Памёр гісторык і адзін з айцоў руху за незалежнасць Міхась Чарняўскі

Источник материала:  
20.01.2013 15:01 — Новости Общества

Памёр гісторык і адзін з айцоў руху за незалежнасць Міхась Чарняўскі

Наша Ніва
Памёр гісторык і адзін з айцоў руху за незалежнасць Міхась Чарняўскі
Міхась Чарняўскі быў гісторыкам, археолагам, краязнаўцам. Ён быў у тым гурце людзей, якія ў савецкі час у Мінску прынцыпова гаварылі па-беларуску і фармавалі падпольны рух за незалежнасць.
 
Анкалагічная хвароба прыпыніла нястомную працу гісторыка і неўзабаве вярнулася.
Ён нарадзіўся 7 сакавіка 1938 года ў вёсцы Круці Мядзельскага раёна. Гісторыяй, археалогіяй захапіўся яшчэ ў дзяцінстве. Яшчэ ў юнацтве сутыкнуўся з улёткамі Смаргонска-Мядзельскага незалежніцкага падполля, групы Расціслава Лапіцкага. Яны выклікалі вялікія перажыванні ў душы падлетка, што і сам бачыў русіфікацыю і несправядлівасць савецкага рэжыму.
 
Вучыўся ў Мінску, стаў навукоўцам. Разам з Уладзімірам Караткевічам, Зянонам Пазняком быў удзельнікам клуба вальнадумнай беларускай інтэлігенцыі "Акадэмічны асяродак", разгромленага ў 1973–74. Міхась Чарняўскі тады быў звольнены з працы, сутыкнуўся з КДБ.
 
У 1988–1989 Чарняўскі быў сярод стваральнікаў Народнага Фронту, адраджаў сацыял-дэмакратыю.
 
Як навукоўца, Міхась Чарняўскі вывучаў нёманскую археалагічную культуру і крывінскі варыянт нарвенскай культуры, даследаваў крэмнездабыўчыя шахты ў Ваўкавыскім раёне, помнікі каменнага і бронзавага веку ў іншых мясцінах Беларусі. Удзельнічаў у падрыхтоўцы "Гісторыі беларускага мастацтва", "Археалёгіі Беларусі" і "Гісторыі Беларусі" ў шасці тамах. Кансультаваў энцыклапедыю "Археалогія і нумізматыка Беларусі" і Энцыклапедыю гісторыі Беларусі.
Міхась Чарняўскі напісаў і захапляльныя дзіцячыя кнігі пра старажытныя часы: "Страла Расамахі", "Вогнепаклоннікі".
 
Яго зацікаўленасці не абмяжоўваліся старажытнай гісторыяй. Дзеля папулярызацыі забытых старонак гісторыі Беларусі, Чарняўскі напісаў кнігі "Правадыр крылатых вершнікаў Ян Кароль Хадкевіч", "Дзесяць бітваў" і "Як пошуг маланкі. Расціслаў Лапіцкі". Апошняя вяртала гісторыі забытае імя аднаго з удзельнікаў пасляваеннага антысавецкага супраціву.
Гэтым летам Міхась Чарняўскі збіраўся здзейсніць даўнюю мару — зладзіць раскопкі гарадзішча ў роднай вёсцы. Цяпер гэта мусіць зрабіць ягоны сын, таксама археолаг. Пахаванне Міхася Чарняўскага адбудзецца 22 студзеня на радзіме, у вёсцы Круці Мядзельскага раёна Мінскай вобласці.
 
Прэс-служба БСДП паведамляе, што развітанне пройдзе ў Доме Смутку, што на Кабушкіна, 49 (заезд з вуліцы Куляшова, раён Партызанскага пр-та).
 
"Наша Ніва" выказвае самыя шчырыя спачуванні сям’і і блізкім сп. Чарняўскага.
 
←Леонардо Ди Каприо решил взять перерыв

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика