"Барбучок, а я вас пазнала..." - БОЛЬШ ЗА 40 ГАДОЎ ЁН ВІНШУЕ СВАІХ... любімых НАСТАЎНІКАЎ

Источник материала:  

Гэты навучальны год для выкладчыка роднай мовы і літаратуры, дырэктара Грабёнскай дзіцячай сада-школы Чэрвеньскага раёна Мікалая Андрэевіча Барбука выдаўся "юбілейным самым". Мінулым вераснем адсвяткаваў уласнае 60-годдзе. Гэтым летам споўніцца 10 гадоў, як кіруе адной з самых старажытных устаноў адукацыі Чэрвеньшчыны. І сёлета ж педагагічны стаж настаўніка-практыка налічыць 40 гадоў. А ў першую суботу лютага, падчас вечара сустрэчы з выпускнікамі, гаспадары і госці Грабёнскай школы адсвяткуюць яе 150-годдзе!

"Барбучок, а я вас пазнала..."  - БОЛЬШ ЗА 40 ГАДОЎ ЁН ВІНШУЕ СВАІХ... любімых НАСТАЎНІКАЎЗдаецца, нагод, каб распавесці пра Мікалая Андрэевіча, а папросту — Міколу Барбука (так любоўна клічуць яго сябры і знаёмыя, і, між іншым, гэтае народнае імя яму сапраўды пасуе), больш чым дастаткова. А яшчэ калі ўлічыць, што чалавек ён, без перабольшання, унікальны... Не думаю, што шмат знойдзецца людзей, якія пасля заканчэння школы штогод віншуюць па тэлефоне са святамі сваіх настаўнікаў. А гэтай асабістай традыцыі Мікалая Андрэевіча — ужо больш за 40 гадоў! І ведаю я пра яе не па чутках.

...Калі Мікола Барбук перайшоў у дзявяты клас, у яго роднай Кліноцкай школе Чэрвеньскага раёна з'явілася новая настаўніца — Ніна Іванаўна Адамовіч. А затым яшчэ адзін педагог — Уладзімір Паўлавіч Адамовіч. Мае бацькі. Першае знаёмства мамы з дзявятым класам увогуле і Міколам Барбуком асабіста стала ў нашай сям'і... ну, амаль што легендай.

Мама на той час скончыла філфак БДУ, нарадзіла сына Ігара. А тата напярэдадні першага верасня 1967 года вымушаны быў паехаць на вучобу — яго чакаў пяты курс філфака ўніверсітэта. У Дзень ведаў адна мясцовая жыхарка паабяцала прыйсці няньчыць двухмесячнага Ігара (жанчыны тады не мелі трохгадовага адпачынку па доглядзе дзіцяці). Але, як прыгадвае мама, ужо закончылася ўрачыстая лінейка, вучні разышліся па класах, а няні ўсё не было. Пакінуўшы малога аднаго, мама пабегла ў школу. Схапіла сшытак са спісам дзевяцікласнікаў, літаральна ўляцела ў клас, паспеўшы здзівіцца, чаму расчынены абедзве паловы дзвярэй... І тут клас выбухнуў рогатам. Мама пачала аглядаць сябе, правяла рукой па твары і спыталася:

— Дзеці, я, мабыць, у сажы? Толькі што паліла ў печы і не паспела паглядзецца ў люстэрка...

Тут з-за парты ўзняўся светлавалосы падлетак і патлумачыў:

— Ды не, з вамі ўсё ў парадку. Проста нам сказалі, што новая настаўніца — такая мажная жанчына. Мы пабаяліся, што яна не пралезе ў дзверы, і расчынілі іх цалкам. А вы такая мініяцюрная... Таму і засмяяліся.

Гэтым вучнем быў Мікола Барбук. Дзіцячая непасрэднасць у сукупнасці з дабрынёй, розумам, цікаўнасцю, уменнем наладжваць стасункі з людзьмі любога ўзросту, бурлівая энергія — усё гэта вылучала яго сярод аднагодкаў.

...Калі цяпер я пацікавілася ў Мікалая Андрэевіча, якім чынам ён завёў такую традыцыю, той патлумачыў: гэта — даніна павагі цяжкай настаўніцкай працы, падзяка за яе. Аказваецца, трапяткое стаўленне да педагогаў у яго — з дзяцінства. Нягледзячы на тое, што Мікола быў хлапчуком, ён з першага па дзясяты клас у Дзень ведаў урачыста нёс у Кліноцкую школу букет кветак... І ўжо больш за 40 гадоў віншуе са святамі не толькі маіх бацькоў, а і Валянціну Яфімаўну ды Льва Мікалаевіча Ганчарыкаў з Чэрвеня, Ларысу Рыгораўну Ганчарык з Клінка. Неяк згубіў сувязь з Верай Сямёнаўнай і Аляксеем Дзмітрыевічам Бараноўскімі, калі яны пераехалі на новае месца жыхарства. Але калі Вера Сямёнаўна пачула па радыё, як віншуюць з 60-годдзем Міколу Барбука з Грабёнкі, патэлефанавала яму сама, выклікаўшы слёзы замілавання і ўдзячнасці на вачах імянінніка. Дарэчы, тым вераснёўскім днём хатні і мабільны тэлефоны юбіляра не змаўкалі з ранку і да позняга вечара. Асабліва шмат тэлефанавала выпускнікоў. Яно і не дзіўна, бо настаўнік Мікалай Андрэевіч таксама ўнікальны.

...Рыхтавацца да паступлення на філфак БДУ ён пачаў яшчэ ў школе. Захапіўся чытаннем кніг (прычым не толькі праграмнай літаратуры), перыёдыкі (газеты "Звязда", "ЛіМ", раёнка, часопісы "Полымя", "Маладосць", "Беларусь" ды іншыя). Паступіў з першага разу! Выпускнік звычайнай вясковай школы здаў іспыты на "добра" і "выдатна". І пачалося заваблівае студэнцкае жыццё — з буднямі, святамі, сесіямі, стараннай вучобай і грамадскай актыўнасцю. Юнак нават танцаваў у народным ансамблі "Крыжачок", які быў гонарам універсітэта!

У апошні год вучобы студэнтаў накіроўвалі на практыку. Яе Мікола Барбук (а для вучняў, зразумела, Мікалай Андрэевіч) праходзіў у Грабёнскай школе роднага Чэрвеньскага раёна. Настаўнікаў тут не хапала. І пасля заканчэння практыкі адміністрацыя так складала расклад, што няўрымслівы юнак паспяваў і ўрокі весці, і на вучобу ездзіць. Атрымаўшы дыплом, ён вярнуўся ў Грабёнку, у школу, якая стала лёсам. І вось ужо хутка 40 гадоў, як сэрца яго аддадзена дзецям. І дзецям вучняў. І іх дзецям — унукам сваіх першых.

...Хто б яшчэ мог на сваім уроку патэлефанаваць жывым класікам, каб вучні атрымалі магчымасць пагаварыць з імі, пачуць іх галасы?! Хіба ж гэта — не ўнікальнасць?! Адно з тэлефанаванняў з выкарыстаннем гучнай сувязі — Нілу Гілевічу, калі ў адзінаццатым класе праходзілі яго творчасць. Паэт так быў гэтым узрушаны... Другое — Алене Васілевіч, якраз у дзень народзінаў. Вучні прызналіся ў захапленні яе тэтралогіяй "Расці, Ганька!" (дарэчы, гэта і мая самая любімая кніга!), хорам пракрычалі: "Він-шу-ем!"

А колькі іх, беларускіх паэтаў і пісьменнікаў, дзеячаў мастацтва і культуры, рэжысёраў і пастаноўшчыкаў тэлебачання, вядомых спартсменаў, іншых славутасцяў, пабывала на сустрэчах з вучнямі ў Грабёнскай школе! Іх Мікалай Андрэевіч Барбук традыцыйна запрашае на першы ўрок у Дзень ведаў.

А чаго вартыя шматлікія вандроўкі? І любоў да іх найперш — у самога Мікалая Андрэевіча. Са сваім зацікаўленым настаўнікам вучні пабывалі ў Прыбалтыцы, Малдавіі, на Украіне... У Краснадоне, Растове-на-Доне, Шаўляі, Вільнюсе, Рызе, не кажучы ўжо пра Маскву і Ленінград. А калі не стала Савецкага Саюза, пачалі ладзіць вандроўкі па Беларусі, адкрылі яе для сябе з іншага боку. Былі ў Мінскай, Віцебскай, Гродзенскай, Брэсцкай абласцях... У Белавежскай пушчы, Камянцы, Брэсце, Копысі. Экскурсіі на радзіму Янкі Купалы і Якуба Коласа ладзяцца ў Грабёнскай школе практычна кожнае лета. Як і на Курган Славы, лінію Сталіна, многія прадпрыемствы Мінска.

Не адно пакаленне вучняў добра знаёмае з рэпертуарам сталічных тэатраў, канцэртных зал. Запрашаюць юных грабёнцаў на розныя прэзентацыі, выставы, сустрэчы, конкурсы, здымкі тэлепраграм. Мікола Барбук разам з аднадумцамі ўсяляк стараецца пазнаёміць вучняў з культурным жыццём сталіцы, каб яны не адчувалі сябе "негарадскімі".

Як высветлілася, Мікола Барбук віншуе не толькі сваіх школьных настаўнікаў са святамі, але і выкладчыкаў БДУ — з юбілеямі. Прыгадвае, як патэлефанаваў выкладчыцы выразнага чытання, калі ёй споўнілася 85. Сказаў: "Гэта першая група філфака. Можа, памятаеце, у 1969-м мы да вас прыйшлі. Тая група, дзе вучыўся Валодзя Васілевіч..." І тут у адказ: "Барбучок, а я вас пазнала..."

Сапраўды, Мікалай Андрэевіч — не толькі ўнікальны, а яшчэ і запамінальны чалавек. Той, хто хоць аднойчы меў з ім стасункі, не забудзе яго мілагучную беларускую мову, шчыры народны гумар. У нас у раёне добра ведаюць Міколу Барбука як прызнанага жыццялюба і аптыміста, якога пашукаць!

Сярод асабістых захапленняў Мікалая Андрэевіча Барбука — збор грыбоў, гатаванне беларускіх народных страў. Ён любіць сваіх родных і сяброў, жывёл і птушак. Цяперашні пудзель Чып (мянушку даў унук Паўлік), падарунак выпускнікоў, — і ўвогуле любімец школы. І гэта не першы такі жывы прэзент.

А самае яскравае сведчанне таго, што Мікола Барбук — настаўнік ад Бога і што яго сэрца б'ецца ва ўнісон з вучнёўскімі, — гэта рашэнне колішніх выпускнікоў стаць настаўнікамі роднай мовы і літаратуры. Пакуль іх шэсць, але хочацца верыць, што будуць яшчэ...

...Перачытваю напісанае. Здаецца, так шмат — і разам з тым зусім мала. Але калі пасля гэтай публікацыі хтосьці з колішніх вучняў выдатніка адукацыі Мікалая Андрэевіча Барбука адразу ж патэлефануе яму, каб прызнацца ў павазе і любові, будзе вельмі прыемна і правільна. І проста здорава!

Святлана АДАМОВІЧ. Фота аўтара

←Якім будзе гандлёва-забаўляльны центр насупраць Ліфтмаша?

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика