Ліпскі: Мы ведалі, што казкі напісалі ўнучкі Лукашэнкі, але творы выдатныя
15.01.2013 10:03
—
Новости Общества
Ліпскі: Мы ведалі, што казкі напісалі ўнучкі Лукашэнкі, але творы выдатныя

Нагадаем, што летась адзначалася 130-годдзе Якуба Коласа. Да юбілею музей пісьменніка абвясціў дзіцячы літаратурны конкурс. Узначаліў журы вядомы дзіцячы пісьменнік Уладзімір Ліпскі, галоўны рэдактар часопіса “Вясёлка”.
У каментары Еўрарадыё старшыня журы паведаміў, што творы на конкурс падаваліся не ананімна.
Ліпскі: "Пад уласнымі імёнамі. Мне падалі гэта — і я выказаў свае думкі".
Старшыня журы не баіцца, што за ўзнагароджанне ўнучак Лукашэнкі яго абвінавацяць у ліслівасці да ўлады.
Ліпскі: "Калі ласка! Хай пішуць што хочуць. Гэта сапраўды выдатныя казачкі, выдатныя сачыненні. І я асабіста ўнёс такую прапанову".
Ліпскі кажа, што ўнучкі кіраўніка дзяржавы падалі на конкурс беларускамоўныя казкі.
Ліпскі: "Па-беларуску. Адной восем гадоў, другой дзевяць. Вучыцца ў гімназіі. Выдатна! Каб усе дзеці нашы так сачынялі і пісалі..."
Дарэчы, адна з казак Дар'і і Насты Лукашэнак будзе надрукаваная ў часопісе "Вясёлка".
Усіх пераможцаў конкурсу будуць віншаваць 18 студзеня ў Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа. На цырымонію прыйдзе малодшы сын паэта Міхась Міцкевіч.