АЛЁ, Народ на провадзе

Источник материала:  
Вучыцца, вучыцца і яшчэ раз вучыцца!

Дзяцінства маё прайшло на пінскім Палессі, у вёсцы, што ў двух кіламетрах ад Прыпяці. Рэчка гэта вядомая сваёй прыгажосцю, сваёй рыбалкай, а яшчэ — сваімі паводкамі. Некалі, прынамсі, былі вёсны, калі вада ў ёй разлівалася так, што "гуляла" ў нас па вуліцы, хвалямі біла ў сцены дамоў. І тады вяскоўцы ўжо не хадзілі, яны... плавалі. Да таго ж на лодках перавозілася ўсё — ад розных гаспадарчых рэчаў да свойскай жывёлы.

У маіх бацькоў, напрыклад, апроч іншага, было не то сем, не то восем авечак, якіх штодзень трэба было вывозіць на пашу. З дому ды на першую зялёную траўку яшчэ палова бяды: лодку можна падагнаць як мага бліжэй да хлява, потым адчыніць дзверы... Няпраўду кажуць: "Дурны, як авечка". Сведчу: яны не дурныя, бо мусіць жа разумелі, што паедуць пасвіцца — самі з ахвотай заходзілі ў лодку.

Але ж потым, здаралася, плывеш з імі па вадзе, а яны пачнуць дурэць, створаць нейкую мітусню. Пасля чаго не адна, дык другая возьме ды зваліцца за борт. Паспрабуй іх, мокрых, выцягнуць...

І прычаліш да берага — таксама не палягчэе, бо авечкі з лодкі павыскокваюць — і гайда на прастор, да зялёнага корму. Ведама ж, сена за зіму надакучыла! А ты глядзі іх, пасі...

Аднак самае складанае пачыналася потым: перад захадам сонца авечак трэба было сабраць у кучу і загнаць у лодку. Каб зрабіць гэта, даводзілася добра пакрычаць, пагойсаць па полі.Сцямнее, пакуль управішся, а трэба ж яшчэ даплыць... І за шчасце — калі без прыгод.

Карацей, толькі, дабраўшыся дадому і загнаўшы авечак у хлеў, можна было з палёгкай уздыхнуць, можна было нарэшце адпачыць, каб... Каб назаўтра тую ж самую "песню" пачаць спачатку.

Ці не таму нам, дзецям, так хацелася... пайсці ў школу?

Л.А. Палхоўскі, г. Брэст.

  Сябры маіх сяброў

Пра тое, што язык да Кіева давядзе, ведаюць усе. А вось як з таго ж Кіева выбрацца?..

Чароўная, калядная, можна сказаць, гісторыя.

У 70-х гадах мінулага стагоддзя служыў я ў войску. Ва Украіне. І менавіта ў гэты ж час двум братам маім прыспічыла жаніцца.

Мне б на вяселле...

Служба ёсць служба: да аднаго брата не трапіў — не пусцілі. Колькі там часу прайшло — запрашае другі... Зноў іду да бацькоў-камандзіраў, і зноў ледзьве не плачу: напрамілы Бог, адпусціце!

Што вы думаеце — на гэты раз пашчасціла, пачулі яны: дазволілі з'ездзіць дамоў. Аж на цэлых сем дзён!

Аднак аднаго дазволу мала: патрэбны былі дакументы на праезд і, вядома ж, грошы. У мяне — ні таго, ні другога. Хлопцы-саслужыўцы выручылі: усёй казармай мне грошы сабралі. Хто рубель пазычыў, хто два, старшына дык нават дзясятку даў. Палічылі. Прыкінулі, што на білет павінна хапіць, а без ежы можна і абысціся. Так нават лепш: на вяселле ж еду.

Да Кіева дабраўся хутка. Гляджу: народу на вакзале (справа была напярэдадні кастрычніцкіх свят) — макаваму зернетку не ўпасці! Чэргі да кас аж на вуліцу стаяць...

Заняў. І гадзіны тры адстаяў, каб пачуць, што няма білетаў — ні на той дзень, ні на наступны. І вечар на дварэ, кішкі марш іграюць, начаваць няма дзе...

Выйшаў на перон — бачу, непадалёк нейкі мужчына стаіць. І мяне ну як магнітам да яго прыцягвае! Падышоў, усё як ёсць расказаў — першаму сустрэчнаму...

Не дзіва, што той выслухаў. Дзіва, што кажа: "Я дапамагу"... Вось толькі аўтобус на Мінск гадзіны праз дзве будзе. Трэба, маўляў, пачакаць. Можна, каб час не марнаваць, Кіеў паглядзець, па Крашчаціку прайсціся. Я, вядома ж, згадзіўся — рушылі. А тут гастраном па дарозе. Мой спадарожнік адразу туды — і ў гарэлачны аддзел. Дастаў з кішэні свае грошы, у мяне рубель папрасіў. Я без шкадавання даў... Купіў ён бутэльку, пачак пячэння. Прапанаваў мне выпіць. Ад віна я адмовіўся (хапіла розуму), а вось пячэнне з’еў... Ну вельмі смачнае было!

Нацянькі ад таго гастранома да вакзала зусім блізка было. І аўтобус на Мінск на платформе — поўным ходам пасадка ішла. Я рушыў было да кіроўцы — прасіцца, каб падвёз, але мой новы знаёмы мяне спыніў: падышоў сам, павітаўся, папрасіў: "Падкінь майго сябра да Мінска". Той толькі зірнуў на мяне: "Добра". Я, вядома, рады, але: "Колькі плаціць?" — пытаюся, бо грошай жа кот наплакаў. "Сябра майго сябра, — усміхаецца той, — я давязу бясплатна. Займай там месца".

...Вось так я выехаў з Кіева. Язык выручыў? Магчыма. Але ж найперш — добрыя людзі: Бог, кажуць, заўсёды пасылае іх, калі хоча дапамагчы.

Іван Курсевіч,

в. Суботнікі, Іўеўскі раён.

  Насі і не кашляй!

"Усё цячэ. Усё мяняецца", — сцвярджаў грэчаскі філосаф-матэрыяліст Геракліт. І сапраўды. Цяпер вось спецыялісты кажуць, што найлепшае адзенне — з натуральных тканін: з лёну, віскозы, з бавоўны. Яно, маўляў, і моднае, і для здароўя найлепшае. А вось некалі... У Мінску на галоўным праспекце вялікая крама была з гучнай назвай "Сінтэтыка". І чэргі ля яе стаялі не меншыя, а часам, можа, і большыя, чым каля "Лянка", ГУМа ці ЦУМа.

Аднак тут і цяпер не пра нашу сінтэтыку. У шасцідзясятых гадах мінулага стагоддзя паехаў я ў камандзіроўку ў Маскву. Яна тады была сталіцай СССР, а ўяўлялася яшчэ і пачынальніцай усяго самага лепшага, самага перадавога, дыктавала моду ўсім сваім рэспублікам...

Дык вось. Парабіў я там усе неабходныя справы і ў вольную часіну пайшоў гуляць па горадзе, а заадно заходзіў у крамы. У адной з іх — з парога ўбачыў, бо літары з аршын — надпіс "Лечебное бельё". Я падобнага не толькі ніколі не бачыў, нават не чуў, што бывае. Таму, вядома ж, зацікавіўся, падышоў бліжэй. Гляджу: там жа, але меншым шрыфтам напісана, што гэтая бялізна не толькі засцерагае ад прастудных захворванняў, яна і лечыць ад іх — з дапамогай электрычных разрадаў.

Пастаяў я, пачухаў патыліцу: трэба, думаю, узяць.

Справа ў тым, што я тады вельмі часта прастуджваўся. Ведама, моладзь. Яна, мусіць, ва ўсе часы не любіць цёпла апранацца. І цяпер, як пагляджу, у многіх нават у лютыя маразы куртачкі канчаюцца вышэй, чым пачынаюцца джынсы. Спіны голыя. Дык адкуль яму быць — здароўю?!

...Карацей — раскашэліўся я на той камплект "лекавай бялізны". Цвёрда рашыў, што ўсё — няма дурных: буду насіць.

Вярнуўшыся з камандзіроўкі, адразу ж дастаў абноўку з пакета і найперш страсянуў — у пакоі аж павіднела ад іскраў!.. Значыць, думаю, не падманулі масквічы: бялізна сапраўды лекавая, сапраўды "выпрацоўвае" электрычнасць!

Я быў вельмі задаволены і бялізну тую насіў...

Аднак хварэць, на жаль, менш не стаў.

Чаму? Цяпер мы пра гэта ведаем.

Уладзімір Шулякоўскі, г. Мінск

  Бог усё бачыць

У час любімых калядных святаў пашчасціла мне пабываць на рэдкай бяседзе — пасядзець за адным сталом са святарамі. Вось ад іх і пачуў я гэтую гісторыю.

...Неяк два бацюшкі (адзін за рулём, другі побач) на асабістай машыне вярталіся з Магілёва. Дадому спяшаліся, таму не дзіва, што хуткасць крыху перавысілі. І трэба ж — як на тое ліха, даішнікі на дарозе стаяць, спыняюць іх сваімі паласатымі палкамі, збіраюцца штраф выпісваць.

Ну што тут будзеш рабіць? Плаціць яно ж нікому не хочацца, але куды ты дзенешся, калі правініўся. Таму кіроўца нейкіх паблажак прасіць не стаў, палез у кішэню, выцягнуў грошы, адлічыў названую суму. Толькі аддаваць — другі святар за руку яго цоп. Пачакай, кажа, не спяшайся. Гэтыя ж хлопцы (паказвае на даішнікаў) не бедныя: ім на дарозе грошай "насвістаць" — што тры разы плюнуць. Не тое, што нам з табой: з прыхаджан па капейцы збіраць, каб царкву закончыць...

— Дык вы што — святары? — насцярожыліся інспектары.

— Так.

— А чым дакажаце?

Пераглянуліся айцы: ну сапраўды, чым? Вопратка на іх цывільная...

— Дык бароды ж, — выказвае здагадку адзін.

— Ну і што? Знайшлі чым здзівіць, — кажуць хлопцы ў пагонах. — Цяпер шмат хто галіцца не хоча: з бародамі і маляры, і махляры — многія ходзяць. Так што гэта не доказ.

Тут божыя служкі яшчэ пераглянуліся — і як "грымнуць": на дарозе, у чыстым полі ды ў два барытоны: "Царю Небесный, Утешителю, душе истинный...". Даішнікі знячэўку аж шапкі пазнімалі.

І нават больш за тое! Ужо яны дастаюць з кішэняў грошы і... працягваюць парушальнікам.

— Гэта, — кажуць, — вам ад нас... Хай не вялікія, але ж ахвяры... На будаўніцтва храмаў.

— Ад каго? За каго маліцца нам? — спыталі ўзрадаваныя айцы. — Як вашы імёны?

— Не трэба імёнаў. Бог жа ўсё бачыць і ўсё ведае, — адказалі сціплыя супрацоўнікі ДАІ і, пажадаўшы святарам шчаслівай дарогі, пайшлі працаваць далей.

В.М., г. Магілёў

Рубрыку вядзе Валянціна Доўнар.

←Якім будзе гандлёва-забаўляльны центр насупраць Ліфтмаша?

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика