Сакрэты поспеху, або Як перажыць 2013-ы?
Вядучы навуковы супрацоўнік НАН Беларусі, доктар філасофскіх навук, дацэнт Сяргей АНУПРЫЕНКА звыш 40 гадоў вывучае асаблівасці псіхафізіялагічных функцый чалавека, яго паводзін, схільнасцяў і жыццёвых арыентацый. Яшчэ ў 1980-я яму давялося пабываць на таямнічым Усходзе, у Кітаі, пабачыць горы Гобі, азнаёміцца з бытам манголаў, зазірнуць у свяцілішчы Тыбету. Набытыя ім веды дапамогуць нам правільна пражыць гэты год.
Мінулы год быў годам зялёнага Дракона, гэта быў спрыяльны час для меланхолікаў Зямной стыхіі. 2013 год — гэта год белай Змяі, час Паветранай стыхіі і сангвінікаў. Паводле старажытных манускрыптаў, да іх адносяцца народжаныя з 20 студзеня па 19 лютага (актыўныя), з 20 мая па 19 чэрвеня і з 20 верасня па 19 кастрычніка. Змяя менавіта белая таму, што гэта найлепшы час для празрыста-белага паветра.
Вядома, для прадстаўнікоў актыўнага Паветра гэты год павінен скласціся вельмі ўдала, так што ўжо са студзеня яны могуць уключацца ў актыўнае дзелавое жыццё, і спрыяльны Космас дапаможа ім у гэтым. Перш за ўсё, варта ўдзяліць увагу камерцыйнай дзейнасці, крэдытна-фінансавым, тэндарным, рэнтна-брокерскім і іншым эканамічным аперацыям. Калі ўлічваць факт нестабільнасці беларускай рублёвай палітыкі, сангвінікам варта было б больш аператыўна пазбаўляцца ад гэтых папер, аддаючы перавагу еўрапейскім і амерыканскім дзяржаўным знакам. У цэлым для Паветра бізнэс сёлета будзе як ніколі прыбытковым, асабліва ў час актыўнага каляндарнага зімовага квартала — з 20 студзеня па 19 лютага.
Чэрвеньскія сангвінікі (20 мая — 19 чэрвеня) і кастрычніцкія (20 верасня — 19 кастрычніка) таксама павінны надаваць увагу актыўнаму зімоваму часу, не забываючы і пра свае часовыя этапы. Практычна ўсе "белыя" сангвінікі будуць адчуваць творча-дзелавы ўздым. Усе свае важныя паездкі імкніцеся арганізаваць менавіта ў вашы перыяды, аддаючы перавагу, зноў жа, студзеню-лютаму.
На Усходзе адзначаюць, што лепшы час для Паветраных — менавіта зіма. Ім патрэбны не столькі спякотныя летнія туры, колькі паўнавартасны адпачынак у сівых гарах, заснежаных далінах, якія добра прадзімаюцца свежымі вятрамі на турбазах Карпатаў, Балканаў, Крымскіх і Каўказскіх перадгор'яў. Падхарчаваўшы біяэнергіяй свой мозг, вы зробіце неверагодны падарунак свайму целу. Захаваеце здароўе на цэлы год. А марскі прыбой тропікаў не абяцае вам нічога добрага. Вада не надта любіць Паветра і нярэдка не даруе няправільных паводзін на вадзе. Не бойцеся заключаць сапраўдныя, а не фіктыўныя, шлюбы ў гэтым годзе. Усё ж такі менавіта ваш час надыдзе толькі праз чатыры гады. Лепшым саюзам для вас будзе саюз з прадстаўнікамі сваёй стыхіі або стыхіі Агню. Для актыўных сангвінікаў выбар крыху шырэй з улікам іх фізічнай і псіхічнай энергіі. У адзенні варта прытрымлівацца светлых колераў (белы, бэжавы, жоўты, ружовы, светла-бэзавы). Можна штосьці кшталту светлага металіка, алюмініевага, стальнога, серабрыстага, каралавага і блізкай да гэтага гамы. Сярод упрыгажэнняў вашымі лічацца брыльянтавыя вырабы. Алмаз у агранцы — гэта візітоўка паветранай стыхіі, якая надае ўпэўненасць, сілу, фізічнае здароўе, павышае біяэнергетычныя магчымасці арганізма. У год Змяі перавагу варта аддаць каштоўным мінералам светлых, празрыстых, няяркіх колераў. У Манголіі і Кітаі махатмы раяць насіць пярсцёнкі, завушніцы, пацеркі з месяцовага каменю, кварцу, прэснаводнага і марскога жэмчугу, цытрыну, цыркону, жоўтага тапазу, агату, гашэніту, кунцыту. Гэтыя камяні дапамогуць захаваць маладосць, бадзёрасць, упэўненасць і добры настрой.
Наогул сярод металаў у год Змяі ўладарыць плаціна і серабро. Залатыя вырабы лепш пакуль прыхаваць. У адзенні Змяі спадабаецца наяўнасць светлых колераў як мінімум на 50 працэнтаў. Не падыходзяць зялёны, сіні, фіялетавы, цёмна-шэры і чорны. Трэба быць асцярожным з чырвоным, бардовым, аранжавым, карычневым. Адзенне такой каляровай гамы карысна насіць у перыяды Вогненнай стыхіі — з 20 ліпеня па 19 жніўня, з 20 сакавіка па 19 красавіка, з 20 лістапада па 19 снежня.
Штодня да месца будзе ўжыванне салатаў і мясной нарэзкі, фрукты і гародніна. Калі вы будзеце ладзіць святочныя сталы ў гэты год, то майце на ўвазе, што па любой урачыстай нагодзе да месца будзе паставіць на стол чучала змяі светлага колеру і папрасіць у яго дапамогі, загадаць тры жаданні. Лепшы напой гэтага года — звычайная празрыстая гарэлка. Віскі, каньяк, брэндзі, ром — толькі ў якасці дадатку. Лепшае віно, — зразумела, белае. Сокі — бярозавы, лімонны, вінаградны і інш.
Для прадстаўнікоў Воднай стыхіі, флегматыкаў (з 20 лютага па 19 сакавіка, з 20 чэрвеня па 19 ліпеня, актыўныя — з 20 кастрычніка па 19 лістапада) гэты год не такі спрыяльны, як для Паветра. Водным прадстаўнікам не варта браць на сябе павышаныя абавязацельствы ў бізнэсе, навуцы, на вытворчасці, у аграрнай, палітычнай і рэкламнай галінах. Тут трэба быць асцярожнымі, паколькі флегматыкі Вады вельмі прыдзірлівыя прадпрымальнікі, яны павольна раздумваюць аб перспектывах будучых праектаў. Варта звярнуць увагу на нюансы фінансава-эканамічных і іншых аперацый — прычым перш за ўсё ў тры перыяды нараджэння прадстаўнікоў воднай стыхіі. Праўда, ёсць выключэнні для актыўных флегматыкаў (20 кастрычніка — 19 лістапада). Яны могуць прымаць кардынальныя рашэнні і ў іншы час, скажам, з 20 ліпеня па 19 жніўня, 20 красавіка па 19 мая і з 20 студзеня па 19 лютага. Імкніцеся абмяжоўваць сёлета далёкія паездкі і камандзіроўкі. Найлепшы час — кастрычнік-лістапад. Адпачынак правядзіце паблізу ад мора, рэк, азёраў, пажадана ў асенні час, калі прырода сярэдняй паласы насычае арганізм спрыяльнай біяэнергіяй.
На Усходзе для Вады раяць усе дзелавыя, гандлёвыя адносіны ўстанаўліваць у лютым-сакавіку, а сямейна-бытавыя — замужжа, вяселле, скасаванне шлюбу, шлюбны дагавор, зачацце, нараджэнне, усынаўленне, а таксама кансультацыі па бясплоднасці, аборты і г.д. — у чэрвені-ліпені. Усё пералічанае плюс будаўніцтва жылля (дачы, гаража), набыццё аўто, тэхнікі і мэблі — у кастрычніку-лістападзе.
Вада павінна сустракаць усе святы года ў традыцыйна блакітным, сінім, фіялетавым адзенні — праўда, больш светлых тонаў. Белы колер — не ваш, аднак у спалучэнні з вышэйзгаданай гамай ён можа адпавядаць псіха- і фізіяінтарэсам Вады. Памятайце таксама, што Змяя — аматар балот, азёраў, рэк, так што яе можна задобрыць вершамі, песнямі, казкамі, анекдотамі пра змеяў. Расказвайце ўсё гэта сваім знаёмым. У Тыбеце і Кітаі мудрыя людзі непасрэдна звязваюць поспех Водных з узгадваннем "змяіных" выпадкаў.
Людзі Зямной стыхіі (меланхолікі) — з'яўляюцца на свет з 1 па 19 студзеня, з 20 красавіка па 19 мая (актыўныя), з 20 жніўня па 19 верасня, з 20 па 31 снежня. Летась гэтыя людзі былі ў апагеі ўласных магчымасцяў, а значыць, і небывалай іх праявы. Год Светлай (белай) Змяі — час чужых поспехаў, але ці так гэта сумна? Перш за ўсё варта ўлічваць велізарнае псіхафізічнае напружанне, якое вам летась давялося перажыць. Так што цяпер варта паберагчы сілы і спакойна дачакацца 2014-га, калі будзе ўладарыць блізкая вам па духу стыхія Вады.
Пакуль жа імкніцеся абмежаваць сябе ад рызыкоўных праектаў, азартных гульняў, легкадумных знаёмстваў і небяспечных спартыўных ці забаўляльных мерапрыемстваў. Пабудзьце дома, у межах сваёй краіны, не ўдзельнічайце ў спакушальных замежных акцыях і экскурсіях. Падчас планавання адпачынку ўлічвайце наступнае. Актыўныя Зямныя (20 красавіка — 19 мая) могуць сабе дазволіць паўднёвы бераг, заморскія круізы, прычым лепш перасоўвацца не ў паветры, а сухапутным чынам (аўто, аўтобус, поезд) або па вадзе (лайнер, яхта, шлюпка). Вада — ваш надзейны сябар. Яна не падвядзе, калі вы самі будзеце сачыць за тым, што адбываецца побач з вамі.
Фінансава-эканамічныя аперацыі лепш ажыццяўляць у красавіку-маі, жніўні-верасні. Калі трэба набыць нешта важнае, дарагое для сэрца і кашалька, то акурат у названы час. А вось любоўныя, шлюбныя, сямейныя адносіны можна паспрабаваць заключаць з 20 па 31 снежня. Аднак паколькі вам блізкая стыхія Вады, значыць, блізкія і спрыяльныя для яе перыяды. Асабліва 20 кастрычніка — 19 лістапада. Зямля — носьбіт зялёнага, сіняга, блакітнага, фіялетавага колераў. Але сёлета іх лепш спалучаць з белым, бэжавым, жоўтым, ружовым, каб дагадзіць Паветру. Плануйце свае справы і чакайце паспяховага 2014 года!
Людзі Вогненнай стыхіі (халерыкі) — гэта народжаныя з 20 сакавіка па 19 красавіка, з 20 ліпеня па 19 жніўня (актыўныя), з 20 лістапада па 19 снежня. Яны лепшыя сябры і браты Паветраных, што дае ім права карыстацца ўсім лепшым у год Змяі. Яны могуць выконваць практычна любую работу, удзельнічаць у рызыкоўных экспедыцыях, заключаць любыя дамоўленасці! Змяіны час удалы для халерыкаў, але асабліва ў ліпені-жніўні, калі можна будзе вырашыць нават тое, што ніколі не ўдавалася, набыць запаветныя рэчы, знайсці любімага чалавека. Будзьце асабліва пільнымі з 20 студзеня па 19 лютага, калі актыўнае Паветра не жадае дзяліцца поспехам са стыхіяй Агню. У гэты час лёгка дапусціць памылку, за якую пасля давядзецца расплачвацца доўгія гады. Мудрацы Кітая, Манголіі і Тыбета сцвярджаюць, што і вясной, і летам, і восенню ў вас усё будзе добра складвацца. Захочацца адпачыць — накіроўвайцеся ў спякотныя краіны, дзе шмат гарачага пяску, сонца і фарбаў. Варта толькі памятаць, што на вадзе трэба быць заўсёды акуратным, бо Вада не сябруе з Агнём.
Вашы камяні-ўпрыгажэнні — гэта рубін, агат і абавязкова ў залатым аздабленні. Вам падыходзяць і брыльянты (аднак яны не дадуць столькі энергіі, колькі даюць Паветру) або камяні чырвонага, бардовага колераў. Ваша гама — карычневая, аранжавая ў спалучэнні з серабрыстым, жоўтым, бэжавым, белым. У лістападзе-снежні трэба крыху суцішыцца, паступова згарнуць летнія страсці, аднак вы па-ранейшаму можаце прыцягваць увагу навакольных сваім чырвоным аўтамабілем такіх марак, як Fеrrаrі, Bugаttі, Jаguаr, Аlfа-Rоmео, Mіtsubіshі, Nіssаn, Роrsсhе, ГАЗ ("Волга"). Аднак дапускаць рэзкія ўчынкі і словы ўжо нельга. Ваш святы час, ваша мара чакае вас у 2015-м.
Сяргей АНУПРЫЕНКА,
доктар філасофскіх навук