На варце здароўя
У Гродне пасля маштабнай рэканструкцыі адкрыўся ваенны шпіталь.
20 лютага ў Гродне адбылася цырымонія адкрыцця пасля рэканструкцыі будынкаў ДУ “1134-ы ваенны клінічны медыцынскі цэнтр Узброеных сіл Рэспублікі Беларусь”.
У цырымоніі адкрыцця медыцынскага цэнтра прымалі ўдзел міністр абароны Беларусі Юрый Жадобін, губернатар Гродзенскай вобласці Сямён Шапіра.
Працягвалася рэканструкцыя тры гады і вялася ў тры этапы. Рэканструяваны двухпавярховы будынак інфекцыйнага корпуса, стаматалагічнае аддзяленне, галоўны лячэбны корпус, кухня і харчовы склад. Цікава, што ў ходзе рэканструкцыі ваенны клінічны цэнтр не перапыняў сваю дзейнасць. Падчас будаўнічых работ лячэбны корпус знаходзіўся ў будынку былой чыгуначнай бальніцы ў Гродне. Кошт рэканструкцыі аб’екта і медыцынскага абсталявання складае звыш 30 мільярдаў рублёў.
Сёння шпіталь уяўляе сабой шматпрофільную лячэбную ўстанову са стацыянарам на 150 ложкаў і дзённым стацыянарам, аддзяленнямі дыягностыкі, хірургіі, фізіятэрапіі, стаматалогіі, рэнтгенаўскім і іншымі дапаможнымі аддзяленнямі, укамплектаванымі новым абсталяваннем.