Дырэктар жаночай гімназіі: Жаніцца і выходзіць замуж трэба па каханні

Источник материала:  
23.01.2013 10:18 — Новости Общества

Дырэктар жаночай гімназіі: Жаніцца і выходзіць замуж трэба па каханні

Звязда
Дырэктар жаночай гімназіі: Жаніцца і выходзіць замуж трэба па каханні
Фота Надзеі БУЖАН, Звязда
Як выхаваць Жанчыну ў самым высокім сэнсе гэтага слова: Мадонну, якой будуць прысвячаць вершы, цалаваць рукі і дарыць кветкі? І чаму так важна выбраць прафесію па душы? Пра гэта і не толькі гутарым з дырэктарам адзінай у Беларусі гімназіі, дзе вучацца толькі дзяўчынкі. Людміла Вітальеўна Талмачова прызналася, што толькі з прыходам у Жодзінскую жаночую гімназію даведалася, што яе матуля таксама навучалася ў падобнай установе.

Пра Кандалізу Райс, чорна-белы фотаздымак і сем'язнаўства

Я заканчвала звычайную жодзінскую школу. Калі б у той час у горадзе была жаночая гімназія, то, не раздумваючы, выбрала б яе. Навучанне ў раздзельных школах лічыцца прэстыжным у Еўропе і Амерыцы. Кандаліза Райс, Маргарэт Тэтчэр і іншыя паспяховыя жанчыны скончылі менавіта жаночыя гімназіі. Вельмі шмат іх і ў краінах постсавецкай прасторы, а ў Беларусі толькі адна... А да 1956 года, між іншым, ва ўсім СССР была раздзельная адукацыя.

Для мяне было адкрыццём, што мае бацькі вучыліся ў раздзельных школах. Я даведалася пра гэта, толькі калі прыйшла працаваць сюды. Зусім выпадкова. Перабірала хатні архіў і звярнула ўвагу, што на чорна-белым школьным фотаздымку маёй мамы няма ніводнага хлопчыка. І толькі тады заўважыла ўнізе подпіс — жаночая гімназія горада Мінска. Цяпер гэты фотаздымак захоўваецца ў музеі нашай гімназіі. Калегі таксама пераглядзелі бацькоўскія фотаздымкі, і аказалася, што многія з іх — дзеці бацькоў, якія не ведалі змешаных школ.

У раздзельнай адукацыі шмат "плюсоў". Не сакрэт, што стыль выкладання для дзяўчынак і хлопчыкаў павінен быць розны. Гэта звязана з асаблівасцямі ўспрыняцця. Напрыклад, на ўроках фізікі нам, дзяўчынкам, трэба спачатку патлумачыць, а пасля паказаць, а хлопчыкам наадварот. У звычайных школах педагогі, як правіла, робяць стаўку на хлопчыкаў. Таму тую ж фізіку паспяхова засвойваюць толькі дзяўчынкі з мужчынскім складам розуму. Мы ж робім акцэнт менавіта на фізіялагічных і эмацыйных асаблівасцях дзяўчат. І гэта дае свой вынік.

За 21 год існавання жаночай гімназіі мы выхавалі ажно 14 стыпендыятаў спецыяльнага Прэзідэнцкага фонду. Штогод больш за 90% нашых выпускніц паступаюць у самыя прэстыжныя ВНУ. Лічым гэта заслугай раздзельнай адукацыі.

Сярод нашых выпускніц ёсць княгіня ў Швецыі, нямала супрацоўніц міністэрстваў, жонкі святароў (хоць мы даём свецкую адукацыю, а не царкоўную). Дзяўчаты, якія вучыліся ў жаночай гімназіі і жывуць у Жодзіне (ці паблізу — у Барысаве, Смалявічах), як правіла, хочуць, каб і іх дочкі таксама атрымалі жаночую адукацыю.

Акрамя агульнаадукацыйных і чыста "жаночых" заняткаў, у нас у гімназіі ёсць такі важны прадмет, як сем'язнаўства. На гэтым уроку расказваем дзяўчаткам пра асаблівасці мужчынскай і жаночай псіхалогіі, даём жыццёвыя парады, якія могуць спатрэбіцца ў будучыні. Добра было б увесці гэты прадмет як адзін з прадметаў на выбар і ў звычайных школах. Я не прыхільніца гвалтоўных метадаў. Калі зрабіць яго абавязковым, то, хутчэй за ўсё, ён будзе ўспрымацца як абавязалаўка. Але ўсё залежыць, безумоўна, ад настаўніка.

Пра перакос, 250 дачок і святы абавязак

Дырэктар жаночай гімназіі: Жаніцца і выходзіць замуж трэба па каханні
Фота Надзеі БУЖАН
Калі стваралася гімназія
, быў невялікі перакос. Гімназістак больш рыхтавалі да сямейнага жыцця. У апошнія гады мы крыху змянілі канцэпцыю жаночай адукацыі, зрабілі большы ўпор на інтэлект. Цяпер выхоўваем не толькі добрых жонак і ахвярных маці, але і высокаінтэлектуальных дзяўчат. Дзяўчына, якая выйшла з гімназіі, павінна быць самадастатковай.

У нас навучаецца ўсяго 250 дзяўчат. У гэтым я бачу толькі плюсы. Чым менш дзяцей, тым лягчэй убачыць эмацыйныя змены ў кожным і, калі трэба, прыйсці на дапамогу. У вялікіх школах можна ўпусціць нейкія моманты.

У адрозненне ад вялікіх школ, у нас усё па-сямейнаму. Кожная гімназістка — усе яны для мяне як дочкі — лёгка можа падбегчы да дырэктара на перапынку і папрасіць парады. І мой кабінет для іх — не страшнае месца, куды выклікаюць выключна "на дыван". У нас па гімназіі (вы, пэўна, заўважылі) вельмі шмат яркіх канап, дзе гімназісткі могуць пасядзець, пашушукацца — як паміж сабой, так і з псіхолагам, класным кіраўніком.

Тут працуюць неабыякавыя людзі, якія прыйшлі ў прафесію, бо любяць дзяцей, а не з-за таго, што быў меншы прахадны бал у інстытуце. Абыякавыя ў нас не затрымліваюцца. Ім проста будзе некамфортна ў калектыве. Бо мы хварэем душой за кожнае дзіця: калі дзяўчынцы няма дапамогі ў сям'і, то мы — другая сям'я, якая павінна ёй дапамагчы.

У нас вучацца дзеці ў тым ліку і з няпоўных сем'яў. Наша задача — прывіць ім сямейныя каштоўнасці, патлумачыць, як важна мець поўную сям'ю, каб у будучыні яны не паўтарылі лёс сваіх маці. Ёсць сярод бацькоў і адзінокія таты. Тут наогул наш святы абавязак працаваць з гэтымі дзяўчынкамі. Мы павінны навучыць іх добрым манерам, гатаваць, шыць, правільна весці гаспадарку, ствараць утульнасць у доме.

— Якой, на думку дырэктара жаночай гімназіі, павінна быць сучасная беларуская дзяўчына?

— Мілай, добрай, разумнай, з актыўнай жыццёвай пазіцыяй, якая пастаянна імкнецца да самаадукацыі і самаўдасканалення, ведае, як сябе паднесці з лепшага боку, з добрымі манерамі, не ганарыстай.

— Што са зробленага на гэтай пасадзе асаблівая нагода для гонару?

— Тое, што гімназія паспяхова прайшла дзяржаўную акрэдытацыю: пацвердзіла свой статус жаночай і не перайшла ў шэраг звычайных школ. Гэта не толькі мая заслуга, гэта вялікае дасягненне ўсяго нашага дружнага калектыву.

— Дэвіз, якім кіруецеся па жыцці?

— Іх некалькі (усміхаецца) . У педагогіцы мой дэвіз: "Я працую для дзяцей, а не дзеці народжаныя для таго, каб даць мне працу". Імпануе мне і дэвіз нашай гімназіі: "Мы вучымся не для школы, а для жыцця". Я таксама пераканана, што нельга зрабіць чалавеку балюча на карысць сабе, ці, іншымі словамі, на чужым няшчасці шчасця не пабудуеш.

Пра ўрок, БелАЗ і вялікае няшчасце

Дырэктар жаночай гімназіі: Жаніцца і выходзіць замуж трэба па каханні
Фота Надзеі БУЖАН
Практычна ўсё маё жыццё
— кіраўніцтва. 9 гадоў адпрацавала намеснікам начальніка аддзела адукацыі Жодзінскага гарвыканкама, была намеснікам дырэктара трох розных школ. Да гэтага ж, як жонцы ваеннаслужачага, даводзілася шмат пераязджаць. Таму працавала і выхавальніцай у дзіцячым садку, і ў групе прадоўжанага дня. Хоць па спецыяльнасці я — настаўніца матэматыкі.

Урок — гэта 45 хвілін святога часу для стасункаў з дзецьмі. Не люблю, калі мяне адцягваюць падчас урока на нейкія адміністрацыйныя справы, і не дазваляю гэтага рабіць. Толькі ў экстранных выпадках. Бо, як паказвае практыка, большасць пытанняў могуць пачакаць паўгадзіны.

У дзяцінстве я была завадзілай, атаманам у кампаніі суседскіх дзяцей. Якасці кіраўніка, пэўна, закладзеныя ўва мне на генным узроўні. Мой тата — лаўрэат дзяржаўнай прэміі — быў галоўным інжынерам БелАЗа. Дзед у Маскве вельмі высокія пасты займаў.

Як дырэктару мне прыносіць найбольшае задавальненне, калі мае гімназісткі дабіваюцца нейкіх поспехаў: перамагаюць у конкурсах, алімпіядах, спаборніцтвах. Вось нядаўна дзяўчынка правезла з Еўропы кубак па самба. Прынесла яго, паказвае — і такое адчуванне, што я гэты кубак атрымала. Для мяне вельмі важна, што дзеці самарэалізоўваюцца. Вельмі прыемна, калі выпускніцы на вечары сустрэч кажуць, што задаволены выбарам прафесіі, што цяпер разумеюць, колькі ім дала гімназія. Радуюся, калі былыя гімназісткі ствараюць добрыя сем'і.

Мой сын — гэта маё дасягненне. Вельмі задаволена, што ён выбраў прафесію настаўніка. Хоць спачатку я яго вельмі адгаворвала, бо ведала, якая зарплата ў школе. Тым не менш, сын — таленавіты педагог, працуе ў адной з мінскіх гімназій, выкладае гісторыю і замежную мову. У конкурсе "Малады настаўнік Мінска" заняў 4 месца. Яго вельмі любяць дзеці, таму будзе шкада, калі ён сыдзе з гэтай прафесіі.

Тлумачым дзяўчатам, што вельмі важна выбраць любімую прафесію. Бо хадзіць на нелюбімую працу — гэта вялікае няшчасце, якое абавязкова адаб'ецца ў тым ліку і на сям'і.

Пра грымучую сумесь, тыльды і нерэалізаваныя жаданні

Няпроста быць жанчынай-кіраўніком. Бо гімназія — гэта не толькі дзеці і настаўнікі, гэта яшчэ і вялікая гаспадарка. І тут самае галоўнае, каб, калі сярод ночы пачуецца званок, што трубы прарвала ці што іншае, муж гэта разумеў.

Быць мужам жанчыны-кіраўніка не менш складана, чым жонкай ваеннага. У нашай сям'і ў гэтым плане грымучая сумесь. Мой муж быў камандзірам ваеннай часці. Пэўна, таму мы разумеем і падтрымліваем адзін аднаго. Да ўсяго мы яшчэ і аднакласнікі. Як дзяўчыну муж заўважыў мяне толькі на выпускным вечары. Я ж звярнула на яго ўвагу крыху раней. Мы, дзяўчаты, усё бачым крыху раней, чым хлопцы (смяецца).

Жаніцца і выходзіць замуж трэба па каханні. Не па разліку. І пры гэтым памятаць, што дарослага чалавека перавыхаваць нельга. Таму трэба выбіраць сабе тую палавінку, з недахопамі якой ты зможаш мірыцца. "Сцерпіцца — злюбіцца", лічу, гэта няправільна. І выходзіць замуж толькі таму, што прыйшоў час, таксама не варта.

У нас у сям'і была завядзёнка: летам падчас адпачынку садзіліся ў машыну і вывучалі, дапусцім, Брэсцкую вобласць. Пры гэтым жылі ў намётах. Для мяне гэта самы лепшы адпачынак. Я не езджу на мора, каб паляжаць, пазагараць. Мне гэта не цікава. Хутчэй сяду ў аўтобус і паеду на экскурсію. Пэўна, нешта перадалося і майму сыну. Ён дадаткова яшчэ працуе ў турыстычнай фірме экскурсаводам.

У вольны час займаюся рукадзеллем: шыю, вышываю крыжыкам. Вышыўку люблю дарыць, у тым ліку і гасцям гімназіі. Апошнім часам мяне зацікавілі тыльды — арыгінальныя лялькі, як правіла, з доўгімі нагамі і рукамі, якія прыдумала нарвежская мастачка Тоні Фінангер. Яны вельмі папулярныя ў Еўропе, а з нядаўняга часу і ў нас. Часта езджу ў тэатр, акрамя таго, з задавальненнем чытаю цікавыя кнігі. У мяне дома сур'ёзная бібліятэка, якую збірала не толькі я, але яшчэ і мой тата, дзед.

Вельмі люблю джынсы (смяецца), якія я ніколі не дазволю сабе надзець на працу. Ніколі ў жыцці не апрану нешта безгустоўнае, вульгарнае. Вульгаршчына ў маім разуменні не сумяшчаецца з жанчынай.

Талент — ад Бога. Але яго трэба своечасова разгледзець. І гэта задача бацькоў, большасць з якіх за штодзённымі клопатамі пускаюць усё на самацёк і не назіраюць за сваімі дзецьмі. Я лічу, што калі яны далі жыццё маленькаму чалавеку, то проста абавязаны знайсці час, каб дапамагчы яму выявіць свае здольнасці. Даць магчымасць паспрабаваць сябе ў розных гуртках і, як толькі заўважылі, што дзіцяці нешта падабаецца і гэта ў яго добра атрымліваецца, фінансава падтрымаць, стварыць умовы для развіцця дома. Часам, проста набыўшы фарбы, можна раскрыць талент.

Часам бацькі спрабуюць рэалізаваць свае нерэалізаваныя жаданні праз дзіця. Так, мая мама ў свой час не змагла паступіць у музычную школу, бо не было магчымасці набыць музычны інструмент. Таму яна, не раздумваючы, і адправіла мяне вучыцца іграць на фартэпіяна. Я пакутавала тры з паловай гады. І ўрэшце кінула "музыкалку", бо гэта было не маё. Навязваць сваё жаданне ў прафесіі, гуртках няправільна. У кожнага дзіцяці свой талент, і задача бацькоў яго заўважыць і развіць, а не думаць, як сябе дарэалізаваць.
←ГА “БАЖ” зноў хадайнічае пра змены ў заканадаўстве аб СМІ

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика