і праводзілі зіму.

У панядзелак у абласным упраўленні МНС сабралі ўсю інфармацыю аб наступствах стыхіі. Паводле слоў кіраўніка прэс-службы Сяргея Машнова, за суткі з ранку 15 да ранку 16 сакавіка падраздзяленням МНС давялося больш за 30 разоў выязджаць на дапамогу тым, хто на машыне не мог выбрацца са снегу. Асабліва шмат такіх выпадкаў зафіксавана ў Ганцавіцкім раёне. Ратавалі машыну райспажыўсаюза з хлебам. Каля вёскі Кукава захрас рэйсавы аўтобус з 20-ю пасажырамі, а ў раёне Агарэвіч гэтага ж раёна заселі ў снезе пяць легкавых машын.

У Пінску спатрэбілася дапамога ажно трыццаці легкавікам. А ў Мястковічах Пінскага раёна ў снежным палоне апынуўся аўтобус з 24 пасажырамі.

На жаль, не абышлося без цяжкіх наступстваў. У цэлым за суткі на дарогах вобласці адбылося больш за сто аварый, што ў пяць разоў больш за сярэднія паказчыкі гэтай пары. У ДТЗ загінулі два чалавекі, шасцёра атрымалі раненні.

Як паведамілі ва ўпраўленні МНС, за выхадныя дні адноўлена падача электраэнергіі ва ўсіх вёсках, якія засталіся без свету. Вядзецца расчыстка снегу. А ў Пінскім раёне наступствы цыклону ўстаранялі з дапамогай выбухаў. 15 сакавіка была падтоплена вёска Парэ. У вадзе аказаліся чатыры падворкі. Вада пайшла на вёску, бо ў раёне аднаго з нізкаводных мастоў на Прыпяці ўтварыўся затор. Спецыялісты Пінскага цэнтра рэспубліканскага атрада спецыяльнага прызначэння лёд узарвалі, і вада сышла ад падворкаў.

Святлана ЯСКЕВІЧ.

←Одноэтажный Минск уходит в небытие

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика