ЯК ВЫ РАЗЛІЧВАЕЦЕСЯ ЗА ПАКУПКІ — КАРТКАЙ АЛЬБО НАЯЎНЫМІ ГРАШЫМА?
Паводле інфармацыі Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь, безнаяўныя плацяжы складаюць 62,6% — па колькасці аперацый і 19% па іх суме
Ала АСТРОЎСКАЯ, настаўніца нямецкай мовы гімназіі № 6 г. Мінска:— Мне больш звыкла плаціць наяўнымі грашыма. У мяне ёсць такі прынцып: банкноты заўсёды павінны быць у кашальку. Для мяне так зручней распланаваць, якія сумы неабходна адкласці на пэўныя пакупкі. Ды і збоі ў сістэме аплаты карткай здараліся не ў самы зручны момант. Але, на мой погляд, пластык неабходны пры буйных плацяжах. Мяркую, што мала хто захоча насіць з сабой наяўнымі вялікія сумы грошай.
Настасся ДАКУЧАЕВА, студэнтка Інстытута журналістыкі БДУ:— Для мяне гэтае пытанне не прынцыповае. Ёсць у кашальку неабходная сума наяўнымі — аплачваю ўсё імі. Калі ж банкнотаў не хапае, на дапамогу прыходзіць картка. Даводзіцца часам чуць скаргі, што "завісае" тэрмінал аплаты, але я з такім сутыкалася рэдка. Куды часцей здараецца сітуацыя, калі ў касіра няма рэшты, і яна на ўсю краму крычыць напарніцы: "Размяняй грошы!" — і ідзе забраць патрэбную суму. Вось гэта мяне раздражняе, бо даводзіцца марнаваць час у чарзе.
Сцяпан МАЧАХІН, праваднік па суправаджэнні вагонаў у рамонт Мінскага вагоннага ўчастка Беларускай чыгункі:— Я лічу, што картка мае перад наяўнымі грашыма шэраг значных пераваг. Яна займае ў кашальку вельмі мала месца, а рэшту з купюры, якая мае буйны намінал, у касе могуць выдаць цэлым стосам банкнотаў. Разбухлы ад дробных купюр партманет раздражняе. Таксама пры разліку карткай я атрымліваю рознага кшталту бонусы, у тым ліку і вяртанне на рахунак невялікага працэнта ад сумы пакупкі.
Падрыхтаваў Валяр’ян Шкленнік.