Не сурок, але ўсё ж...
Любімец магілёўскай публікі мядзведзь Федзька з заасада ў пасёлку Буйнічы Магілёўскага раёна залёг у спячку.
Федзю ўжо 8 гадоў, яго калісьці падараваў заасаду прэм'ер-міністр Карэліі ў знак шчырага сяброўства, але зімні сон з гэтым мядзведзем здарыўся першы раз.
— Прыроду не падманеш! — лічыць дырэктар заасада і агралесатэхнічнага каледжа імя К. Арлоўскага Георгій Маліноўскі. — Федзька задрамаў якраз напярэдадні вялікіх маразоў: яго арганізм нібыта адчуў, што халады ідуць і можа быць бяскорміца. Мы, вядома, нашага любімага Федзю кормім вельмі добра: рыбай, мёдам, садавіной і гароднінай, пячэннем. Але ж ён нармальны здаровы мядзведзь, і таму пайшоў на зіму спаць. Гэта вельмі добра.
Цяпер Федзька спакойна спіць у адным са сваіх драўляных дамкоў, у саломе. Калі прачнецца — ніхто не ведае. Напэўна, калі памяняецца надвор'е, мяркуюць у заасадзе. Карацей, да вясны!
— Калі ў наступным годзе Федзька зазбіраецца ў спячку, я вам адразу скажу, што будзе сапраўдная марозная і снежная зіма, — абяцае Георгій Маліноўскі. — Гэта будзе самы дакладны прагноз!
Астатнія жывёлы ў Магілёўскім заасадзе адчуваюць сябе добра: зубры, лані, алені і нават тыгр спакойна пераносяць снег і мароз. Галоўнае — добры рацыён і клопат пра іх.
Ілона Іванова