Фармат для невiдушчых
Дзякуючы трэцякурсніку Гродзенскага дзяржаўнага музычнага каледжа, члену Беларускага таварыства інвалідаў па зроку Валянціну СТАНКЕВІЧУ "Палескую хроніку" Івана Мележа ("Людзі на балоце", "Подых навальніцы", "Завеі, снежань"), кнігу Васіля Быкава "Доўгая дарога дадому", творы іншых беларускіх аўтараў цяпер можна пачуць у DАІSY-фармаце аўдыякніг для людзей з праблемамі зроку.
Фармат DАІSY (лічбавая даступная інфармацыйная сістэма) сёння выкарыстоўваецца практычна ва ўсім свеце. У гэтым фармаце выпускаюцца мастацкія і навукова-папулярныя кнігі, падручнікі, даведнікі. У многіх краінах у DАІSY-фармаце выдаецца перыёдыка: невідушчы можа чытаць ранішнюю газету па дарозе на працу. Пры гэтым, што асабліва важна для інвалідаў па зроку, сучасная версія гэтага стандарта прадугледжвае гібкую навігацыю. Гэта значыць, што невідушчы чалавек, які карыстаецца выданнем у фармаце DАІSY, можа лёгка знайсці патрэбны яму раздзел.
Старшыня Гродзенскай абласной арганізацыі БелТІЗ Ірына НОВІКАВА прапануе ўявіць сабе, напрыклад, нейкую метадалагічную аўдыякнігу для студэнтаў, праслухоўванне якой ад пачатку да канца займае дзве гадзіны. Яна будзе гучаць, так бы мовіць, адным файлам, максімум — падзеленай на раздзелы, але што ўнутры гэтага раздзела — невядома. Іншая справа, калі гэтая аўдыякніга пераведзена ў фармат DАІSY. У гэтым фармаце можна хутка знайсці і праслухаць не толькі асобныя раздзелы, але і патрэбныя азначэнні, ключавыя словы, іншыя важныя моманты. Як і пры чытанні звычайных друкаваных кніг. Што дагэтуль было немагчыма рабіць агучаных у кнігах. І тым больш у кнігах, надрукаваных шрыфтам Брайля.
З Ірынай Новікавай і Валянцінам Станкевічам мы сустрэліся ў спецыялізаванай бібліятэцы для людзей з абмежаваным зрокам (філіял № 12). Валянцін працуе над тым, каб перавесці ў фармат DАІSY менавіта беларускамоўныя аўдыякнігі. Пры гэтым ёсць праблема — адсутнасць якаснага беларускамоўнага камп'ютарнага голаса — сінтэзатара, з дапамогай якога агучваецца друкаваны тэкст. Таму даводзіцца карыстацца праграмай рускамоўнага камп'ютарнага голаса, але... Рускі тэкст ён агучвае добра, а вось беларускі скажае — чытае як робат, без патрэбнай інтанацыі, з няправільнымі націскамі, нават "праглынаючы" некаторыя літары.
Валянцін запрашае да камп'ютара, каб пераканацца, што ўяўляе сабой падобнае вымаўленне. Напрыклад, гучаць першыя радкі "Палескай хронікі", але з такімі, мякка кажучы, хібамі, што лепш бы ўвогуле не чуць. Можна толькі нашкодзіць справе папулярызацыі беларускай мовы, калі аўдыякнігі ў такім выглядзе прапанаваць школьнікам ці студэнтам.
— Як з'явілася ідэя пераводу беларускамоўных аўдыякніг у фармат DАІSY? — цікаўлюся ў аўтара гэтай распрацоўкі.
— Я ведаў, што гэтага няма. DАІSY-кнігі вырабляюцца ў Расіі. Дык навошта нам паўторна рабіць рускамоўны варыянт? А хто будзе займацца беларускімі, як не мы, жыхары Беларусі? Спадзяюся, што неўзабаве гэтыя кнігі будуць на серверы DАІSY-бібліятэкі, куды вядзе спасылка з афіцыйнага сайта БелТІЗ, — кажа Валянцін Станкевіч.
Гэтая DАІSY-бібліятэка створана і цяпер пашырае фонд аўдыялітаратуры дзякуючы шведска-беларускаму праекту, у якім удзельнічалі члены БелТІЗ з усіх абласцей нашай краіны, у тым ліку і Валянцін. Прычым замежныя партнёры не толькі падзяліліся вопытам пераводу кніг у DАІSY-фармат, але і прадаставілі неабходныя для іх праслухоўвання тэхнічныя прыстасаванні — плэеры. Умова была такая: пераводзіш у гэты фармат пэўную колькасць кніг — атрымліваеш бясплатна DАІSY-плэер. Не справіўся з задачай — вяртаеш яго. Такім чынам Валянцін Станкевіч, які выбраў беларускамоўны кірунак, і іншыя ўдзельнікі праекта зарабілі сабе гэты зусім не танны прыбор.
Старшыня Гродзенскай абласной арганізацыі БелТІЗ Ірына Новікава гэтай DАІSY-бібліятэкай ужо карыстаецца. Для яе гэта зручна: не трэба ісці ў звычайную бібліятэку, а можна дома "перапісаць" аўдыялітаратуру на свой камп'ютар, а потым на любы носьбіт, каб атрымліваць задавальненне ад добрай кнігі ў свабодную хвілінку: ці едзеш у машыне, ці ідзеш на шпацыр — навушнік у вуха і слухаеш.
Праўда, ацаніць якасць гучання аўдыякніг, якія ўжо пераведзены ў DАІSY-фармат Валянцінам Станкевічам і іншымі ініцыятыўнымі людзьмі, на сённяшні дзень можа далёка не кожны. Аднаго жадання мала — трэба валодаць вышэйзгаданым DАІSY-плэерам. А з ім — праблема: напрыклад, на ўсю Гродзеншчыну гэты прыбор пакуль маюць толькі каля дзесяці чалавек, бо ён каштуе больш за 300 еўра.
БелТІЗ звяртаўся ў Міністэрства працы, занятасці і сацыяльнай абароны з прапановай унесці DАІSY-плэер у пералік тыфласродкаў, якія інваліды па зроку маглі б купляць са зніжкай. Сёлета такія ўмовы, на жаль, стварыць не ўдалося, але гэтае пытанне ўсё ж павінна вырашыцца, спадзяецца Ірына Новікава.
Акрамя таго, калі мы зацікаўлены ў беларускамоўным DАІSY-фармаце, то трэба наладзіць вытворчасць якасных беларускіх камп'ютарных галасоў — сінтэзатараў. На думку Валянціна Станкевіча, яны пакуль горшыя па якасці за расійскія, а тым больш польскія. Праблема і ў вельмі абмежаваным асартыменце беларускамоўных дыскаў для іх далейшага пераводу ў DАІSY-фармат. Таму некаторыя аўдыякнігі Валянцін быў вымушаны шукаць у замежных крыніцах: усе тры раманы "Палескай хронікі" на беларускай мове, напрыклад, ён знайшоў на расійскім трэкеры.
Ад вырашэння гэтых праблем, пэўна, і будуць залежаць далейшыя перспектывы "DАІSY-фарматных" кніг, іх запатрабаванасць сярод карыстальнікаў. У тым ліку, пэўна, і далейшая праца Валянціна Станкевіча па папулярызацыі ў фармаце DАІSY беларускамоўнай літаратуры.
Барыс ПРАКОПЧЫК