Як гліну прымусіць “спяваць”?
З чытачамі “НГ” сакрэтамі дзеліцца майстар-кераміст Іван САВЕЛЬЕЎ
Напэўна вам даводзілася, бываючы на розных кірмашах, фестывалях і народных святах, бачыць розныя цацкі-свістулькі. Больш таго, упэўнена, многія з вас нават спрабавалі падзьмуць у гэтых керамічных “коцікаў”, “птушачак”, “конікаў” і найграць якую мелодыю. Аднак наўрад ці ў вас была магчымасць падгледзець, як і хто гэтыя цуды стварае. Толькі ў “Народнай газеце” сваім вопытам па “ажыўленні” гліны дзеліцца выкладчык факультэта эстэтычнай адукацыі БДПУ імя Максіма Танка, член Беларускага саюза майстроў народнай творчасці і кераміст са стажам Іван САВЕЛЬЕЎ. Не ўпэўнена, што ўжо заўтра вы зможаце зрабіць свістульку сваімі рукамі. Але тое, што натхніцеся і, магчыма, пажадаеце ператварыць выраб керамічных музычных інструментаў у хобі — гэта дакладна.
Дарэчы, так яно атрымалася і ў самога Івана. Да таго ніколі не займаючыся народнымі рамёствамі, падчас вучобы ў БДПУ імя Максіма Танка ён пазнаёміўся з людзьмі, якія працавалі з керамікай. Пасля — з Іванам Кірчуком, лідарам этна-гурта “Троіца” і яго калекцыяй унікальных народных музычных інструментаў. І захапіўся.
— У Беларусі традыцыя вырабу музычных керамічных інструментаў была амаль страчана. Спытаць, як і што рабіць, не было ў каго, — расказвае Іван. — Стаў паўтараць акарыны з Амерыкі, Афрыкі... Аналізаваў іх канструкцыі, радзіўся з музыкантамі і ў выніку напрацаваў уласны матэрыял. Сёння вырабляю керамічныя флейты, барабаны, свістулькі, акарыны.
Дарэчы, захапіўшыся вырабам керамічных музычных інстументаў, Іван і з жонкай сваёй пазнаёміўся. Цяпер спрабуюць захаваць гэтую традыцыю разам. А ў памочніках — гадавалае дзіця, якое сваімі маленькімі ручкамі ўжо ціскае гліну. Сярод іх керамічных цудаў не толькі традыцыйныя музычныя “коцікі” ды “птушачкі”, але і інструменты зусім незвычайнай формы.
— Лічыцца, што сур’ёзныя канструкцыі флейтавых могуць мець толькі форму яйка, а з інакшай яны проста не будуць гучаць, — расказвае Іван. — Аднак мы з жонкай абверглі гэтае меркаванне, стварыўшы шэраг інструментаў унікальных форм.
Як сцвярджае Іван, керамічныя музычныя інструменты заўсёды былі неад’емным элементам духоўнай і матэрыяльнай культуры беларускага народа. Цацкі-свістулькі знаходзяць на раскопках курганоў і гарадзішчаў яшчэ часоў жалезнага веку. Свістулькі — мініяцюрныя канструкцыі ўдасканаленых флейтавых інструментаў, такіх як акарына, напрыклад. Але і каб іх паўтарыць, трэба мець элементарныя навыкі працы з матэрыялам, добра ведаць тэхналогію, мець матэрыял, печ для абпальвання і валодаць некаторымі сакрэтамі гэтага старажытнага мастацтва. Некаторымі з іх майстар падзяліўся з чытачамі “НГ”.
Майстар-клас ад кераміста Івана САВЕЛЬЕВА
Звонкая птушка
1 Для вырабу свістулек выкарыстоўваем звычайную ганчарную гліну. Непасрэдна перад фармаваннем прамінаем гліну, каб зрабіць яе аднароднай па структуры і пазбавіцца паветраных пухіроў. Надаём гліне форму птушачкі.
2 Зразаем ножыкам ніжнюю частку глінянай формы.
3 Рыхтуем пустацелую загатоўку-тулава, выбіраючы лішнюю гліну пяцелькай ці пальцам. Стараемся, каб таўшчыня сценак была раўнамернай і знаходзілася ў межах трох — пяці міліметраў.
4 Месца злучэння дэталей драпаем ножыкам і прамазваем “смятанкай” — вадкай глінай. Толькі так часткі змогуць сапраўды “зрасціся”.
5 Залучаем дзве часткі тулава ў адно цэлае.
6 Дэкаруем загатоўку-тулава, ператвараючы яе ў птушку. Робім вочкі, крылы, дзюбку.
7 Прыступаем да самага адказнага этапу — стварэння свістковага прыстасавання. Трубкай пратыкаем адтуліну ў тулаве птушкі прыкладна ў двух сантыметрах ад “хвосціка” птушкі — муштука.
8 Пратыкаем у муштуку адтуліну такім чынам, каб канец праколкі выйшаў праз адтуліну, якую мы зрабілі на папярэднім этапе.
9 Пры праколванні ўлічваем, што сценкі паветранага канала павінны быць прамымі і роўнымі.
10 Праколваем ігравыя адтуліны — там, дзе натуральна кладуцца пальцы рук. Паміж свістковым прыстасаваннем і ігравымі адтулінамі пакідаем некалькі сантыметраў. Настройваем музычны інструмент, пакідаем сушыцца на які тыдзень, а пасля — у печ. Ваш музычны інструмент гатовы. Памятайце: сыграць віртуозна можна нават на свістульцы!